О родном языке

Жывая вада

Мне пашанцавала — я чуў жывую беларускую мову. Тую, якая для тых, хто на ёй размаўляў, была адзiнай i роднай. Другiх моў яны не ведалi. Калi ў вёску прыязджаў далёкi госць, то яго слухалi з цiкавасцю, спрабавалi зразумець, перапытвалi i казалi, як трэба называць тую цi iншую кветку, дрэва, месца ў лесе... У небе гарэлi зоркi, месяц, поўня, маладзiк, ветах... I вятры дзьмулi — гарачыя паўднёвыя, а калi сцюдзёныя, то паўночныя. I ўсё вяскоўцы маглi расказаць, на ўсё знаходзiлiся словы. Нiхто i не задумваўся, як назваць тую цi iншую рэч, з’яву, хваробу i страву. Слоў хапала на ўсё. 

disfo.ru

Мне паказвалi ў глыбокiм начным небе яркiя сузор’i з загадкавымi назвамi i блiскучую кропачку, якая павольна рухалася праз Млечны Шлях. Казалi, што гэта — спадарожнiк, якi людзi выправiлi ў космас, каб адтуль паглядзець на Зямлю. А праз колькi гадоў паказвалi такую ж зiхатлiвую кропку i расказвалi, што гэта касмiчная ракета i там касманаўт. Памятаю тыя цёплыя ночы, калi я з вясковымi хлопцамi стаяў на выгане i глядзеў у бясконцае начное неба...

Ад тых шчаслiвых часоў дзяцiнства прайшло больш за паўстагоддзя. Пазамiнулым летам я рамантаваў вясковы дом, зашываў франтон. Старая лесвiца зламалася, i я паляцеў. Вядома, каб у мяне былi крылы, то ўсё б скончылася весялей. Але паляцеў я на старыя дошкi. Хуткая дапамога прывезла мяне ў райцэнтр. Зрабiлi рэнтген. Высветлiлася, што я паламаў чатыры рабрыны. Хiрург уздыхнуў i паведамiў, што ляжаць мне тут тыднi два, i гэта ў самым лепшым выпадку. Занеслi мяне ў палату. Колькi там ляжала хворых, я не разгледзеў, так мне было кепска. Ляжаў у ложку, пакутаваў ад болю i глядзеў у столь. Зрабiлi ўкол, i я правалiўся ў цяжкi сон. 

Адбылося неверагоднае. Мне снiлася далёкае дзяцiнства. Што я ў тых бесклапотных часах, калi дзед i бабуля жывыя. Чую iхнiя галасы, прыслухоўваюся да размоў. Быў упэўнены, што мяне на ўсё лета прывезлi ў вёску. Прыходзяць у хату суседзi i гамоняць з дзедам i бабуляй, распытваюць пра мяне. А дзед просiць, каб мяне не чапалi i не будзiлi, каб далi адпачыць. Нехта гаворыць пра дровы, нехта пра бульбу, якую хутка трэба капаць. Пра справы сямейныя. Пахла ў тым сне яблыкамi i жоўтымi грушамi. Смачна пахла. Калi я прачнуўся, то здзiвiўся. Я не ў вёсцы, а ў бальнiчнай палаце, а вакол гавораць памiж сабой вяскоўцы, якiя трапiлi ў хiрургiю з рознымi праблемамi.

Гучала жывая беларуская мова, са знаёмымi, але забытымi словамi. Мае суседзi па палаце — людзi сталыя i вясёлыя. Яны жартавалi, сварылiся, гаварылi пра ўсё на свеце, частавалi мяне хатнiмi прысмакамi, распытвалi пра гарадское жыццё. Да iх прыходзiлi сваякi, дзецi, жонкi. Расказвалi пра тое, чым жывуць, i ўсе жадалi хутчэй папраўляцца. 

Мне з iмi было так добра, што я вельмi хутка пачаў папраўляцца. Нават дактары гэтай местачковай бальнiцы, якiя рабiлi ўколы, мералi цiск, давалi лекi, дзiвiлiся, што я падняўся i пачаў хадзiць не толькi па палаце, але i выходзiць у яблыневы сад. 

Немалады хiрург праз колькi дзён прыйшоў у палату з новымi здымкамi. Ён быў моцна здзiўлены. Агледзеў i абмацаў мае рэбры, панацiскаў, засмяяўся, зноў паглядзеў здымак, а потым параiў больш не лётаць i з вышынi не падаць.

Мяне выпiсалi не праз два тыднi, а праз пяць дзён. I сёння я ўпэўнены, што не толькi лекi прычына майго вельмi хуткага выздараўлення. Вы спытаеце што? Адкажу — родная мова. Можаце не верыць, але iншых прычын не бачу. Гэта праўда, калi кажуць, што яна — жывая вада.

ladzimir@tut.by 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter