Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Дадзены старт дзясятай Беларускай антарктычнай экспедыцыі

Зазірнуць за небасхіл

Афіцыйны пачатак экспедыцыі прыйшоўся на 8 лістапада: былі праводзіны. Самі палярнікі, а таксама кіраўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук сустрэліся з тымі, хто мае інтарэс да гэтай тэмы. Гаварылі пра моладзь у навуцы, пра рэжым і ўмовы жыцця палярнікаў, тэхнічнае аснашчэнне станцыі, пра магчымасць стаць членам палярнай каманды. Якая, дарэчы, толькі днямі адправілася ў шлях да Паўднёвага полюса Зямлі.

У гэтых блоках антарктычнай станцыі абжываюцца беларускія палярнікі

“А навошта?” Такое пытанне з вуснаў сучасных прагматычных юнакоў пачуеш найчасцей. Ну навошта нам край ледзянога бязмоўя за тысячы кіламетраў ад Беларусі? “На мікрапобытавым узроўні такое пытанне зразумелае, — па-філасофску адказваў Аляксей Гайдашоў, начальнік экспедыцыі. Падаецца мне, за 10 гадоў прытаміўся ён ужо некага ў нечым пераконваць. — Чалавек можа пабудаваць дом, палацы, апрануцца ў шоўк... А што далей? Чалавек разумны ідзе шляхам пазнання. Яго хвалюе: дзе пачатак, дзе канец Зямлі, Сусвету, чаму нешта адбываецца так, а не інакш? Толькі ў гэтым — у памкненні спазнаць далёкае, нязведанае — і выяўляецца ў прынцыпе глыбінная сутнасць чалавека разумнага”. Акадэмік Уладзімір Логвінаў, які шмат зрабіў для наладжвання беларускіх экспедыцый, прадоўжыў: прысутнасць беларусаў у Антарктыдзе задумвалася як доўгатэрміновая геапалітычная праграма. Ягонае меркаванне: “Мы не можам вузка глядзець на актыўны агульнасусветны працэс асваення шостага кантынента й казаць, што Беларусь ідзе туды толькі па навуковыя адкрыцці, даследаванні. Любая краіна, якая прыходзіць у Антарктыку, ставіць мэтай абазначыць і замацаваць там сваю прысутнасць. Гэта геапалітычныя рэчы. Нашы экспедыцыі — то былі толькі першыя нашы крокі. Першачарговай задачай сёння для Беларусі становіцца стварэнне ўласнай антарктычнай станцыі. Наяўнасць і штогадовая арганізацыя экспедыцый — адзін з найважнейшых фактараў для атрымання краінай статусу кансультатыўнага боку Дамовы па Антарктыцы. Бо рана ці позна яе будуць асвойваць гэтак жа, як цяпер — Арктыку. Праз гадоў 20-30 здымуць забарону на асваенне прыродных рэсурсаў Антарктыды. І тады Беларусь зможа ўдзельнічаць у тым працэсе. Таму наша праца скіраваная на аддаленую перспектыву, для атрымання пэўных эканамічных пераваг”.

Беларускую станцыю на шостым кантыненце пакуль не дабудавалі, а Беларусь на карце Антарктыды ўжо ёсць. Назва Полацк даўно прапісалася на супрацьлеглым баку зямнога шара. Там гэта выспа, назвалі яе ў XIX стагоддзі, калі адкрылі — гэта была экспедыцыя пад кіраўніцтвам Белінсгаўзена і Лазарава. Яны вырашылі назваць выспу ў гонар бітвы пад Полацкам пад час Айчыннай вайны 1812 года. Такім жа чынам “занесла” ў Антарктыду і назву рэчкі Бярэзіны: яе імем названы яшчэ адзін бязлюдны кавалак сушы. У часы савецкіх антарктычных экспедыцый адзначыліся там і самі беларусы. Ім удалося нават зафіксаваць два сусветныя кліматычныя рэкорды. Тэмпературу мінус 89,2 градуса па Цэльсіі зафіксаваў Уладзімір Карпюк у 1983-м. Пазней, у 1989-м, Аляксей Гайдашоў “злавіў” парыў ветру сілай 78 метраў за секунду! Дарэчы, адносна камфортнай лічыцца хуткасць ветру ў 5-7 метраў за секунду.

У Антарктыдзе кароткае лета

Уласна беларуская гісторыя вывучэння Антарктыды пачалася ў 2005 годзе: напярэдадні 50-годдзя з часу пачатку савецкіх антарктычных даследаванняў па ініцыятыве Нацыянальнай акадэміі навук і нашых ветэранаў-палярнікаў былі ўзняты пытанні пра аднаўленне даследаванняў Антарктыды Беларуссю як самастойнай і незалежнай дзяржавай. На пачатку 2006-га ўжо на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы было атрымана зялёнае святло на распрацоўку адпаведнай праграмы. Рыхтаваліся дакументы на далучэнне Беларусі да міжнароднай Дамовы аб Антарктыдзе, была зацверджана дзяржпраграма і ў тым жа годзе арганізавана першая — рэкагнасцыровачная — паездка двух спецыялістаў. З 2007-га пачаліся рэгулярныя экспедыцыі. Першапачаткова даследаванні нашы палярнікі праводзілі на месцы асноўнага базавання, у лагеры “Гара Вячэрняя” — гэта старая палявая база з часоў СССР. Да 2014-га нашым палярнікам удалося стварыць там “пункт апоры”: правесці ў будынках касметычны рамонт, абсталяваць месца базавання дызельнымі генератарамі, сродкамі радыё- і спадарожнікавай сувязі, транспартам. Пры тым гэта быў звычайны палявы лагер, і кожны прыезд патрабаваў ад палярнікаў вялікіх затрат сіл і часу на вырашэнне пытанняў элементарнага жыццезабеспячэння ў вельмі складаных кліматычных умовах. На пачатку 2015-га прынята рашэнне: прыступіць да будаўніцтва першай Беларускай антарктычнай станцыі. Размесціцца яна ва Усходняй Антарктыдзе, на беразе мора Касманаўтаў: у раёне гары Вячэрняй. Пад час двух папярэдніх экспедыцый палярнікі зманціравалі ды ўвялі ў эксплуатацыю трохсекцыйны службова-жылы модуль сувязі, навігацыі ды кіравання . Свайго роду камандны пункт, з якога й пачата ўзвядзенне аб’ектаў.

Пад час 10-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі плануецца зманціраваць чатыры новыя секцыі, якія ўключаюць навуковыя лабараторыі, жылыя памяшканні, памяшканні для санітарна-гігіенічных мэтаў. Будуць праводзіцца й навуковыя даследаванні — мікрабіялогія, падспадарожнікавыя назіранні ў інтарэсах касмічнай праграмы, геафізічны маніторынг, вывучэнне складу атмасферы, ультрафіялетавай радыяцыі, клімату, маніторынг азонавага пласта. Усе даследаванні робяцца з выкарыстаннем прыбораў беларускай распрацоўкі.

Аляксей Гайдашоў удакладніў, што на гэты раз вырашана падзяліць палярнікаў на дзве групы і даставіць іх у Антарктыду паасобку. Першыя чацвёра дабяруцца да месца базавання на самалёце. А тры чалавекі ляцяць у Кейптаўн, там далучыцца да Расійскай антарктычнай экспедыцыі ды на борце судна “Академик Федоров” разам з грузам адправяцца на месца базавання. Разгрузка запланаваная на сярэдзіну снежня. “Звычайна экспедыцыя непасрэдна ўжо на кантыненце працягваецца да чатырох месяцаў, — пасвячаў у тонкасці справы Аляксей Гайдашоў. — А на гэты раз мы зможам павялічыць тэрмін яшчэ на месяц і надаць больш увагі навуковым даследаванням, падрыхтоўчай інжынерна-тэхнічнай працы”.

Удзельнікі юбілейнай экспедыцыі будуць працаваць у Антарктыдзе да канца красавіка — сярэдзіны мая 2018 года. Будаўніцтва першай чаргі Беларускай антарктычнай станцыі (БАС) плануецца завяршыць у 2019-м. Крок за крокам набліжаюцца палярнікі да першай беларускай зімоўкі. Па значнасці такую падзею Гайдашоў параўноўвае з першым касмічным палётам грамадзяніна Беларусі на калязямной арбіце. Са з’яўленнем БАС, дадаў ён, беларускія палярнікі смела змогуць заяўляць пра сваё належнае месца ў іерархіі сістэмы Дамовы аб Антарктыцы.

Голас Радзімы № 46 (3550), чацвер, 7 снежня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter