Замяніў механізатар сто чалавек

НЯГЛЕДЗЯЧЫ на тое, што абсталяванне яшчэ савецкіх часоў, тут дабіліся самых лепшых у вобласці вынікаў. Выхад доўгага валакна за сем апошніх гадоў павялічыўся з 26 да 124 тон. На прадпрыемстве самы нізкі сярод ільнозаводаў рэгіёна сабекошт прадукцыі: тона льновалакна нумарам 10 за 11 месяцаў мінулага года склала 19,92 мільёна рублёў. Для параўнання, у Бешанковічах — 64,72 мільёна, у Коханаве — амаль 53 мільёны, у Лепелі — 43,6 мільёна, а ў цэлым па вобласці — 28,56 мільёна рублёў. У 2012 годзе Мосарскі льнозавод заняў першае месца ў рэспубліцы па ўраджайнасці, атрымаўшы 15,7 цэнтнера льновалакна з гектара, а летась па гэтаму паказчыку стаў трэцім — 12,4 цэнтнера.

На Мосарскім льнозаводзе самы нізкі сабекошт прадукцыі сярод аналагічных прадпрыемстваў Віцебшчыны

НЯГЛЕДЗЯЧЫ на тое, што абсталяванне яшчэ савецкіх часоў, тут дабіліся самых лепшых у вобласці вынікаў. Выхад доўгага валакна за сем апошніх гадоў павялічыўся з 26 да 124 тон. На прадпрыемстве самы нізкі сярод ільнозаводаў рэгіёна сабекошт прадукцыі: тона льновалакна нумарам 10 за 11 месяцаў мінулага года склала 19,92 мільёна рублёў. Для параўнання, у Бешанковічах — 64,72 мільёна, у Коханаве — амаль 53 мільёны, у Лепелі — 43,6 мільёна, а ў цэлым па вобласці — 28,56 мільёна рублёў. У 2012 годзе Мосарскі льнозавод заняў першае месца ў рэспубліцы па ўраджайнасці, атрымаўшы 15,7 цэнтнера льновалакна з гектара, а летась па гэтаму паказчыку стаў трэцім — 12,4 цэнтнера.

Дырэктар Мосарскага льнозавода Віктар Кейзік у якасці кіраўніка прадпрыемства «распакаваў» чацвёртую пяцігодку. Па спецыяльнасці ён інжынер, але галіну вывучыў настолькі дасканала, што можа замяніць любога спецыяліста.

— У мяне ўсё раскладзена па паліцах, — паказвае ён лісты з лічбамі. — Тут і кошт сыравіны, і адыходаў, і электраэнергіі, і паліва, і амартызацыі абсталявання. Некаторыя лічаць, што паставілі новую замежную лінію — і ўсе праблемы будуць вычарпаны. Не, лён — расліна пяшчотная. І тэхналогію вытворчасці трэба вытрымаць на ўсіх стадыях. Мы вырошчваем яго на 550 гектарах і поўнасцю забяспечваем сябе сыравінай. Стаўку зрабілі не на пашырэнне плошчаў, а на павелічэнне ўраджайнасці.

Своечасова паднялі зябліва, заправілі глебу ўгнаеннямі, пасеялі якасным насеннем, правялі хімпраполкі. Апошнія два-тры гады пачалі ўносіць мікрадабаўкі — медзь, жалеза, цынк. Аддача відавочная і ў насенні, і ў якасці льнотрасты.

Калі ў некаторых раёнах можна бачыць восенню на палях гараджан, якія выязджаюць на пад’ём трасты, то ў Мосары такога няма: каторы год уборка гэтай культуры поўнасцю механізавана. А інакш, пры ручной уборцы, кожнаму чалавеку трэба заплаціць, ды і расцягваецца яна на некалькі тыдняў. Аб якой якасці прадукцыі потым можна гаварыць?

У механізаваным атрадзе працуюць майстры-віртуозы. Франц Кавалеўскі, напрыклад, запрасаваў 348 тон ільнотрасты, 315 тон — Андрэй Філіповіч. Кожны з іх замяніў па... 100 чалавек, калі б гэта рабілася ўручную. Яны нават выязджалі на дапамогу суседзям.

Лінія Мосарскага льнозавода знаходзіцца ў былых, яшчэ панскіх канюшнях. Абсталяванне там — 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Толькі восем гадоў таму закупілі слоефармавальную машыну.

— Можна працаваць і на савецкім абсталяванні, — сцвярджае Віктар Кейзік. — Яно не падводзіць. Самы буйны рамонт быў чатыры гады таму, калі замянілі вальцы на лініі. Праўда, гэта не значыць, што нам нічога не патрэбна. Проста пакуль на ўсё не хапае сродкаў.

Майстар другой змены Ванда Саковіч, жонка механіка прадпрыемства Уладзіміра Саковіча, тлумачыць:

— Кожнай трасце на лініі — свой рэжым. Трэба прасачыць, каб сыравіна не перасушылася, каб былі адпаведныя абароты мялкі.Трохі не дагледзіш — і пагоніць кароткае валакно.

Уладзімір і Ванда Саковічы — не адзіны сямейны дуэт на прадпрыемстве. У трэцім і чацвёртым пакаленні працуюць нашчадкі тых, хто пачынаў тут працаваць: Станіслаў Апяцёнак з сынамі Васілём і Дзмітрыем, Андрэй Філіповіч з жонкай Ганнай, Віктар Навіцкі з жонкай Ліляй, дынастыі Яфімавых, Дулінцоў, Іваноўскіх.

У канцы мінулага года, на свяце работнікаў сельскай гаспадаркі і пераапрацоўчай прамысловасці АПК старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат уручыў Ганаровыя граматы і прэміі Антону Паўловічу, сыну вядучага эканаміста завода Алы Паўловіч, Аляксандру Філіповічу, сыну механізатара Андрэя Філіповіча. Гэтыя выпускнікі Глыбоцкага прафесійна-тэхнічнага ліцэя спачатку вызначыліся як памочнікі камбайнераў на ўборцы даўгунцу, а потым  выдатна працавалі на трактарах з абарочвальнікамі ільнотрасты.

На заводзе фактычна ўсе работнікі мясцовыя, усяго каля сямі дзясяткаў чалавек. Але днямі гэта традыцыя была парушана. Улічваючы, што прадпрыемства нарыхтавала звыш дзвюх тысяч тон льнотрасты і перапрацаваць яе ў дзве змены будзе практычна немагчыма, вырашана перайсці на трохзменку. Рабочых для гэтага пачалі вазіць з Глыбоцкага кансервавага завода «Купцовъ», якія пакуль што не заняты на ўласнай вытворчасці.

* * *

У мінулую пятніцу на Мосарскім льнозаводзе прайшла рэспубліканская   нарада,   на якой абмяркоўваліся вынікі работы льнаводчай галіны за 2013 год.

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter