Минск
+23 oC
USD: 2.05
EUR: 2.27

В Минске презентуют фотографии, сделанные более ста лет назад слуцким мастером

Застылыя імгненні

Фотаатэлье 26-гадовага віцебскага мешчаніна Саміра Юхніна з’явілася ў Слуцку ў 1896 годзе. Яно карысталася вялікім попытам у гараджан, асабліва пасля таго як у 1907 годзе работы майстра былі ўзнагароджаны залатым медалём на выставе ў бельгійскім Антвэрпэне. І сёння ў сямейных архівах случчан можна знайсці фотаздымкі тых часоў.


Першапачаткова Юхнін аддаваў перавагу кабінетным здымкам. Персанальныя, групавыя, сямейныя партрэты прыносілі нядрэнны даход фатографу. Але Слуцк у той час не быў вялікім горадам, таму на прыстойную колькасць заказаў разлічваць не прыходзілася. І Самір выйшаў з фотаапаратам на вуліцу, пачаў здымаць архітэктурныя славутасці Слуцка, тыпажы гараджан і сялян і выдаваць работы ў выглядзе паштовых картак. З часам Юхнін заваяваў званне адоранага фотамастака, а яго спадчына ўвайшла ў “Энцыклапедыю еўрапейскай фатаграфіі”.

На жаль, доўгі час заставаліся нявысветленымі некаторыя важныя факты з біяграфіі фатографа і яго сям’і. Да прыкладу, было невядома, што адбылося з Самірам Львовічам пасля ягонай высылкі ў 1928 годзе са Слуцка і які лёс чакаў яго наследнікаў — сына Льва і дачку Сафію. Але год таму адбылася нечаканая падзея. Жыхар Масквы Валерый Наймарк перадаў у дарунак Нацыянальнаму гістарычнаму музею матэрыялы сям’і фатографа Саміра Юхніна — асабістыя рэчы, фатаграфіі, дакументы. Яны і дапамаглі разгадаць гэтыя загадкі.

Сын Саміра Леў скончыў Ленінградскую кансерваторыю, працаваў дырыжорам Цэнтральнага ансамбля чырвонафлоцкай песні і танца Ваенна-марскога флота СССР, старэйшага сімфанічнага аркестра Расіі — аркестра Ленінградскай дзяржаўнай філармоніі. Дачка фатографа Сафія па адукацыі хімік, скончыла Пецярбургскі ўніверсітэт. Менавіта яна захавала ўсе сямейныя рэліквіі. Сям’я Валерыя Абрамавіча Наймарка цесна сябравала з Сафіяй. Яны жылі ў камунальнай кватэры ў шматнаселеным доме ў цэнтры Масквы, дапамагалі Сафіі ва ўсім, паколькі яна была інвалідам 1-й групы, не магла выйсці з дому, а родных у яе практычна не было. У 1995 годзе гэта ж сям’я праводзіла Сафію ў апошні шлях — ёй было 92 гады. Пасля Сафіі ў яе добрых суседзяў засталася скрыначка з яе спадчынай: фотаздымкамі, дакументамі, у тым ліку ашчадкніжкай яе бацькі. Валерый Наймарк беражліва захоўваў скрыначку доўгія гады, пакуль не прачытаў на сайце “Спадчына Слуцкага краю” артыкул загадчыцы аддзелам пісьмовых і выяўленчых крыніц Нацыянальнага гістарычнага музея Надзеі Саўчанка пра слуцкага майстра фатаграфіі. І зразумеў, што ў яго могуць знаходзіцца каштоўныя для нашай гісторыі рэчы. Так музей папоўніўся новымі экспанатамі.

Сямейныя рэліквіі з архіва дачкі фатографа Сафіі, а таксама арыгіналы яго фатаграфій са збору музея і прадставяць сёння на выставе ў музеі. Экспазіцыя прысвечана 180-годдзю вынаходніцтва фатаграфіі і Году малой радзімы.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Фото: Денис МАЛЫШИЦ
Загрузка...