Актывісты беларускіх суполак Малдовы сустракаліся з Прэзідэнтам Беларусі ў Кішынёве і падарылі яму сімвалічную карціну мастака Вячаслава Ігнаценкі

Жыві ў радасці, Бацькаўшчына!

Актывісты беларускіх суполак Малдовы сустракаліся з Прэзідэнтам Беларусі ў Кішынёве і падарылі яму сімвалічную карціну мастака Вячаслава Ігнаценкі

kishinev.pngНам, беларусам Малдовы, надоўга запомніцца гэтая падзея — афіцыйны візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Рэспубліку Малдову. Аналітыкі расцэньваюць візіт як вельмі важны, гістарычны. Нагадаю, раней Аляксандр Лукашэнка быў у Малдове з афіцыйным візітам у верасні 95-га: тады ў Кішынёве афіцыйна адкрылася Пасольства Беларусі.

Сама я мела дачыненне толькі да аднаго з момантаў нядаўняй падзеі. І змагла пераканацца, колькі людзей, лёсаў, эмоцый, чаканняў, спадзяванняў і розных абставінаў сплятаюцца ў клубок, каб на вышэйшым узроўні прайшло такое мерапрыемства. Цалкам натуральна, што для беларускай дыяспары візіт Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, асабліва ж магчымасць сустрэцца з ім, былі для ўсіх вялікім гонарам, шчасцем. А для кагосьці і выпрабаваннем. Бо, калі ішла падрыхтоўка да сустрэчы, паўстала і пытанне: хто і што падорыць ад беларусаў Малдовы Прэзідэнту Беларусі?

Варта нагадаць: у беларускай дыяспары Малдовы сёння — цэлы дзясятак афіцыйна зарэгістраваных і дзеючых самастойна, а часта і супольна этнакультурных аб’яднанняў. Два з іх са статусам міжнародных, адно — рэспубліканскае, восем — муніцыпальных. І ўсіх нас яднае жаданне самаадданай, цалкам валанцёрскай, аднак сістэмнай працай сцвярджаць беларускую прысутнасць за мяжой. У суполках шмат заслужаных і таленавітых людзей, розных узростаў і прафесій. Вось і прыйшлося рабіць своеасаблівы кастынг сярод беларусаў Малдовы, вызначаючы тых, хто будзе на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі з суайчыннікамі.
Трымаць слова перад Прэзідэнтам адным з першых ад імя беларусаў Малдовы ўдастоіўся легендарны чалавек, сапраўдны герой нашага часу Уладзімір Віктаравіч Вайцяховіч — 90-гадовы ветэран Вялікай Айчыннай вайны, удзельнік Парада Перамогі 1945 года, доктар тэхнічных навук, Заслужаны педагог і грамадзянін Рэспублікі Малдовы. З кароткай, вельмі эмацыйнай і яркай прамовы Уладзіміра Віктаравіча да Аляксандра Рыгоравіча асабліва запала мне ў сэрца фраза: “Дзякую за бездакорнае служэнне маёй роднай Беларусі!”

Мне ж як старшыні Беларускага культурнага руху Малдовы выпаў гонар сустракаць хлебам-соллю і вітаць на роднай беларускай мове абодвух прэзідэнтаў — Беларусі і Малдовы. Асабліва каштоўным стала для ўсіх нас, што і Аляксандр Рыгоравіч выказаў словы падзякі суродзічам таксама па-беларуску.

kishinev2.pngЗа кадрам падзеі, сказалі б журналісты, застаўся цікавы факт, якім хачу падзяліцца з чытачамі “Голасу Радзімы”. Гэта Беларускі культурны рух Малдовы вылучыў ініцыятыву: падарыць ад беларусаў Малдовы Прэзідэнту Беларусі карціну вядомага беларускага мастака з Малдовы Вячаслава Ігнаценкі. Ідэю падтрымала большасць этнасуполак дыяспары, адобрылі ў Пасольстве. Урэшце спынілі выбар на ўнікальнай карціне пад назвай “Вясна — лета”. Яна нагадвае пра тое, як менавіта ўлетку, а можа і на мяжы паміж вясною і летам, здараецца ўсплёск светлых, можна сказаць, вясновых пачуццяў: хочацца жыць, і верыцца ў самае лепшае. Пейзаж “Вясна — лета”— гэта ж і сімвалічнае пажаданне ад беларусаў Малдовы роднай Беларусі: жыві ў радасці, Бацькаўшчына! Усяго табе самага яркага, самага прасветла-сонечнага. Хай жа застануцца ў мінулым няшчасці ды маразы, хай толькі самае прыгожае будзе наперадзе, калі хочацца дыхаць поўнымі грудзьмі і радавацца, што ты жывеш на гэтай райскай зямлі! Вось такі каштоўны мастацкі артэфакт, які сімвалізуе радасць і годнае, шматколернае жыццё як у першую раніцу лета, і стаў падарункам ад усіх нас Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь. Свой твор Вячаслаў Ігнаценка асабіста перадаў ад імя ўсёй беларускай дыяспары Малдовы Аляксандру Лукашэнку. На што Прэзідэнт адказаў: “Дзякуй. Гэта — у Палац Незалежнасці”. Дарэчы, у розных СМІ Беларусі прайшла інфармацыя, быццам падарункам Прэзідэнту ад нас было нейкае драўлянае пано, а на самай справе — прыгожы высокамастацкі твор.

Мы вельмі рады, што цяпер карціна “Вясна — лета” будзе знаходзіцца ў Мінску, у новым Палацы Незалежнасці. Гэта шчырае прывітанне ад беларусаў Малдовы і пажаданне ўсяго самага найлепшага роднай Беларусі. Гэта і сімвал нашай бездакорнай веры ў яскравую, светлую будучыню Маці-Радзімы.

Ганна Мазур, старшыня праўлення Беларускага культурнага руху Малдовы

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter