Залатое пяро мэтра

Сёння нашаму аўтару Мiхаiлу Шыманскаму спаўняецца 75 гадоў

Творчасць Мiхаiла ШЫМАНСКАГА, якому сёння спаўняецца 75 гадоў, дапамагае чытачам адкрыць i палюбiць Беларусь у розную пару года, на розных этапах гiсторыi. Яго публiцыстычныя кнiгi — пра час i пра сябе – адлюстроўваюць унiкальныя лёсы славутых суайчыннiкаў, распавядаюць пра духоўную спадчыну роднага краю, пра надзейных i сапраўдных сяброў у краiнах блiзкага i далёкага замежжа...

Яшчэ ў савецкi перыяд, працуючы ўласным карэспандэнтам газеты “Известия”, ён удоўж i ўпоперак прайшоў i аб’ехаў Бацькаўшчыну, словам i вобразамi адкрываючы свету яе хараство, простасць, велiч, працавiтасць, гасцiннасць, добразычлiвасць… Зрэшты, усе лепшыя рысы нашага народа ўласцiвы i самому Мiхаiлу Мiкалаевiчу. Працавiтасцi яго можна пазайздросцiць, культуры валодання роднай мовай – павучыцца, самасвядомасць i пачуццё ўласнага гонару – пераняць.

Гэта i робiм мы, супрацоўнiкi “Рэспублiкi”, на старонках якой мелi магчымасць да гэтага часу друкаваць допiсы слыннага майстра слова.

Для маладога пакалення журналiстаў краiны Мiхаiл Шыманскi, безумоўна, мэтр – у самым лепшым сэнсе гэтага слова. I разам з тым лагодны старэйшы сябар, мудры i спагадлiвы калега, да якога заўсёды можна звярнуцца з пытаннем цi папрасiць парады. А заадно паслухаць успамiны тыпу “быў час, быў век, была эпоха…”.

З юбiлеем, дарагi наш чалавек!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter