Закон як люстэрка жыцця

У ніжняй палаце прайшоў семінар па заканатворчым працэсе

Своеасаблівым пралогам вывучэння заканадаўчай практыкі і ўзаемадзеяння дэпутатаў з мясцовымі органамі ўлады стаў семінар “Заканатворчы працэс у Рэспубліцы Беларусь”, які прайшоў у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі з удзелам членаў Савета Рэспублікі.

Як адзначыў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка, такая форма працы прадыктавана ў першую чаргу зменай складу парламента. Яна стане свайго роду гарантыяй, што выбаршчыкі атрымаюць якасныя і вывераныя законы, якія здолеюць забяспечыць мадэрнізацыю і інавацыйны шлях развіцця краіны. Пры гэтым Уладзімір Андрэйчанка лічыць, што ў практыцы беларускага парламента яшчэ не да канца раскрыты патэнцыял парламенцкіх слуханняў, пашыраных пасяджэнняў пастаянных камісій, у тым ліку з удзелам вучоных, прадстаўнікоў грамадскасці, СМІ. Неабходна шырока выкарыстоўваць Інтэрнэт, на сайтах палат варта размяшчаць найбольш значныя законапраекты, праводзіць іх публічнае абмеркаванне. У выніку чаго мы атрымаем «абгрунтаваныя, добра прапрацаваныя дакументы, якія адказваюць інтарэсам дзяржавы і нашых грамадзян».

Што датычыцца магчымых рознагалоссяў адносна праектаў законаў, то, на думку старшыні Палаты прадстаўнікоў, яны павінны аператыўна здымацца праз дасягненне кампрамісу. У асобных выпадках мэтазгодна праводзіць сумесныя пасяджэнні пастаянных камісій палат парламента. А па найбольш значных пытаннях могуць разам збірацца Савет Палаты прадстаўнікоў і Прэзідыум Савета Рэспублікі. Пры гэтым тэрмін разгляду законапраекта не павінен перавышаць аднаго года. Гэта патрабаванне кіраўніка дзяржавы, і яно павінна няўхільна выконвацца, падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка.

Варта таксама ўлічыць і новыя ўмовы працы: Еўразійская эканамічная камісія цяпер распрацоўвае пагадненні, якія новаму складу парламента трэба будзе ратыфікаваць у 2013 годзе паралельна з калегамі з Расіі і Казахстана. Што тычыцца распрацоўкі падыходаў і парламенцкай ацэнкі еўразійскай эканамічнай інтэграцыі, то, на думку Уладзіміра Андрэйчанкі, гэтая праца працягваецца. Хоць Палата прадстаўнікоў у гэтых адносінах пакуль што не падзяляе ўсе падыходы Расіі.

Галоўная ўмова прыняцця любога законапраекта — надзейная абарона законных правоў грамадзян, на што таксама нацэльвае народных выбраннікаў кіраўнік дзяржавы ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. У прыватнасці, дэпутаты павінны суаднесці кожнае палажэнне закона з рэальным жыццём, надзённымі клопатамі і патрэбамі людзей.

Аб гэтым таксама казаў у дакладзе адносна асноўных стадый заканатворчага працэсу дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзім Іпатаў. Невыпадкова кіраўніку ўстановы, якая павінна арыентавацца на тэорыю і практыку прымянення законаў, дэпутаты задалі найбольшую колькасць надзённых пытанняў.

Так, дэпутат Палаты прадстаўнікоў старшыня камісіі Віктар Шчэцька запытаўся ў дырэктара заканадаўчага цэнтра, ці з’яўляецца законным патрабаванне Дэпартамента аховы МУС аб абавязковым заключэнні дагавора з паляўнічымі. Віктар Уладзіміравіч паведаміў, што пасля нядаўняга прыняцця заканадаўчых паправак аб зброі паляўнічым сталі прыходзіць прадпісанні аб заключэнні дагавораў на ахову стрэльбаў. Агучаную ініцыятыву ахоўнага ведамства Вадзім Іпатаў ацаніў наступным чынам: «Гэтыя патрабаванні на ўзроўні не інакш як самадзейнасці. Дагавор аховы павінен заключацца на добраахвотнай аснове. Гэтае пытанне мы дадаткова вывучым у рамках маніторынгу».

Вадзім Іпатаў звярнуў увагу дэпутатаў, што ў апошнія гады заканатворчая праца ў краіне стабілізавалася. Цяпер на розных стадыях распрацоўкі знаходзяцца каля 60 законапраектаў. Больш за палову з іх ужо падрыхтаваны да разгляду парламентарыямі, яшчэ каля 30 будуць унесены на разгляд парламента ў 2013 годзе. Кіраўнік цэнтра прывёў даволі цікавую статыстыку: у гэтым годзе Прэзідэнт ініцыяваў 10 законапраектаў, урад — 35, а дэпутаты — 1.

Ён звярнуў увагу дэпутатаў і сенатараў на наступную заканатворчую асаблівасць: закон не павінен ператварацца ў пасрэдную інструкцыю. Калі ён арыентаваны на прымяненне шырокай аўдыторыяй, то павінен быць зразумелы ўсім, а не толькі юрыстам.

Падчас семінара таксама меў слова намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Валерый Міцкевіч. На яго думку, заканатворчасць — гэта галоўная сфера, дзе дэпутацкі корпус новага склікання павінен заваяваць сабе аўтарытэт і павагу ў грамадстве.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter