Уладзімір Радзівілаў пра спеўны дар і рэдкі жанр музычнай пародыі

Жыццёвы гумар Радзівілава

Гучнае імя — Уладзімір Радзівілаў — сёння добра вядомае многім. Так, гэта той самы Радзівілаў, які практычна адзін к аднаму капіруе галасы шматлікіх эстрадных зорак, выхадаў якога ў канцэртах заўсёды чакаюць і падоўгу не адпускаюць са сцэны, той, які ўжо больш за 20 гадоў чаруе на «ёлках» у ролі галоўнага Дзеда Мароза краіны і якога, відаць, смела можна назваць адзіным нашым сапраўдным майстрам песеннай пародыі.

У жыцці заслужанага артыста Беларусі Уладзіміра Радзівілава сёлета дзве значныя падзеі: першая — 17 красавіка яму спаўняецца 55, і другая — ён адзначае 30-годдзе сваёй сцэнічнай дзейнасці.

— Уладзімір, адкуль ведзяце адлік творчай біяграфіі?

— Ад часу вучобы ў Мінскім музычным вучылішчы імя М. Глінкі. Бо ўжо студэнтам другога курса вакальнага ад-дзялення ў канікулы працаваў артыстам Белдзяржфілармоніі. У канцэртах у мяне быў свой, напісаны спецыяльна для мяне нумар хвілін на дваццаць. У ім быў прадстаўлены і размоўны жанр — пародыі на акцёраў Папанава, Міляра, Новікава, і песні – Зыкінай, Лешчанкі, Талкуновай, Кікабідзэ. Вельмі цёпла, скажу вам, мяне прымалі.

— Але ж пачыналася ўсё яшчэ раней...

— Калі зусім дакладна, то спачатку ва Уздзенскай школе № 1 імя Пушкіна, дзе ў нас быў вакальна-інструментальны ансамбль пад кіраўніцтвам Уладзіміра Будніка. Грымелі мы на ўвесь раён. Абслугоўвалі культурна насельніцтва на вяселлях, юбілеях, у мясцовым рэстаране «Нёман». Артыстам ВІА «Імпульс»  быў я і ў арміі. Якія ў той час танцы мы з хлопцамі ігралі ў бабруйскім Доме афіцэраў!..

— А забіралі ж у армію слесара чацвёртага разраду і вадзіцеля аўтабазы.

— Так, хлеб па Уздзенскiм раёне на ГАЗ-66 развозіў. Але гэтыя спецыяльнасці на армейскай службе не спатрэбіліся, адразу ў ансамбль мяне прызначылі. 

— Ад каго ў спадчыну атрымалі  пеўчы талент?

— У нашай вялікай і дружнай радні ўсе добра спявалі і ігралі на розных музычных інструментах. Але галоўнае, думаю, ад мамы. Колькі песень мы з ёй пераспявалі – не злічыць. У яе быў тоўсты спеўнік, змест яго я з дзяцінства ведаў на памяць. Бывала, у Круглым, мама працавала там поварам у сталоўцы, сяджу малы зімой на печцы і ёй падпяваю, а яна гатуе.

А капіраваць галасы пачаў у школьныя гады. Першымі аб’ектамі маіх эксперыментаў былі настаўнікі, сябры. Пасля захапіўся вядомым тады парадыстам Віктарам Чысцяковым. У мяне была яго пласцінка, вельмі любіў яе слухаць. Цяпер разумею, гэта быў сапраўдны геній пародыі. 

Ну а дыпламаваным прафесіяналам размоўнага жанру, пародыі і канферансу я стаў пасля заканчэння Усерасійскай творчай майстэрні эстраднага мастацтва ў Маскве. Кіраваў ёй народны артыст Расіі Леанід Маслюкоў – прызнаны майстар эстрадна-цыркавога мастацтва. Калі хто памятае, у яго быў славуты акрабатычны нумар, дзе ён трымае сваю партнёршу на далоні выцягнутай рукі. Магутны, прыгожы быў мужчына і артыст. 

З Масквы ў Мінск я вярнуўся з новымі канцэртнымі нумарамі, пародыямі. Але праз нейкі час вырашыў павучыцца яшчэ – закончыў наш універсітэт культуры і мастацтваў.

— У вашай калекцыі не менш за 60 галасоў, але практычна ўсе – вядомых расійскіх артыстаў. Нашы – па-за пародыяй?

— Ёсць і нашы, але сапраўды няшмат. Бо ў поле зроку парадыста трапляюць, канешне, толькі самыя яркія, самабытныя артысты, тыя, каго гледачы ведаюць, любяць, пазнаюць беспамылкова. Нашы няблага спяваюць таксама, але ёсць у іх выкананні нейкае падабенства, бы адна школа. А вось вазьміце Аляксандра Сярова, ці Мусліма Магамаева, ці Льва Лешчанку – кожны індывідуальнасць, ні з кім іншым не зблытаеш. У гэтым жа шэрагу, напрыклад, наш Уладзімір Мулявін. Дарэчы, у мяне ёсць на яго дзве пародыі. Уладзімір Георгіевіч іх чуў у свой час, і яны яму спадабаліся. 

— А сваім голасам спяваеце, вы ж прафесійны вакаліст?

— Канешне. Напрыклад, у праграме да свята 8 Сакавіка, там шмат песень выконваў і нашых аўтараў, і замежных. Вельмі старанна, некалькі месяцаў яе рыхтаваў, рэпертуар падбіраў, каб самыя прыгожыя і ўзнёслыя словы пра жанчын у ёй гучалі. 

— Дарэчы, хто піша тэксты да вашых пародый і маналогаў?

— І сам, і аўтары – мінчанін Васіль Найдзін, а ў Віцебску — Віктар Ганчароў. Наогул, добрага аўтара знайсці складана. Дакладней, такога, каб адчуў менавіта тваю акцёрскую індывідуальнасць, твой творчы напрамак. 

— Ваш напрамак – які?

— Дабрыня, любоў. Каб не было пошласці ў маналогу. Не люблю нейкія палітычныя ўхілы. Я – за добры жыццёвы гумар.

— Часта гавораць, што гумарысты ў жыцці людзі даволі змрочныя.

— Тады я — выключэнне з гэтага пра-віла. Напэўна, усе, хто мяне ведае, могуць пацвердзіць: па жыцці я стараюся ісці з гумарам. Праўда, ускіпець іншы раз магу, але адыходжу хутка. Ну а на сцэну – з добрым настроем і ўсмешкай абавязкова. Для таго я і артыст. Мая справа — весяліць людзей.

— Як дзве свае «пяцёркі»  адзначаць будзеце?

— З невялікай адтэрміноўкай, пост жа ідзе, а я прытрымліваюся. Так што пакуль замест застолля на выхадныя на дачу паеду, пагляджу, як там пасля зімы. 

— Значыць, свой кропчык, гурочак – гэта пра вас?

— Гэта пра маю жонку Таццяну Аляксандраўну. У нас зараз усе падаконнікі ў кватэры расадай застаўлены – памідоры, перцы, сельдэрэй… Усё нейкія рэдкія сарты. А мой клопат – ружы. Розныя растуць – і дробненькія, і буйныя, і тыя, што ўюцца. Прыгажосць летам выключная!

— У вас жа дом у вёсцы. Суседзі да артыста заходзяць ці саромеюцца?

— Мы добра ладзім. Я ж хлопец просты, сам з гэтых мясцін – уздзенскі. Памятаю, калі набываў дом, суседзі казалі жартам: «Радзівілы вяртаюцца». Наогул, вельмі люблю з вяскоўцамі па-свойску пагаманіць. Гэта – сапраўднае задавальненне. Слухаеш – і такое багацце інтанацый, акцэнтаў, манер гаварыць, смачных слоў. Іншы раз тое-сёе і для сваіх маналогаў занатоўваю, каб пасля выкарыстаць. 

— З вашым гучным прозвішчам магнацкія карані шукаць не спрабавалі?

— Не, бо гэта наўрад. Хаця Узда ад Нясвіжа недалёка… Дарэчы, некалькі гадоў таму здымалі тэлефільм «Радзівілы. Тайны сям’і», дык мяне запрасілі паўдзельнічаць. Смяяліся тады, што Радзівілаў – ну выліты Пане Каханку і гэткі ж весялун.

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter