Премьера в Большом: Юрий Троян подготовил историю Анастасии Слуцкой в ​​балетном воплощении

Жанна д’Арк на наш лад

У апошнія дні кастрычніка ў Вялікім будзе грандыёзная прэм’ера. Праз пяць гадоў пасля пастаноўкі «Вітаўта» народны артыст Беларусі Юрый Траян рыхтуецца здзівіць чарговым аўтарскім балетам «Анастасія». У двух гэтых спектакляў адны гістарычныя карані, але новая пастаноўка не стане сюжэтным працягам. Больш за тое, абяцаюць: яны будуць зусім розныя. 

Заслужанай артыстцы Беларусі Ірыне Яромкінай даверылі ролю Анастасіі, а заслужанаму артысту Антону Краўчанку — Сямёна.
Фота Паўла Сушчанкi

• Раз у пяць гадоў

Першыя чуткі пра пастаноўку гэтага балета пайшлі яшчэ пяць гадоў таму. Амаль адразу пасля прэм’еры «Вітаўта». Адзін нацыянальны праект за другім? Гэта і сапраўды сталася б дзіўным. Юрый Траян гаворыць, што наўмысна нічога не зацягваў. Працэс гэта сапраўды складаны, і не ўсё залежыць толькі ад балетмайстра. Але раз у чатыры-пяць гадоў не тое што можна, мы нават павінны ставіць такога кшталту балеты.

Ды ёсць адзін нюанс: дзе іх браць? Сёння рэдкі кампазітар возьмецца за вялікія жанры. Прычына банальная: попыту няма, а пісаць у стол — марная праца. З «Анастасіяй», што называецца, сышліся ўсе зоркі. На пытанне «Як паставіць балет з нуля?» Траян адказвае:

— Чым бліжэй да прэм’еры, тым менш прачынаешся. Бо заснуць немагчыма. Выратоўвае толькі снатворнае. А калі сур’ёзна, то спачатку павінна з’явіцца ідэя. Потым паплечнікі.

З апошнімі балетмайстру пашчасціла. З Вячаславам Кузняцовым яны зблізіліся яшчэ падчас «Вітаўта». Сваё бачанне будучага спектакля Юрый Антонавіч выклаў у схемах кампазітару, той і ўзяўся за справу. Але які балет без лібрэта? Вядома, можна знайсці чалавека, які мае ў гэтым досвед. Ды Траян выбраў іншы шлях: з аднаго боку, больш просты, з іншага — больш складаны. Ён звярнуўся да драматурга, які ніколі не меў спраў з балетам, затое напісаў сцэнарый да таго самага фільма «Анастасія Слуцкая». Анатоль Дзялендзік падарыў некалькі сваіх кніг: маўляў, выбірайце, што больш падабаецца. Балетмайстар прагледзеў творы і вырашыў злучыць некалькі ліній:

— Анастасія кіравала абаронай Слуцка. Гэта гістарычны факт, але мне цікава паказаць перадгісторыю. Праз што прыйшлося прайсці гэтай далікатнай жанчыне, як яна змагла сабраць войска і павесці яго за сабой. 

• На мове цела

Сюжэт пастаноўкі балетмайстар катэгарычна не раскрывае. У той жа час не хавае: балет — гэта не гістарычнае даследаванне. Гэта, так бы мовіць, харэаграфічная легенда, куды ўпісваюцца факты, якія адбываліся ў лёсе галоўных герояў: Анастасіі, яе мужа Сямёна Слуцкага, князя Міхаіла Глінскага, хана Ахмата і яго дачкі Заіры.

Заслужаная артыстка Беларусі Ірына Яромкіна, адна з выканаўцаў галоўнай ролі, пацвярджае, што сюжэт балета ў прынцыпе не можа паўтараць тое, што мы бачылі ў фільме, і нават тое, што адбывалася на самай справе. Карэкціроўкі зроблены пад той спосаб выражэння, якім валодаюць артысты балета. Прасцей кажучы, перакладзены на мову цела.

Ці будзе гэта зразумела гледачу? Уласна, Траян і б’ецца над гэтым не першы месяц. І прызнае: калі гледачы нешта не зразумеюць, значыць, гэта яго недапрацоўка. Наогул, балетмайстар прапаведуе тую ж харэаграфію, што і ў «Вітаўце». Ніякіх ультрасучасных наваротаў не будзе. Не тое што ён супраць іх. Проста гэта не той выпадак, дзе можна прыдумляць нейкія дзівосы. Азначэнні «нацыянальны» і «гістарычны» гавораць самі за сябе. Таму Траян робіць класічную харэаграфію. Тое, за што некалі атрымаў званне народнага артыста, і тое, за што ўзнагароджаны Нацыянальнай тэатральнай прэміяй як пастаноўшчык.

• З шасці да трох

Нечаканасцю стала ўбачыць асістэнтам у Юрыя Антонавіча заслужанага артыста Беларусі Антона Краўчанку. Не хвалюйцеся, як артыста мы яго не губляем. У той жа «Анастасіі» ён выконвае ролю Сямёна. Проста вырашыў паспрабаваць свае сілы ў рабоце харэографа. Ён восем гадоў выкладае ў кале-джы, але тут зусім іншая справа. Прыдумаць ідэю, увасобіць яе ў танцы, уявіць сцэнаграфію, свет і гэтак далей — ён схіляе галаву перад балетмайстрамі, якія за такое бяруцца: «Я заўсёды разумеў, што гэта складаная работа, цяпер пераканаўся сам. Не ўпэўнены, што гэта мой шлях».

Сам жа мастацкі кіраўнік балета вельмі задаволены асістэнцтвам Антона. Яны заўсёды размаўлялі на адной мове як балетмайстар і артыст, цяпер знайшлі агульныя падыходы і як харэографы. 

— Мне патрэбен чалавек, з якім не толькі можна параіцца, але і паспрачацца. Я хацеў, каб памочнік адкрыта мог сказаць мне: «Юрый Антонавіч, вось тут дрэнна. Трэба зрабіць інакш». Таму Антон, які падчас вельмі насычанай кар’еры здолеў атрымаць яшчэ і эканамічную адукацыю ў Акадэміі пры Прэзідэнце, — найлепшы варыянт. Ён вельмі разумны чалавек, з якім заўсёды цікава працаваць.

Не ўзнікла ў балетмайстра праблем і з выбарам выканаўцаў галоўных роляў. Ён жа ўсю трупу ведае як свае пяць пальцаў, некаторых сам выгадаваў. Больш за тое, уяўляе не толькі іх харэаграфічныя даныя, але і артыстычныя здольнасці:

— Ёсць у артыста патрэбная чароўнасць — яго роля, няма — зусім іншага. Я адразу бачу, што гэтая будзе Анастасіяй, а другая ніколі яе не станцуе. Затое стане геніяльнай Заірай.

У выніку пастаноўшчык набраў адразу шэсць саставаў. Праўда, у працэсе рэпетыцый засталіся толькі тры. Прэм’еру дадуць тыя, хто аказаўся больш падрыхтаваным. Надалей і ў іншых з’явіцца шанц.

Ірына Яромкіна заўважае, што артыстам заўсёды падабаецца, калі ставяць харэаграфію менавіта пад іх пластыку. З замежнымі пастаноўшчыкамі ў гэтым плане працаваць больш складана. Траян жа, ведаючы не толькі ўсе харэаграфічныя нюансы артыста, але і магчымасці, выціскае з яго максімум здольнасцей.

А вось Такатошы Мачыяма Юрый Антонавіч вырашыў паспрабаваць у амплуа, у якім японскі беларус раней не працаваў. Ён выканае ролю хана: 

— Ахмат — разумны, хітры камандзір, які мае жорсткі характар і ўмела камандуе сваімі салдатамі. Такіх роляў у мяне яшчэ ніколі не было. Таму мне няпроста. Але Юрый Антонавіч тлумачыць усё да дробязей.

— Па-першае, само прозвішча Такатошы Мачыяма гаворыць пра тое, што гэта ўсходні чалавек, як і яго герой. Таму ён можа выходзіць на сцэну без грыму, — з усмешкай тлумачыць Траян свой выбар. — Па-другое, Такатошы — вельмі завадны хлопец, што нам і патрэбна. У яго добра атрымліваецца перадаваць неабходныя эмоцыі.

Словам, спяшайцеся набыць квіток на новы балет. Такія праекты заўсёды вартыя ўвагі. А тут яшчэ і гісторыю пра моцную жанчыну ўзгадаеце.

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter