Жыццё з ракой у ладзе

Два новыя дакументальныя фільмы створаны з вялікім натхненнем і любоўю да жыхароў адметнай вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна ГомельшчыныЛетась некалькі разоў здымачная група Белвідэацэнтра выязджала на Палессе: дакрануцца да вечнасці і папрацаваць. Аўтары сцэнарыя Юрый Ігруша і Рэгіна Гамзовіч, рэжысёр і аператар Ігар Бышнёў штомесяц станавіліся сведкамі народных дзеяў — жывых абрадаў і традыцый, што захаваліся ў Пагосце з даўніх часоў. Створаны два кранальныя фільмы. У стужцы “Дачка Прыпяці” галоўнай гераіняй стала самабытная жанчына-паляшучка, а ў фільме “Кола часу” да дробязяў зафіксаваны традыцыйны побыт і культура палескай глыбінкі.
Два новыя дакументальныя фільмы створаны з вялікім натхненнем і любоўю да жыхароў адметнай вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельшчыны

Кацярына Панчэня прадзеЛетась некалькі разоў здымачная група Белвідэацэнтра выязджала на Палессе: дакрануцца да вечнасці і папрацаваць. Аўтары сцэнарыя Юрый Ігруша і Рэгіна Гамзовіч, рэжысёр і аператар Ігар Бышнёў штомесяц станавіліся сведкамі народных дзеяў — жывых абрадаў і традыцый, што захаваліся ў Пагосце з даўніх часоў. Створаны два кранальныя фільмы. У стужцы “Дачка Прыпяці” галоўнай гераіняй стала самабытная жанчына-паляшучка, а ў фільме “Кола часу” да дробязяў зафіксаваны традыцыйны побыт і культура палескай глыбінкі.
Не толькі тых, хто цікавіцца аўтэнтычнай беларускай культурай, кране за жывое фільм “Кола часу”.
Звычаі, побыт, абрады палешукоў з вёскі Пагост адлюстраваны ў новых фільмах У яго арганічна ўвайшлі ўсе абрады, праз якія ачышчаюць душы, адладжваюць сувязь паміж сабою і з Небам жыхары вёскі. Адзнятыя клопаты вяскоўцаў і святочныя дзеі на Ражаство і Шчадрэц, абрад “Гуканне вясны” ў апошні дзень Масленіцы і на Саракасвятых 22 сакавіка, звычаі памінання продкаў, свята Юр’я, старажытны абрад “Жаніцьба Коміна” на свята Галавасека 11 верасня і іншыя. Дарэчы, усе гэтыя абрады, звычаі сёння беражліва захоўваюцца і прадаўжаюцца фальклорна-этнаграфічным гуртом “Міжрэчча”, створаным у Пагосце яшчэ ў 80-х гадах мінулага стагоддзя.
Сапраўды, Пагост — вёска незвычайная, вядомая старадаўнімі традыцыямі. Узяць хаця б абрад “Юраўскі карагод”. У 2004 годзе яму быў нададзены статус нематэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасці Беларусі, абрад узяты пад ахову дзяржавы. А ў 2010-м невялічкая беларуская вёсачка праславілася на ўвесь свет: у рэйтынгу СNN сярод мясцін, дзе найбольш цікава адзначаюцца Каляды і Стары Новы год, Пагост быў названы на трэцім месцы.
Адметна, што святочныя традыцыі, абрады ў вёсцы сапраўды жывыя. “Разам з дарослымі ў абрадах удзельнічаюць і дзеці, — гаворыць Рэгіна Гамзовіч. — На жаль, жыхароў у Пагосце ў апошні час значна паменшала. Але павадзіць традыцыйныя карагоды ды пагукаць вясну збіраецца моладзь з усёй акругі”.
А пра жанчын-працаўніц, якія нарадзіліся і жывуць на Палессі, на беразе Прыпяці, зняты фільм “Дачка Прыпяці”. Галоўная гераіня стужкі — стваральніца гурта “Міжрэчча” Кацярына Панчэня. Жанчына шмат ведае легендаў і паданняў пра паходжанне вёскі, пра раку…
Звычаі, побыт, абрады палешукоў з вёскі Пагост адлюстраваны ў новых фільмахАд бацькі свайго, славутага на ўсю акругу музыкі-баяніста, навучылася яна музыцы, ад маці — спяваць і танчыць. Як і іншыя жанчыны ў вёсцы, Кацярына Аляксееўна тчэ, вышывае, робіць выцінанкі, саламяных павукоў, а ўлетку працуе на агародзе. І кожны занятак свой заўсёды суправаджае песняй. Сялянка і ў сваёй сям’і перадае тыя веды і звычаі, што захоўвае. Сыны яе былі добрымі гарманістамі. Умеюць працаваць з саломкай і ніткамі ўнукі. А ў фільме вельмі ўражваюць тыя кадры, дзе бабуля маленькай праўнучцы спявае на ноч калыханку…
Пагастчане жывуць у прыгожым куточку Усходняга Палесся, дзе багатая ўрадлівая глеба, дзе жанчыны спрадвеку займаліся земляробствам, а мужчыны рыбалоўствам і паляваннем. Лясы там — багатыя на грыбы і ягады, а балоты — на журавіны і лекавыя травы. Дый увогуле прырода там дзівосная. Таму, бадай, і душы жанчын, што жывуць па берагах Прыпяці, такія чыстыя і прыгожыя. “У фільме “Дачка Прыпяці” нам удалося адлюстраваць творчасць і лёс Кацярыны Панчэні, і пункцірна, у працы, іншых сялянак, — гаворыць Рэгіна Гамзовіч. — Аднак вобраз гэты характэрны і для іншых палескіх жанчын”. Галоўнае ў тым жыцці — у згодзе з сабою, з прыродай, з ракою Прыпяццю — асяроддзе, праца, памяць пра памерлых і клопат пра жывых. Палешукі паважаюць традыцыйную культуру і веру хрысціянскую: у іх побыце яны не канфліктуюць, а жывуць суладна.
Паказ фільмаў “Дачка Прыпяці” і “Кола часу” прайшоў у мінскім кінатэатры “Цэнтральны” і ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Хутка яны выйдуць у шырокі пракат. А пад час здымак, прызналася Рэгіна Гамзовіч, набрана столькі матэрыяла, што і яшчэ на адзін фільм хопіць.

Кацярына Мядзведская

На здымках:
Кацярына Панчэня прадзе
Звычаі, побыт, абрады палешукоў з вёскі Пагост адлюстраваны ў новых фільмах
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter