«Жалейка» на далоні

«Нацыяналцы» падаравалі мініяцюрнае выданне твора Купалы

Унікальнае мініяцюрнае выданне твора Янкі Купалы падорана Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя і перадача ёй у дар мініяцюрнага выдання «Жалейкі» Янкі Купалы. Вершаваны двухтомнік беларускага класіка лёгка змяшчаецца на далоні. Памер кожнай кніжачкі не больш за пачак запалак, калі дакладна, то ўсяго 35 на 47 міліметраў. Тым не менш у першым томе — 282 старонкі з 63 вершамі, у другім на 288 старонках змешчаны 35 вершаў.

Мініяцюрная «Жалейка» выпушчана адным з прыватных выдавецтваў Баку абмежаваным тыражом — толькі 50 экзэмпляраў. Дарэчы, аднымі з першых маглі ўбачыць унікальны зборнік наведвальнікі і ўдзельнікі нядаўняй ХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу на экспазіцыйным стэндзе Азербайджана.

Стваральнік высокамастацкага выдання — Зарыфа Салахава, дырэктар Музея мініяцюрных кніг у Баку і старшыня Рэспубліканскага таварыства «Кніга». Надрукаваны дзякуючы яе энтузіязму і фінансавай падтрымцы Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Кангрэс азербайджанскіх абшчын Беларусі» зборнік з’яўляецца паменшанай копіяй арыгінальнага выдання «Жалейкі» 1908 года. Факсіміле арыгінальнага тэксту твора прадаставілі азербайджанскім калегам супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Прэзентацыя і перадача ў дар унікальнага выдання прымеркаваны да святкавання 20-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Азербайджанскай Рэспублікай.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter