“Залатая ліцера” адправілася на Брэстчыну

Сродкі масавай інфармацыі Брэсцкай вобласці не толькі былі абраны пачэсным госцем ХІІ міжнароднай выставы “СМІ ў Беларусі”, але і заваявалі адразу дзве бронзавыя статуэткі ІV Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ “Залатая ліцера”

Раённая газета “Лунінецкія навіны”, невялікі калектыў якой шчыра і праўдзіва піша пра жыццё сваіх землякоў, перамагла ў намінацыі “Лепшая раённая газета”. А лепшай гарадской газетай журы конкурсу назвала “Вечерний Брест” — выданне, якому 16 год і якое не адносіцца да разраду дзяржаўных, але інтарэсы дзяржавы і народа для якога вышэй за ўсё.
Першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч да добрай традыцыі “Залатой ліцеры” адносіць той факт, што конкурс не замыкаецца толькі на дзяржаўных СМІ, што ўсё больш у яго арбіту ўцягваюцца недзяржаўныя выданні, якія даўно і сур`ёзна працуюць на нашым інфармацыйным полі.
А начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Рагачук так пракаменціраваў “НГ” гэту прыемную для ўсяго рэгіёна падзею: органам улады Брэстчыны ўдалося знайсці разумны кампраміс як з дзяржаўнымі, так і недзяржаўнымі СМІ. І ўстанавіць разумны баланс: у вобласці 20 дзяржаўных і 29 недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Чацвёрты год праводзіцца на Брэстчыне конкурс журналісцкага майстэрства, сам губернатар вітае пераможцаў, а імі становяцца прадстаўнікі як друкаваных, так і электронных СМІ незалежна ад формы ўласнасці. І семінары для журналістаў праводзяцца рэгулярна, з апошніх вельмі цікавых — на факультэце журналістыкі БДУ. Наогул жа газеты, часопісы, радыё і тэлебачанне вобласці развіваюцца гэтак жа дынамічна, як і ва ўсёй краіне. Пераходзяць на двухколернасць і паўнацвет, прырастаюць тыражамі газеты. Напрыклад, тыраж столінскай раёнкі ўжо 16 тысяч экземпляраў!
240 заявак у 24 намінацыях было пададзена сёлета на ўдзел у ІV Нацыянальным конкурсе “Залатая ліцера”. Намінантаў засталося ў тры разы менш. “Народная газета” намініравалася ў дзвюх важнейшых намінацыях — “Лепшая грамадска-палітычная газета” і “Лепшы творчы праект года рэспубліканскіх друкаваных СМІ”. Віншуем калег з перамогай!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter