Зерне — у засек, пачаткi — у печ

Гаспадаркi Калiнкавiцкага раёна паляць у катлах кукурузу

Практычна дармавое палiва для вытворчых кацельных пачалi актыўна выкарыстоўваць у некаторых гаспадарках Калiнкавiцкага раёна. Па iнфармацыi намеснiка старшынi райвыканкама Iвана Пiлiпца, тут знайшлi сваё прымяненне ачышчаныя ад зерня пачаткi каралевы палёў. Эфектыўнасць альтэрнатыўнага палiва ўжо праверылi ў аддзяленнi Юравiчы СПК «50 год БССР», дзе ўстаноўлены эканамiчны газагенератарны кацёл. Атрымалася, што для дзевяцi гадзiн поўнай загрузкi катла патрэбна каля 30 кiлаграмаў пачаткаў, якiя ў гаспадарцы раней выкарыстоўвалiся для прыгатавання арганiкi.

Па разлiках спецыялiстаў, дроў спатрэбiлася б у чатыры разы больш, ды i затраты на iх нарыхтоўку непараўнальныя. Лепшае прымяненне кукурузным пачаткам у блiжэйшы час планiруюць яшчэ ў некаторых сельгаспрадпрыемствах раёна, дзе манцiруюцца новыя энергаэфектыўныя катлы — КСУП «Прудокскае», СПК «Дружба-Аўцюкi» i iншых. З палiвам, запэўнiваюць у райсельгасхарчы, праблем не будзе: штогод у гаспадарках раёна, многiя з якiх займаюцца вырошчваннем кукурузы на зерне, накоплiваецца каля двух тысяч тон пачаткаў, у той час як для спальвання ў адным катле на ацяпляльны сезон патрэбна iх каля 8 тон. Зрабiўшы першы крок у выкарыстаннi альтэрнатыўных вiдаў палiва, калiнкавiчане мяркуюць пайсцi далей: устанавiць у раёне прэс-змяльчальнiк. Праверана: у брыкетаваным выглядзе пачаткi характарызуюцца больш высокай цеплааддачай i працягласцю гарэння.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter