Минск
+18 oC
USD: 2.04
EUR: 2.26

Как социальным сиротам из Вороново удалось спасти семью

Застацца пры сваiх

Яўгену і Ядвізе Ганчаровым з Воранава ўсяго крыху больш за дваццаць гадоў. А яны выхоўваюць пяцёра дзяцей. Малодшай Еве споўніўся год і восем месяцаў, а старэйшая Вікторыя заканчвае дзявяты клас. Прытым да галавы сям’і і яго жонкi ўсе дзеці звяртаюцца часцей проста па імені. Пра гісторыю незвычайнага бацькоўства даведалася карэспандэнт «Р». 

Сям’я Ганчаровых.
Фота Алега Бельскага

Брат замест мацi 

У дзяцінстве Яўгену давялося зведаць горкі смак здрады самага блізкага чалавека. Маці, якая нарадзіла дзевяцерых дзяцей, прыкладалася да чаркі з кожным годам усё больш і больш. Выхаваннем Яўгена ў асноўным займалася бабуля, якая жыла асобна. Прадстаўнікі дзяржаўных службаў часта наведвалі сям’ю, ушчувалі гора-маці, давалі тэрмін на выпраўленне, прапаноўвалі лячыцца, але цяга да спіртнога жанчыну загубіла. Калі яе пазбавілі бацькоўскіх правоў, Яўгену ўжо быў 21 год, ён атрымаў прафесію электрыка, адслужыў у арміі, а вось Віка, Віця, Даша і Кірыл яшчэ хадзілі хто ў школу, хто ў дзіцячы сад. Накіравалі непаўналетніх у сацыяльны прытулак, і праз некаторы час паўстала пытанне афармлення іх у інтэрнат ці прыёмную сям’ю. Яўген, які часцей за ўсіх наведваў братоў і сясцёр і да апошняга моманту не страчваў веры, што сям’ю можна ўратаваць, сам звярнуўся да прадстаўнікоў апекі з пытаннем, ці можна яму ўзяць на сябе выхаванне братоў і сясцёр. 

— Я ніколі сабе не дарую, калі яны будуць жыць паасобку і прызвычайвацца да чужых людзей, — патлумачыў хлопец.

Па існуючым заканадаўстве як паўналетні родзіч ён меў права стаць апекуном братоў і сясцёр. Аднак улічваючы яго малады ўзрост, спецыялісты ў галіне апекі папярэдзілі: крок гэта сур’ёзны, які трэба добра абдумаць, бо давядзецца несці адказнасць і за вучобу, і за паводзіны дзяцей, і за ўмовы іх жыцця. Да таго ж працэс выхавання будзе ажыццяўляцца пад пільным доглядам спецыялістаў раённага органа апекі. Нават справаздачы штогод пісаць трэба.

Праз некаторы час Яўген прый­шоў да прадстаўнікоў апекі ізноў. Ды не адзін, а з маладой жонкай Ядвігай: 

— Яна харошая і будзе мне дапамагаць. Разам мы справімся.

Выбар Ядзі

Ядзя сябравала з Яўгенам з часу іх навучання ў мясцовым каледжы. Вучылася на швачку-прадаўца, а ён — на электрыка. Добра кантактавала з яго братамі і сёстрамі. Пра гісторыю, як яны ажаніліся, расказвае з усмешкай: 

— Яўген спачатку прапанаваў дапамагаць яму падымаць дзяцей і толькі пасля таго, як я пагадзілася, — распісацца. Я ра­зумела, што для яго важна, ці прыму я яго братоў і сясцёр як сваіх, бо ён іх ніколі не пакіне.

Спачувала малым, якія апынуліся ў прытулку, Ядзя не на словах. Самой давялося некалькі год жыць у Радунскім доме-інтэрнаце — яе маці таксама любіла выпіць. 

— У інтэрнаце ўсе добра ставіліся да мяне, там былі нармальныя ўмовы, — узгадвае Ядвіга. — Але не было адчування роднага дома. 

Ядвіга лічыць абсалютна пра­віль­­ным, што ў бацькоў, якія п’юць, дзяржава забірае дзяцей. 

— Там, дзе чарка, нельга жыць дзецям, — гаворыць яна. — Сама, калі прайшла гэты ўрок, зрабіла выснову, што буду рабіць усё магчымае, каб захаваць і зберагчы сям’ю. 

Малодшую Еву з задавальненнем забаўляюць старэйшыя дзеці.

Мама ці сябар?

Вяселле, белая сукенка, рамантычныя падарожжы… Усяго таго, што звычайна бывае ў пары падчас заключэння шлюбу, у Ганчаровых не было. Як і бацькоўскага на гэта благаславення. З рамантычных момантаў іх адносін Ядзя ўзгадвае, як хадзілі на возера — Яўген навучыў яе плаваць. Першы год сумеснага жыцця маладой жонцы і выхавальніцы чатырох дзяцей запомніўся тым, што было вельмі цяжка фізічна — гатавала ежу, прыбірала, правярала ўрокі, хадзіла ў паліклініку і на бацькоўскія сходы. Ну і, канешне ж, працавала — прадаўцом у магазіне спажывецкай кааперацыі. 

— Пяцілітровая каструля супу звычайна становіцца пустой у нас за абед, на другую страву — катлеты — патрэбна два кіло фаршу, і гэта таксама на раз паесці, — расказвае маладая гаспадыня. — А самае запамінальнае — мыццё адзення. Яго кожны дзень пасля кожнай прагулкі вырастае цэлая гара. Пральная машынка ўжо некалькі разоў ламалася.

А аднойчы Ядзя адчула, што стамілася. Так, што здавалася, больш трываць немагчыма. 

— Гэта быў канец навучальнага года, — расказвае яна. — Нас выратавала тое, што старэйшым дзецям далі пуцёўкі ў аздараўленчы лагер. Я адпачыла і нават паспела па іх засумаваць.

Здавалася б, у такіх абставінах мары пра ўласных дзяцей не выспяваюць. А Ядзя вельмі хацела дачушку. І нарадзілася Ева. Зараз маладая мама ў дэкрэтным адпачынку, з задавальненнем займаецца толькі домам і дзецьмі. 

— Старэйшая, Віка, стала маёй галоўнай памочніцай, — гаворыць яна. — Астатнія таксама не лянуюцца — прывучаны мыць посуд, прыбіраць за сабой. Абіраць бульбу ці цыбулю заўсёды знойдуцца вольныя рукі. Могуць згатаваць кашу, запяканку.

На пытанне, ці хапае грошай, бацькі-апекуны адказваюць: «Не скардзімся». Муж зарабляе. На Віцю, Дашу, Кірыла і Віку як на дзяцей, якія выхоўваюцца ў апякунскай сям’і, выплачваецца дзяржаўная дапамога — каля 270 рублёў на кожнага штомесяц. Плюс дэкрэтныя на Еву. А яшчэ Ядзя ашчадная гаспадыня — сама шые вопратку, вучыць дзяўчат шыць і вышываць. 

Галоўнае, падкрэсліваюць муж і жонка Ганчаровы, што ў іх няма жыллёвых цяжкасцей. Жывуць у трохпакаёвай добраўпарадкаванай кватэры, якую калісьці маці Яўгена выдзелілі як шматдзетнай. Ёсць і яшчэ адна трохпакаёвая, таксама дзяржаўная: яе здаюць у арэнду, каб пагашаць запазычанасць маці Яўгена па Дэкрэце № 18. Зараз гора-маці жыве ў вёсцы і за ўвесь час, як сын ажаніўся, паказалася сюды толькі аднойчы — калі вярнулася з лячэбна-працоўнага прафілакторыя. Завітала, забрала рэчы і… прапала. 

Іншым часам Ядзю малодшыя дзеці завуць мамай. Тая прызнаецца, што ёй ад гэтага няёмка, бо яна ведае добра біялагічную маму і дзеці яе не забылі.

— Калі раптам яна возьмецца за розум і прыйдзе да іх — не сумняваюся, што яны да яе пацягнуцца, — адкрыта гаворыць Ядвіга. — Мне здаецца, калі дзеці будуць адчуваць, што ў іх ёсць надзейны сябар у маёй асобе, што іх чакаюць са школы, дапамагаюць з урокамі — гэта ўжо здорава.

Не так даўно шэфства над незвычайнай сям’ёй Ганчаровых узялі Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, мэблевая кампанія «ЗОВ» з Гродна. У кватэры з’явіліся фірменны двух’ярусны ложак, цацкі, па­да­рункі. Сям’я патрапіла на ста­лічную навагоднюю ёлку. 

— Ганчаровы такія, што ніколі не тое што не запатрабуюць, але і не папросяць самі падтрымкі, — канстатуе старшыня Воранаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Алена Ястрэмская. — Таму мы ідзём да іх.

Спецыяліст Воранаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Святлана Скарына расказала, што ўсяго ў раёне 25 апякунскіх сем’яў. Звычайна выхаванне дзяцей, якія апынуліся без бацькоўскага догляду, бяруць на сябе бабулі ці дзядулі. Але апошнім часам сталі выказваць такое жаданне паўналетнія сёстры і браты — ужо ёсць некалькі такіх прыкладаў. І гэта, па меркаванні спецыяліста, добрая тэндэнцыя. 

— Ні для каго не сакрэт, што сацыяльныя сіроты, у якіх не было перад вачыма паўнавартаснай мадэлі сям’і, не спяшаюцца ствараць уласную сям’ю, — канстатуе яна. — У іх часта ўзнікаюць праблемы ў захаванні доўгатэрміновых адносін. Маладая пара Ганчаровых разбівае гэты стэрэатып. 

КАМПЕТЭНТНА

Алена Галаўнёва, намеснік начальніка
ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Мінадукацыі, паведаміла: 

— Зараз у краiне больш за 7 тысяч апякунскіх сем’яў. У іх выхоўваюцца каля 9000 дзяцей. Як правіла, функцыі апекуноў бяруць на сябе блізкія сваякі дзяцей. У адрозненне ад прыёмных сем’яў, дзе бацькі-выхавацелі атрымліваюць зарплату, апекуны не маюць такой прывілеі. Аднак на ўтрыманне дзяцей у апякунскіх сем’ях дзяржава выдзяляе штомесячную дапамогу.

kozlovskaya@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...