Запрашаем на вячоркі

СПАКОН вякоў наш народ жыў з песняй. У святы і будні, у радасці і не толькі праз спевы выліваўся настрой душы. У фондах Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі захоўваецца багатая фанаграмная спадчына: песні і спектаклі, відэазапісы народных гулянняў, абрадаў і традыцый з элементамі этнаграфічнага аздаблення строямі, побытам, вырабамі народных майстроў. Старажылы беларускай глыбінкі ў святы даставалі з куфраў і скрынь вырабленыя сваімі рукамі нацыянальныя ўборы. Помніцца, як здымачнай групе тэлебачання, з якой аўтар гэтых радкоў рыхтаваў чарговую праграму пра жыццё вяскоўцаў, пашчасціла трапіць у тураўскай вёсцы Хільчыцы на залатое вяселле. Паўвека беражліва захоўваўся вясельны строй. Сплецены з папяровых праваскаваных кветак вянок з рознакаляровымі стужкамі-косамі, накрухмалены цюлявы вэлюм, вышываная блузка, аздобленая самаробнымі каралямі, шырокая атласная з мноствам гарызантальна нашытых каляровых стужак спадніца. У такім яркім уборы ўзрушаная гаспадыня вітала сябровак маладосці, якія таксама апранулі свае святочныя палескія строі.

«Сельская газета» прапаноўвае ўсім, хто калісьці ўдзельнічаў у выдатным тэлепраекце, адклікнуцца, даслаць свае здымкі і расповеды пра таленавітых самадзейных артыстаў

СПАКОН вякоў наш народ жыў з песняй. У святы і будні, у радасці і не толькі праз спевы выліваўся настрой душы. У фондах Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі захоўваецца багатая фанаграмная спадчына: песні і спектаклі, відэазапісы народных гулянняў, абрадаў і традыцый з элементамі этнаграфічнага аздаблення строямі, побытам, вырабамі народных майстроў. Старажылы беларускай глыбінкі ў святы даставалі з куфраў і скрынь вырабленыя сваімі рукамі нацыянальныя ўборы. Помніцца, як здымачнай групе тэлебачання, з якой аўтар гэтых радкоў рыхтаваў чарговую праграму пра жыццё вяскоўцаў, пашчасціла трапіць у тураўскай вёсцы Хільчыцы на залатое вяселле. Паўвека беражліва захоўваўся вясельны строй. Сплецены з папяровых праваскаваных кветак вянок з рознакаляровымі стужкамі-косамі, накрухмалены цюлявы вэлюм, вышываная блузка, аздобленая самаробнымі каралямі, шырокая атласная з мноствам гарызантальна нашытых каляровых стужак спадніца. У такім яркім уборы ўзрушаная гаспадыня вітала сябровак маладосці, якія таксама апранулі свае святочныя палескія строі.

ГАСПАДАР рассадзіў гасцей за багатым сталом, пасярэдзіне якога красаваўся крамяны каравай. Наш тэлеаператар Уладзімір Хромаў толькі аднойчы на імгненне выключыў тэлекамеру, каб перазарадзіць акумулятар. Здымаліся ж не акцёры, якіх можна папрасіць зрабіць дубль. У хаце лілася шумная гаворка, якую змянялі напеўныя вясковыя мелодыі, а потым гаспадар узяў у рукі гармонік і пачаліся тураўскія скокі. Тэлеаператар аж узмакрэў за камерай. Вяселле вірыла, поўнілася гаманою, ўспамінамі пра былое.

А перажыць вяскоўцам давялося шмат. Спаленыя ў вайну Хільчыцы ў першыя мірныя гады паступова аднаўляліся. Сяляне перабіраліся з зямлянак у хаты. Вясковыя сем’і поўніліся дзецьмі, якія падрасталі, жаніліся, заводзілі сваіх дзяцей. Сямігодка ў некалькіх драўляных будынках ужо ледзьве ўмяшчала ўсіх вучняў. Склалі з сасновых бярвенняў новы прасторны будынак, і школа стала сярэдняй. Заўзята стараліся працаваць калгаснікі на палях і фермах. А вечарамі вясковы клуб грымеў ад танцаў і спеваў. Як усюды, вясковае жыццё перапляталася раманамі, перажываннямі, радаснымі падзеямі. Успаміны пра ўсё гэта поўнілі вясельнае застолле, дзякуючы якому і выйшла тэлепраграма пра палескае залатое вяселле.

КОЖНАЯ беларуская мясціна мае свае традыцыі і звычаі. Народнае гулянне «Жаніцьба Цярэшкі», што некалі ладзілася ў калядныя дні толькі на Віцебшчыне, аднавілі самадзейныя артысты ўшацкай вёскі Усвея, і атрымалася каларытная тэлевізійная праграма з гэтым зімовым абрадам. А як прыгожа калядавалі ў тэлеэфіры спевакі з лельчыцкай вёскі Іванава Слабада! Абрад «Ваджэнне куста», святкаванне Сёмухі, Купалля, Спасу, спеўныя мелодыі веткаўскай вёскі Стаўбун на фоне славутых няглюбскіх рушнікоў і вышывак, сватанне з вясельнымі спевамі ў выкананні самадзейных артыстаў з мястэчка Азарычы Калінкавіцкага раёна і лёзненскай вёскі Альхавік, глыбоцкія хрысціны і нясвіжскія дажынкі, нарачанскія каляды і кіраўскія абрадавыя спевы, фальклор і традыцыі памежных беларускіх і ўкраінскіх вёсак, прыдзвінскае гуканне вясны і шмат іншых народных забаў і традыцый на працягу амаль дваццаці гадоў дарыла гледачам папулярная праграма Беларускага тэлебачання «Запрашаем на вячоркі». Многія выпускі яе як сапраўдны залаты фонд нашай агульнай культурнай спадчыны зберагліся ў архівах Нацыянальнага тэлебачання.

– НА ПАЧАТКУ сямідзясятых гадоў ідэю прапанаваў таленавіты творца Аляксандр Дудзін, — адзначае заслужаны работнік культуры БССР Алена Аўрынская, якая ў той час была намеснікам галоўнага рэдактара Галоўнай рэдакцыі сельскагаспадарчых праграм Беларускага тэлебачання. — Дагэтуль выходзілі разавыя музычныя, этнаграфічныя і іншыя культурна-асветніцкія перадачы. Аляксандр Аляксандравіч узяўся за стварэнне асобнага цыкла, прысвечанага беларускай песеннай спадчыне. Праграму назвалі «Запрашаем на вячоркі». Тэлевізійныя мастакі падрыхтавалі спецыяльнае афармленне студыі — стылізацыя ўпрыгожанай вясковай хаты. Першыя выпускі ішлі прама ў эфір з тэлевізійнай студыі на вуліцы Камуністычнай.

— Алена Сцяпанаўна, я добра памятаю першы выпуск гэтай праграмы, у якім давялося ўдзельнічаць і мне.

— Мы доўга абмяркоўвалі, з чаго пачаць. Вядома, што на вёсцы вялікая падзея — вяселле. Вось і вырашылі стылізаваць яго. Разам з самадзейнымі артыстамі з Лунінецкага раёна распрацавалі сцэнарый з жаніхом і нявестай, сватамі, гасцямі. Роля вядучых адводзілася маладым. Былі розныя прапановы. Акцёры маглі гэту ролю занадта акадэмічна выканаць. А нам патрэбны былі асобы з вясковага асяроддзя, каб не вылучаліся ў праграме ад астатніх удзельнікаў.

— Таму і прапанавалі мне ролю жаніха?

— Малады, беларускамоўны, яшчэ сталіца не збэсціла... Чым не жаніх у праграме «Запрашаем на вячоркі»?

— Каб вы ведалі, колькі было ў мяне хваляванняў, ці спраўлюся. Дасканала вывучыў усе свае дыялогі са сцэнарыя. А як пачалася праграма ў эфіры, то вельмі многае па ходу мянялі, імправізавалі. Так хутка праляцела гадзіна прамога эфіру, што я і не заўважыў.

Нявестай у студыі была пявучая Ніна Каральчук — выпускніца філалагічнага факультэта   Белдзяржуні-

версітэта. Яна так цудоўна ўпісалася ў праграму! Мы часта з ёю ўзгадваем той наш агульны дэбют на тэлебачанні.

– ДА ЗДЫМАК я з роднай палескай вёскі Магільнае прывезла вясельны ўбор, — узгадвае Ніна Іванаўна. — А што тычыцца песень і самога абраду вяселля, то мне нічога прыдумваць не трэба было. З маленства я хадзіла па гасцях з бацькамі, якія добра спявалі, і я амаль усе вясковыя песні ведала. Мая маці была цудоўная спявачка, ад яе я пераняла старадаўнія песні-балады. І ў бацькі голас багаты. А што тычыцца вячорак, то для мяне яны не ў навіну былі.

— А чаму не ў навіну?

— З вясковых вячорак я пачала сваю настаўніцкую дзейнасць пасля заканчэння філалагічнага факультэта БДУ. Мяне размеркавалі ў пявучую калінкавіцкую вёску Замосце. Класік беларускай літаратуры Іван Мележ геніяльна раскрыў вобразы жыхароў гэтага кутка Палесся ў сваіх творах. Ціхімі цёплымі вечарамі над Замосцем плылі песні. Спявалі ўсе, ад малога да старога. Неяк старшыня калгаса завітаў у школу і папрасіў арганізаваць канцэрт да чарговага свята. Мне і піянерважатай, як самым маладым ў педагагічным калектыве, даручылі гэту справу. Адабралі найбольш галасістых вучняў і стварылі школьны хор, які спяваў на тры галасы без акампанементу. А яшчэ мы запрасілі старэйшых жанчын і з імі падрыхтавалі замасцянскія вячоркі. Уся вёска сабралася на наша першае выступленне, якое прайшло вельмі ўдала. Гэта нам надало яшчэ больш ахвоты, і так захапіліся, што на раённым, а потым і на абласным аглядах мастацкай самадзейнасці першынствавалі. Старшыня замосценскай гаспадаркі Каладзенка кожнага нашага артыста прэміраваў грашыма і выдзеліў у наша распараджэнне аўтамашыну, на якой аб’ездзілі ўсе навакольныя вёскі. Гэта былі вытокі тых самых тэлевізійных вячорак.

— Ніна Іванаўна, вы сваіх бацькоў узгадалі. І мне ўспомнілася: мой бацька ўбачыў па тэлевізары мяне жаніхом, і калі я прыехаў дамоў, спытаўся, а дзе ж нявеста, чаму не прывёз паказаць?

— У наступнай праграме мы ўжо былі гаспадарамі хаты і прымалі пявучых гасцей з Пухавіцкага раёна. Я крыху памяняла свой вясковы строй. Да нас у студыйную хату збіраліся вяскоўцы, і мы павінны былі з імі весці размову, прадстаўляць кожнага ўдзельніка Ніякіх фанаграм не было. Усё ўжывую, і не адзін спявак, а хор. Адзін заводзіць, іншыя падхопліваюць, і каб ніхто не збіўся...

— Бывала, што песня на рэпетыцыі не так гучыць, як хацелася рэжысёру, і ў студыі ўзнікала хваляванне, — працягвае Ніна Іванаўна. — І ў такі момант я падхоплівала песню, сэрцам адчувала настрой удзельнікаў, і ўсё далей ішло цудоўна. Многія самадзейныя калектывы я ведала, таму што пасля настаўніцтва працавала на Беларускім радыё, дзе рыхтавала праграму «Увайсці ў кожны дом».

Звычайна студыя афармлялася пад вясковую хату, аздобленую ручнікамі, вышыўкамі, посцілкамі і абрусамі, жанчыны пралі кудзелю, вышывалі, вязалі, а мужчыны плялі кошыкі. Але пры гэтым кожны выпуск праграмы    меў     асаблі-

васці. Запомнілася мне пявучая сям’я з Івацэвіцкага раёна. Бацькі перажылі вялікае гора — страту падчас службы ў арміі адзінага сына. Здавалася, гора назаўсёды пасялілася ў іх доме. Але падрасталі дзве прыгожыя дзяўчынкі-двайняты, якія займаліся музыкай і так цудоўна ігралі на баяне, што захапілі бацькоў і прывялі іх у самадзейнасць. Квартэтам выходзілі на сцэну, і песня так хораша лілася, адчувалася ўнутраная гармонія, замілаванне спевам. Я не памятаю прозвішча гэтай сям’і, але ў мяне захаваўся фотаздымак чароўных дзяўчынак-музыкаў. Калі яны спявалі, я заўважыла, як у бацькі сляза па твары пакацілася. Паціхеньку прабралася да тэлеаператара і падказала, каб паказаў буйным планам твар бацькі. А пасля праграмы мы з двайнятамі зняліся на памяць. Цікава, як склаўся лёс гэтых івацэвіцкіх дзяўчынак?

ПРАГРАМА набірала папулярнасць, яе чакалі тэлегледачы. Пасля кожнага эфіру ў рэдакцыю тэлефанавалі, дасылалі пісьмы з просьбамі запрасіць да ўдзелу ў вячорках. І дагэтуль народ памятае яе.

— Алена Сцяпанаўна, вы шмат гадоў адпрацавалі на тэлебачанні. Чаму, на вашу думку, і сёння людзі помняць гэтую праграму? — пытаюся ў Алены Аўрынскай.

— Таму што там была душа народа, чаго зараз так не хапае на экране. Гэта праграма прыкоўвала да тэлевізара гледачоў, яна выхоўвала, стварала настрой чалавеку. Важна і тое, што яе рыхтавалі сапраўдныя майстры сваёй справы. Вось у чым сакрэт папулярнасці.

— Рыхтавалі праграму апантаныя энтузіясты, — пацвярджае Ніна Каральчук. — Аднойчы на Магілёўшчыне мы ехалі да самадзейных артыстаў ў аддаленую вёску. Вясна, разводдзе, не ступіць нагою. Дабіраліся на прычэпленай да гусенічнага трактара валакушы, якой цягалі сена на фермы. Як радаваліся вяскоўцы нашаму прыезду, як шчыра сустракалі! З вялікім запалам нам паказалі абрад спальвання саламянага чучала. Было ўзаемнае адчуванне цеплыні. З гэтым абрадам яны ўдзельнічалі ў праграме ў студыі.

Для кожнага самадзейнага калектыву быў вялікі гонар трапіць на тэлебачанне. Кіраўнікі гаспадарак, спецыялісты знаходзілі замену сваім працаўнікам, запрошаным на запіс праграмы, якая набывала статус сапраўды народнай.

— Менавіта з глыбінкі пачынаюцца нашы вытокі, — перакананы былы ўдзельнік тэлепраграмы «Запрашаем на вячоркі» Павел Мазоль. — Ва ўсім свеце цэніцца ў першую чаргу ўсё самабытнае. Вось нядаўна на беларускім адборачным туры Еўрабачання ўсе выканаўцы з сябе лезлі, каб праспяваць    на   англій-

скай ці якой іншай замежнай мове конкурсную песню. Я пільна сачыў за конкурсам. Калі на сцэне з’явіўся Тэо, мяне адразу гэта кранула. Ён сам напісаў музыку пад народны стыль і невыпадкова выйграў фінал нацыянальнага адбору. Менавіта вытокі будуць поўніць нашу культуру. У маёй вёсцы Радчыцк два браты — адмысловыя музыкі Аляксей і Рыгор Туцкія — праз усё жыццё нясуць песню. Без іх удзелу не праходзіць ні адно наша вясковае свята. Браты Туцкія аднавілі старадаўнія песні майго краю, і дзякуючы «Запрашаем на вячоркі» гэтыя спевы цяпер захоўваюцца ў архіве тэлерадыёкампаніі.

Кожны выпуск праграмы чакалі тэлегледачы. А як рыхтаваліся да запісу ўдзельнікі! Як загараліся агеньчыкі ў вачах вяскоўцаў, калі яны траплялі ў святая святых — студыю тэлебачання, дзе ім усё падавалася казачным цудам. Творчая група пастаянна вышуквала новыя тэлевізійныя формы, удасканальвала афармленне. За два дзесяцігоддзі існавання гэтага цыкла змянілася некалькі вядучых, рэжысёраў і мноства аўтараў. У свой час яе вялі народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель, заслужаны артыст рэспублікі Мікалай Шышкін, абаяльная дыктар тэлебачання Кацярына Несцяровіч, слынны беларускі фалькларыст кандыдат філалагічных навук Васіль Ліцвінка.

АЛЕ пра гэта — у наступную суботу...

Уладзімір СУБАТ

(Заканчэнне будзе)

На здымках: вядучая Ніна КАРАЛЬЧУК і сёстры-двайняты з Івацэвіцкага раёна ў 70-я гады пасля запісу праграмы «Запрашаем на вячоркі».

Вядучыя праграмы «Запрашаем на вячоркі» Кацярына НЕСЦЯРОВІЧі Уладзімір СУБАТ (у цэнтры) з удзельнікамі мастацкай самадзейнасці Шалаёўскага сельскага Дома культуры Кіраўскага раёна.

Стваральнік праграмы, тэлерэжысёр Аляксандр ДУДЗІН падчас рэпетыцыі праграмы ў студыі тэлебачання (1977 год).

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter