Посмотрели, какой в этому году листопад в самом теплом городе Беларуси — Бресте

Залаты акорд адыходзячай восені

Паэтаў лістапад натхняе на вершы, а работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі — на штодзённую працу з раніцы і да вечара. І калі зіма раз-пораз дае камунальнікам магчымасць адпачыць, не засыпаючы тратуары ды дарогі снегам, то восень стабільна «лістападзіць». Дрэў у Брэсце становіцца больш, а значыць, і працы прыбаўляецца. Штогод з вуліц абласнога цэнтра сіламі прадпрыемста «Камунальнік» вывозіцца больша за 900 тон лісця. Яшчэ 135 тон з прыватнага сектара забірае смеццеперапрацоўчы завод.


Увосень сонечнага святла стано­віц­ца менш, менавіта перамена ў асветленасці — галоўная прычына змены афарбоўкі лісця. Таму дрэвы жоўкнуць і чырванеюць заўсёды ў пэўны час, нягледзячы на капрызы надвор’я. Вецер зрывае лісце, круціць яго пад мелодыю дажду і ветру і кідае нам пад ногі. Мінаюць пагодныя дні… 

Дзе зараз самыя прыгожыя фарбы ў Брэсце? Прайшліся па горадзе і паглядзелі на восень улюбёнымі вачыма. Гэтага нярэдка не хапае кожнаму з нас — падняць галаву і накіраваць позірк на дрэвы, неба, уважліва агледзецца наўкола і захаваць у сэрцы асеннюю прыгажосць...

Пад жоўтым покрывам птушкі шукаюць корм.

На вуліцы Міцкевіча на тратуар з галінак гулка злятаюць каштаны. Хтосьці з брэстчан, спяшаючыся на працу, абавязкова падніме некалькі штук і пакладзе ў кішэню. Парк Воінаў-інтэрнацыяналістаў — у жоўтым бярозавым убранні. Гарадскі парк засыпаюць лістотай клёны і ясені. Пунсовым лісцем тут выдзяляецца сумах, ці воцатнае дрэва, як яго яшчэ называюць. Фантастычнай каляровай палітрай на фоне ракі Мухавец прыгажэе гарадскі сад — з нядаўняй пары новае месца прыцяжэння брэстчан. А ўздоўж гарадскіх вуліц жаўцее ліпа — у абласным цэнтры яшчэ даволі шмат старых дрэў. 

У апошнія гады ў Брэсце выса­джана нямала экзотыкі, якая ў нас раней ніколі не расла: магноліі, паўлоўніі, канадскія цэрцысы. На жаль, прыгожыя вясной і летам, восенню яны фарбамі не здзіўляюць. У адрозненне ад чырвонага канадскага клёна, які ў горадзе расце, але апошнімі гадамі лічыцца інвазіўным і таму непажаданым у азеляненні.

Дворнікаў з мётламі на вуліцах зараз амаль не ўбачыш. У ЖЭСаў — ручныя пыласосы, паветрадувы. Лісце змятаецца ў кучу, потым загружаецца ў машыны і едзе на палігон каля вёскі Плоскі.


Трэці год вывозяцца лісце і раслінныя адходы з гарадскога прыватнага сектара. Раней людзі палілі лісце і бульбянік на сваіх падворках. І ў 2019 годзе над Брэстам з-за бязветрання павіс такі смог, што наспела тэрміновае рашэнне аб арганізацыі вывазу лісця. 

— Насельніцтву даводзіцца графік, мы друкуем яго на нашым сайце. На працягу месяца аўтамабілі ў выхадныя дні па чарзе аб’язджаюць мікрараёны прыватнага сектара і забіраюць толькі лісце і іншыя раслінныя адходы. Заўважу, паслуга бясплатная. Частка перепрацоўваецца на заводзе, частка ідзе на кампостную пляцоўку, астатняе — на палігон каля вёскі Закруцін, — расказаў намеснік дырэктара па санітарнай ачыстцы Брэсцкага смеццеперапрацоўчага завода Сяргей Тарасевіч.



Раз-пораз адбываюцца экалагіч­ныя спрэчкі наконт таго, ці трэба змятаць і вывозіць лістоту. Нехта прыводзіць аргументы супраць, маўляў, гэта ўдабрэнне для дрэў, глебы, а яшчэ лісцем можна ўцяпляць клумбы. Але ў Брэсце клумбы накрываюць хваёвымі лапкамі — так прыгажэй, апрача таго, гарадское лісце таксічнае з-за цяжкіх металаў, што выдзяляе транспарт. 

— Да апошняга лісціка не выгрэбваем, але максімальна прыбіраем. Бо, як вядома, у лісці зімуюць шкоднікі, у тым ліку самшытавая агнёўка, якая сёлета знішчыла амаль усе самшытавыя насаджэнні ў горадзе, — патлумачыла намеснік дырэктара па вытворчасці прадпрыемства «Камунальнік» Людміла Бадзей.

Кастрычніцкія сонечныя дні дораць самыя пазітыўныя эмоцыі.

«…Шапацяць, шалясцяць залацістыя, увысь галінкі глядзяць пусталістыя. А як прыйдзе вясна — усё адменіцца і галінкі ізноў зазяленяцца», — успамінаюцца радкі з верша «Лістапад» Янкі Купалы. Так што не сумуем, бо за восенню — зіма, а там і да вясны недалёка… 

kozlovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter