Запрашае Мельпамена

Хто атрымае сёлета Нацыянальную тэатральную прэмію?Ні кінематограф, ні тэлебачанне, ні інтэрнэт пакуль ніяк не могуць замяніць жывы кантакт гледачоў з акцёрамі. Што ж, тэатры па-ранейшаму запатрабаваныя. І акцёры гатовы здзіўляць нас. Таму амаль сорак спектакляў ад 28 драматычных, музычных, лялькавых, а таксама Вялікага опернага тэатраў краіны былі прадстаўлены на рэспубліканскі конкурс “Нацыянальная тэатральная прэмія”.
Хто атрымае сёлета Нацыянальную тэатральную прэмію?
Ні кінематограф, ні тэлебачанне, ні інтэрнэт пакуль ніяк не могуць замяніць жывы кантакт гледачоў з акцёрамі. Што ж, тэатры па-ранейшаму запатрабаваныя. І акцёры гатовы здзіўляць нас. Таму амаль сорак спектакляў ад 28 драматычных, музычных, лялькавых, а таксама Вялікага опернага тэатраў краіны былі прадстаўлены на рэспубліканскі конкурс “Нацыянальная тэатральная прэмія”. Спачатку адборачная камісія, якую ўзначальвае вядомы драматург, старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Аляксей Дудараў, вызначыла 16 спектакляў-намінантаў. Сярод іх як класіка, так і п’есы сучасных аўтараў. Гэта знакамітая опера “Аіда” Джузэпэ Вердзі, “Выкраданне Еўропы альбо Тэатр Уршулі Радзівіл” Францішкі-Уршулі Радзівіл і Сяргея Кавалёва, “Гора ад розуму” Аляксандра Грыбаедава, “Леаніды не вернуцца на зямлю” Уладзіміра Караткевіча, “Пан Міністар” Францішка Аляхновіча, “Вянчанне” Вітольда Гамбровіча, “Бяда ад пяшчотнага сэрца” Уладзіміра Салагуба, “Фігара.tut” паводле П’ера Бамаршэ, “Сродак Макропуласа” Карэла Чапека, “Страцім-лебедзь” Юрыя Сохара па матывах паэмы Максіма Багдановіча, “Прынцэса і Свінапас” паводле Ханса Хрысціяна Андэрсен і іншыя пастаноўкі.
Цяпер час усё гэта, лепшае па меркаваннях экспертаў, пабачыць. І хоць толькі нядаўна прайшоў кінафестываль “Лістапад”, ды публіка не стамілася ад такіх відовішчаў, на паказах чакаюцца аншлагі, квіткі актыўна раскупліваюцца. Ладзяцца і калектыўныя паездкі на дзеі з іншых рэгіёнаў краіны. Спектаклі ўжо ідуць на розных тэатральных пляцоўках Мінска, да 18 лістапада. Па выніках прагляду члены журы і вызначаць пераможцаў ІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў дзесяці намінацыях.
Стартаваў конкурс у Нацыянальным акадэмічным драмтэатры імя М. Горкага, узнагароджанне пераможцаў пройдзе ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета.

Іван Іванаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter