Дырэктар Інстытута мовазнаўства Ігар Капылоў: роднае слова старажытнае і бярэ выток з XIV стагоддзя

«Зараз час клапаціцца пра спадчыну»

А ці ведаеце вы, што Нацыянальная акадэмія навук пачыналася фактычна з Інстытута мовазнаўства, у ранейшым — Інбелкульта, якому ў пачатку наступнага года спаўняецца век? За сваю гісторыю ўстанова зрабіла і робіць многа, гэта ключавы мовазнаўчы цэнтр, які сістэмна даследуе мову, яе гісторыю, стан беларускіх народных гаворак, вывучае сувязь роднага слова з іншымі славянскага і неславянскага паходжання. За плён свой і калег адказвае дырэктар інстытута Ігар КАПЫЛОЎ, які атрымаў медаль Скарыны за заслугі перад Айчынай. Аўтар шматлікіх дапаможнікаў, шасцітомнага тапанімічнага даведніка, пад яго рэдакцыяй рыхтуецца новы тлумачальны 15-томны слоўнік.


Старая як свет

З вышыні досведу вучоны, які моцна любіць Айчыну, перакананы:

— Мова не толькі сродак камунікацыі, але першасны элемент культуры, фактар самабытнасці народа, спосаб перадачы сацыяльнага вопыту і разумення, што мы ўсе беларусы — адзіны народ з агульнай гісторыяй. Сапраўдны патрыёт вырастае выключна на нацыянальных каштоўнасцях. У Беларусі жывуць прадстаўнікі розных этнасаў, але амаль 85 працэнтаў беларусаў, і гэта яшчэ раз даказвае, што мова павінна аб’ядноўваць. Часам можна пачуць, што па-беларуску размаўляюць нацыяналісты. І каб гэтую мяжу раз’яднання скасаваць, мусім папулярызаваць і пашыраць ужыванне мовы. Пры інстытуце, напрыклад, адкрылі школу юнага лінгвіста, у нас ёсць падшэфная гімназія, па дамове з Мінскім абласным інстытутам развіцця адукацыі працуем з настаўнікамі беларускамоўных школ. Сумесна з Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі пры Адміністрацыі Прэзідэнта займаемся перакладам кодэксаў, распрацоўваем нарматыўныя даведнікі, граматыкі, слоўнікі, навуковую літаратуру.

Калі раней у вёсцы гучалі дыялекты, то цяпер становішча мяняецца. Пакаленне носьбітаў пакрысе адыходзіць, а маладзейшыя русіфікуюцца. А чаму выжыла наша мова, нягледзячы на неспрыяльныя акалічнасці ў гісторыі? Прыгадаем 1696 год, калі Варшаўскі сойм забараніў яе ўжыванне, а ў сярэдзіне XIX стагоддзя яна пачынае ізноў адраджацца, вяртаецца ў друк, у пачатку XX стагоддзя ўвогуле становіцца масавай, бо носьбітам і захавальніцай у небяспечныя часы была вёска. Таму зараз час праяўляць вялікі клопат пра спадчыну. Роднае слова пойдзе ў народ, калі будзе стымул яго ўжывання. А для гэтага неабходна ў першую чаргу пашыраць выкарыстанне ў ВНУ, справаводстве і г.д.

— Між тым дзяржава аказвае вялікую падтрымку ў кнігавыданні, ажыццяўленні лінгвістычных праектаў. У сваіх даследаваннях спалучаем традыцыі і інавацыі, бо зараз папяровы варыянт кнігі не заўсёды запатрабаваны. Наш сектар камп’ютарнай лінгвістыкі працуе над электроннымі праектамі. І адзін з самых цікавых — Нацыянальны корпус беларускай мовы, дзе максімальна поўна алічбоўваецца літаратура ўсіх жанраў. Прывяду зразумелы прыклад: калі раней настаўнік рыхтаваўся да ўрока некалькі гадзін, падбіраў матэрыял, то корпус дазваляе зрабіць гэта за 30 секунд. А навукоўцу, які піша, напрыклад, дысертацыю «Эпітэты ў творчасці Івана Шамякіна», перачытваць і выпісваць іх больш не спатрэбіцца. Корпус дазваляе гэта зрабіць за лічаныя секунды, — тлумачыць Ігар Капылоў.

— З прычыны недасведчанасці часам узнікаюць самыя неверагодныя гіпотэзы паходжання беларускай мовы. Адны пішуць, што гэта дыялект рускай, другія — польскай, трэція сцвярджаюць пра штучны характар: быццам створана пастановай ЦК ВКП(б) у 1926 годзе. Гістарычны слоўнік абагульняе інфармацыю пяцісотгадовай гісторыі беларусаў — у ім больш за 75 тысяч слоў, зафіксаваных у дагаворах, летапісах, статутах, хроніках, хранографах, рыцарскіх раманах, мемуарных, публіцыстычных, навуковых і рэлігійных творах. Асновай паслужыла больш за 150 рукапісных і друкаваных старажытных крыніц, многія з якіх захоўваюцца ў бібліятэках і архівах Варшавы, Кракава, Кіева, Львова, Вільні, Масквы, Санкт-Пецярбурга. Картатэка слоўніка ўключае 1 мільён 60 тысяч картак. Такім чынам, прыведзены ў сістэму моўныя скарбы, разрозненыя часам і месцам, — тлумачыць Ігар Капылоў.
Новы тлумачальны слоўнік беларускай мовы збярэ больш за 250 тысяч слоў.

Архаізмы ці неалагізмы

Давайце паразважаем, з чаго складаецца наша мова? З аднаго боку, чэрпаюцца рэсурсы з народных гаворак, і зараз навукоўцы працуюць над зводным электронным слоўнікам з дыялектнай лексікай з усіх рэгіёнаў. Між тым нельга абмінуць увагай і тэндэнцыю запазычанняў, паколькі з’яўляюцца новыя прадметы і паняцці: істэблішмент, клірынг, мюслі… Вяртаюцца архаізмы, якія актыўна ўжываліся да 1930-х гадоў падчас беларусізацыі і былі зафікса­ваны ў тагачасных слоўніках. Напрыклад, асадка замест ручка, атрамант — чарніла, вакацыі — канікулы, адсотак — працэнт, мапа — карта, гарбата — чай, кава — кофе, цытрына — лімон… Таксама крыніца папаўнення — неалагізмы, як аграгарадок, кампраматная вайна, чорная археалогія.

Зараз распрацоўваецца новы тлумачальны слоўнік, у якім будзе больш за 250 тысяч слоў. Дарэчы, у «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы» пад рэдакцыяй Кандрата Крапівы іх 97 тысяч. Фіксуюцца ўсе адзінкі, якія трывала замацаваліся ў сучаснасці, аднак іх ужывальнасць абмяжоўваецца пэўнымі паметамі — напрыклад, размоўнае, дыялектнае. Многія выразы, нягле­дзячы на падманлівы эфект, цалкам раўнапраўныя і аднолькава правільныя. Мяркуеце, васількі — русізм, а валошкі — акурат наша? Вось і не, успомніце верш Максіма Багдановіча «Слуцкія ткачыхі»: «І тчэ, забыўшыся, рука цвяток радзімы — васілька». Роўна напалову карыстаюцца суайчыннікі адным і другім варыянтам.

— Гэтыя лічбы прыводжу на падставе пяцітомнага лексічнага атласа, за які калегі атрымалі Дзяржаўную прэмію. Аб’ездзілі ўсю Беларусь і зафіксавалі на картах, як у нашай краіне называецца тая ці іншая рэалія. Паказальнае слова «бусел» — бацян, буцян, буська, бусько і нават па-пракаветнаму гарус, у кожнай мясцовасці адну і тую ж птушку называюць па-рознаму. Скаварада і патэльня — таксама раўнапраўныя, як ровар і веласіпед — польскае і лацінскае запазычанні. І такіх пар многа, — сцвярджае вучоны.

Некаторыя з варыянтаў прыжываюцца складана, іншыя — з лёгкасцю. Напрыклад, «мытня» доўгі час не выкарыстоўвалася, а зараз стала лексічнай нормай. Між іншым ужывалася нашымі продкамі яшчэ ў пачатку XVI стагоддзя. Дарэчы, пра гэтыя і іншыя падрабязнасці раскажа новы этымалагічны слоўнік.

А што наконт уласнабеларускай лексікі? Яна ўзнікла пачынаючы з XIV стагоддзя, калі выдзяляем як асобныя беларускую, украінскую, рускую мовы, дагэтуль карысталіся адной — агульнаўсходнеславянскай. Прытым чыста беларускімі лічым дыяменты, якіх няма ў суседзяў, — бусел, вясёлка, асілак, дрэнна. Такой лексікі невялікі працэнт, між тым запазычанняў — балтызмаў, цюркізмаў, лацінізмаў, грэцызмаў — за той жа старабеларускі перыяд даволі многа, і гэта нармальна, бо ізалявана не жылі.


Найлепшы шлях — уласны

Ігар Капылоў родам з Пастаўшчыны. У тым, што стаў мовазнаўцам, вялікую ролю адыгралі настаўнікі, малая радзіма, землякі — іх гаворкі былі каларытнымі, блізкімі да літаратурнай мовы, хаця адметнымі.

— Перада мной стаяў выбар — у інстытут замежных моў ці на філфак, за кампанію з сябрам з паралельнага класа паступіў у БДУ. Пасля заканчэння ў 1991-м мяне размеркавалі ў Інстытут мовазнаўства. Адразу ўключыўся ў цікавую працу па падрыхтоўцы слоўніка «Нашай нівы» — газеты 1906—1915 гадоў, на грунце якой фактычна і створаны літаратурны варыянт мовы, чацвёрты том гэтага слоўніка выйшаў сёлета, — расстаўляе кропкі над «і» Ігар Капылоў.

Ахвотна ўключыўся навуковец і ў даследаванне тапаніміі, бо ў спадчыну незалежная Беларусь атрымала моцна скажоныя геаграфічныя назвы, якія афіцыйна на нацыянальнай мове фактычна не фіксаваліся. Напрыканцы XVII стагоддзя тапанімічная сістэма са старабеларускай мовы перакладзена на польскую, у канцы XVIII стагоддзя — на рускую, і ў выніку нашы некаторыя назвы сказіліся да непазнавальнасці. 

— А зараз маладзейшаму пакаленню паспрабуй патлумач, што правільна, напрыклад, не Міёры, а Мёры. Гэта старажытнейшае фіна-ўгорскае слова, над якім можна зрабіць пазнаку — гісторыка-культурная каштоўнасць. Ці, напрыклад, грамадзянін з Дзятлаўскага раёна да юбілею Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ініцыяваў перайменаваць вёску Зарой у Вікторыю. Добра, што гэтага не зрабілі, бо Зарой — унікальная назва праіндаеўрапейскага пахо­джання, у перакладзе азначае месца, дзе крыніца прабіваецца на паверхню. Па ўсёй Беларусі такія назвы ўсяго дзве. Адна была на Магілёўшчыне, але знікла, другая — на Гродзеншчыне, —тлумачыць вучоны.

У выніку пабачыў свет шасцітомны тапанімічны даведнік, які мае статус нарматыўнага і атрымаў высокую ацэнку замежных экспертаў. У ім не толькі жывыя, але і страчаныя тапонімы па кожным раёне — своеасаблівы мемарыял на працягу стагоддзя.

Пастфактум

Інстытут — своеасаблівы мова­знаўчы суддзя, сюды звяртаюцца многа грамадзян з просьбай патлумачыць паходжанне геаграфічных назваў, правільнасць напісання. Тры тысячы адказаў штогод рыхтуецца на звароты натарыяльных кантор, загсаў, фізічных асоб адносна ідэнтычнасці запісаў у пашпартах, дакументах. І тое, што інстытут блізкі да народа, пацверджана у каторы раз творчым конкурсам «За што я люблю родную зямлю». Ад малога да вялікага 840 удзельнікаў накіравалі свае лепшыя творы, каля 200 сталі пераможцамі, усе яны сабраліся ў Нацыянальнай акадэміі навук на вялікае свята, да цяперашняга шлюць лісты з падзякамі. Экспедыцыі па вёсках, вывучэнне мясцовых гаворак, складанне слоўнікаў і дыялектных атласаў не адбылося б без удзелу суайчыннікаў — носьбітаў адной з найстаржытнейшых і наймілагучнейшых славянскіх моў.

basikirskaya@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter