Жарт перакрэсліў каханне

Гісторыя з канверта прымушае яшчэ раз задумацца, як няпроста дваім зберагчы сваё пачуццё

Гісторыя з канверта прымушае яшчэ раз задумацца, як няпроста дваім зберагчы сваё пачуццё

Гэты ліст пра страчанае каханне не зусім звычайны. Справа ў тым, што напісала яго не гераіня гісторыі, а яе пляменніца. Ганна Ганчарык з Мар’інай Горкі вельмі хоча, каб яе цётачка, Лідзія Іванаўна Камінская (дзявочае прозвішча Канановіч), якая ў 1946 годзе нарадзілася ў вёсцы Слабада Валожынскага раёна, адшукала дарагога яе сэрцу чалавека. Вось што яна паведаміла: “Больш за 40 гадоў мая цётачка не можа забыць сябра маладосці, хлопца з Малдовы Леаніда Васільевіча Кажакару, прыкладна 1946—1947 года нараджэння. Сустрэліся яны ў Казахстане, у горадзе Цалінаградзе. У 1966 годзе Леаніда прызвалі ў армію, а цётачка паехала ў Беларусь. Служыў Леанід у горадзе Ленінскім у вайсковай часці № 44108. Маладыя людзі перапісваліся. А аднойчы цётачка атрымала ліст, які напісаў не Леанід, а яго сябар. Яна пакрыўдзілася і паведаміла ім, каб больш не турбавалі. Леанід потым прасіў прабачэння, тлумачыў, што сябры пажартавалі з яго. Але дзяўчына чамусьці не даравала”.

Эх, маладосць, бурапенная, безапеляцыйная... Але мінаюць гады (у гэтым выпадку больш як 40!), а чалавек, ад якога маладзенькай дзяўчынай Лідзія Іванаўна так проста адмахнулася, не выходзіць з галавы. “Хачу даведацца, як склаўся лёс майго сябра, — кажа Лідзія Іванаўна. — У сям’і Леаніда было 10 братоў і сясцёр. Калі не ён, то, можа, хто-небудзь з яго родных адгукнецца”.

Мы таксама будзем рады штосьці даведацца пра гэтага чалавека, каб потым паведаміць інфармацыю нашай чытачцы з Мар’інай Горкі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter