Залатая бiяграфiя Мiкалая Васiлевiча

Багаты той, хто з году ў год пiша сваю бiяграфiю залатымi каласамi збажыны, блакiтам iльну, зелянiнай траў. Хто прачынаецца на досвiтку i апоўначы шкадуе, што летнi дзень такi кароткi. Хто любiць прайсцi басанож па мурагу, не адмаўляючы асфальт. Ён мала просiць, а шмат аддае. I не забываецца дзякаваць зямельцы за лiтасць i спагаду.


Бiяграфiя старшынi СВК “Аграфiрма “Лучнiкi” Мiкалая Iльiча Васiлевiча скрозь залатая. Ураджэнец Слуцка, ён некалькi дзесяцiгоддзяў схiляецца менавiта да гэтай зямлi. Напачатку мянялiся гаспадаркi i пасады. Брыгадзiр, галоўны аграном, дырэктар саўгаса... Вясна iмгненна далятала да зiмы, i, здавалася, ужо назаўтра зноўку цягнулi зялёную шыю да вясновага сонца жыта i пшанiца. Зямля шчодра дзякавала ўраджаямi за клопат i руплiвасць. А лёс вёў яго далей — да таго месца, якое ляжа на душу раз i назаўсёды, дзе ён для ўсiх стане сваiм. Роўна 30 гадоў таму Мiкалая Iльiча Васiлевiча выбралi старшынёй калгаса “Ленiнскi шлях”, якi цяпер носiць вядомую ў нашай краiне назву “Аграфiрма “Лучнiкi”. Тут яму дарагi кожны лапiк зямлi, яго крокi ведаюць прыгожыя вулiцы, уважлiвы погляд — новыя будынкi, цвёрды поцiск рукi — працаўнiкi. Праца кiраўнiка высока ацэнена дзяржавай. А ў Лучнiках яго шчыра паважаюць — за працавiтасць i дасведчанасць, за цеплыню, гатоўнасць прыйсцi на дапамогу.
Калектыў “Народнай газеты” ганарыцца тым, што можа назваць Мiкалая Iльiча Васiлевiча добрым сябрам нашага выдання. Мы шчыра вiншуем Вас, паважаны старшыня, з 30-годдзем знаходжання на пасадзе кiраўнiка “Лучнiкоў”. Здароўя Вам, дабра i высокiх ураджаяў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter