Жывіце доўга! “Вайна мяне застала ў піянерскім лагеры “Азёры”, які знаходзіўся недалёка ад станцыі Масты на Гродзеншчыне.

Там адпачывалі дзеці з усёй Беларусі, у якіх родныя працавалі на чыгунцы. 22 чэрвеня 1941 года ў нас павінна было быць свята — адкрыццё лагера. Да многіх хлопчыкаў і дзяўчынак прыехалі бацькі, запрасілі артыстаў. Наш дом быў далёка ад гэтых мясцін, і да мяне ніхто не прыехаў. Ноччу на 22 чэрвеня мы пачулі гаворку, плач, але прычыны гэтага нам ніхто не сказаў. Бацькі, якія прыехалі на свята, забралі сваіх дзяцей, а нас, хто застаўся, сабралі вечарам, сказалі, што вайна. Абяцалі адвезці дадому. Раніцай пасадзілі на поезд. З намі быў начальнік лагера і два піянерважатыя. Мы крыху праехалі, і раптам наляцелі варожыя самалёты, пачалі бамбіць. Што было потым, нельга ўспамінаць без слёз. Падчас узрыву мяне засыпала зямлёй, так і ляжала. Пад вечар нас сталі збіраць піянерскім горнам. Пачула яго і стала крычаць. “Жывая? — спыталі ў мяне. — Ідзі шукай, хто
яшчэ застаўся жывы”. І я пайшла. Што ўбачыла, не выказаць словамі. Калі стала цямнець, вырашыла начаваць у лесе. І раптам зайграў горн. Пабегла на яго гук і сустрэла знаёмую дзяўчынку. Нас сабралася 27 чалавек. На світанку прыйшлі да горада Ліды. Зноў наляцелі фашысцкія самалёты, і мы пабеглі ў жыта. Затым нас сустрэлі добрыя людзі, адвялі ў будынак былога дзіцячага сада. У абед прывезлі дзвюх дзяўчынак з піянерскага лагера з-пад Баранавічаў. Ноччу прыехала машына без святла фар, і нас павезлі. Дарога была доўгая і цяжкая. Прыехалі ў горад Ульянаўск. Нас памылі, накармілі. Спачатку размеркавалі па кватэрах да людзей, а потым накіравалі ў дзіцячы дом у Куйбышаўскую вобласць. Там я вучылася потым у прафтэхвучылішчы і працавала фрэзероўшчыцай на прадпрыемстве. Усё гэта не забываецца. Вельмі хачу даведацца пра сяброў, разам з якімі зведала нягоды ваеннага часу. Хачу абняць іх, павіншаваць з 65-годдзем Вялікай Перамогі, якое хутка будзем святкаваць. Хачу сказаць ім: “Сябры мае, трымайцеся! Жывіце доўга”. Надзея Іванаўна Ліпінская, Камянецкі раён”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter