Закон Ома ў омах, ці Правапіс малой літары ў асабовых імёнах

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.

У працяг размовы аб напісанні вялікай літары ў асабовых назвах пагаворым пра выпадкі, калі імя ўласнае пераходзіць у агульнае, г.зн. губляе персанальную ідэнтыфікацыю чалавека, і ім могуць называць ужо не канкрэтную асобу, а мноства людзей. Так здараецца, калі з імем рэальнага чалавека ці персанажа літаратурнага твора звязваецца характар, уласцівасць, лад жыцця, здзейснены ўчынак і інш.
Напісанне ў такім выпадку адрозніваецца. Імёны ўласныя “губляюць” вялікую літару: шумахер — зборнае для ўсіх аўтагоншчыкаў, пеле — футбалістаў, айбаліт — дактароў, таксама лавелас, донжуан, мецэнат, ментар і інш. Перад намі так званыя эпонімы. Яны абазначаюць імёны ўласныя, што перайшлі ў агульныя. Так называюць таксама назвы з’яў, хвароб, паняццяў, метадаў па імю чалавека, які вынайшаў іх ці апісаў: закон Вакернагеля (Кулона), ацёк Квінкэ, хвароба Альцгеймера (Паркінсона, Лайма), сімвал Кронэкера, эфект Джазэфсона, градус Цэльсія і інш.
Напісанне эпонімаў рознае: у адным выпадку яны пішуцца з малой літары, у другім — з вялікай.
У новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” такія выпадкі рэгламентаваны наступным чынам.
З малой літары пішуцца:
агульныя назвы людзей, прадметаў, рэчываў і хімічных элементаў, адзінак вымярэння, якія ўтварыліся на аснове асабовых і геаграфічных назваў: донжуан (быў донжуанам), донкіхот (такі донкіхот), эскулап; бефстроганаў, браўнінг, дызель, кацюша, маўзер, маргарытка, наган, такай, форд, фрэнч, шавіёт; морфій, амерыцый, палоній, уран, фермій, ванадый, жаліётый, кобальт, курчатавій, кюрый, мендзелевій, нептуній, нільсборый, ніобій, паладый, палоній, рэній, рутэній, скандый, стронцый, тэрбій, тулій, францый, эрбій, плутоній, праметый, рэзерфордый, самарый, тантал, эйнштэйній; ампер, вольт, джоўль, ом, рэнтген, фарада.
Заўважым, што вялікая літара захоўваецца пры наяўнасці родавага паняцця: закон Ома, закон Ампера, законы Вольта.
З малой літары пішуцца асабовыя назвы (прозвішчы, імёны і інш.) у форме множнага ліку, калі іх ужыванне выяўляе пагардлівыя, зневажальныя адносіны: гарлахвацкія, заблоцкія, кручковы, пісулькіны, тулягі, азефы, квіслінгі.
Захоўваецца напісанне з вялікай літары, калі прозвішча, якое ўжываецца ў агульным значэнні, не пераходзіць у разрад назоўнікаў агульных, напрыклад: Не кожны дзень нараджаюцца Максімы Багдановічы. І нас чакаюць свае Пушкіны...
З малой літары пішуцца:
назвы чалавека, утвораныя ад асабовых імёнаў, якія ўказваюць на яго прыналежнасць або прыхільнасць да каго-, чаго-небудзь: гегельянец,  купалавец, магаметанін, махновец, талстовец;
прыметнікі, утвораныя ад асабовых назваў, якія ўжываюцца ў складзе ўстойлівых спалучэнняў з назоўнікамі (фразеалагізмаў) або ў складзе састаўных агульных назваў са значэннем адпаведнай адноснай прыкметы: эзопаўская (эзопава) мова, пірава перамога, ахілесава пята, танталавы мукі, шамякаў суд, бальзакаўскі ўзрост, броўнаўскі рух, гегелеўская дыялектыка, купалаўскі верш, напалеонаўскія планы, дэголеўская Францыя, рэнтгенаўскі здымак, сідарава каза;
часткі ван, да, дзі, дзю, дон (донна), дэ, дэр, ла, ле, фон, эль і некаторыя іншыя ў іншамоўных асабовых назвах: Людвіг ван Бетховен, Леанарда да Вінчы, Кола дзі Рыенца, дзю Гар, дон Фердынанд, Лопэ дэ Вега, ле Карбюзье, Ота фон Шанхаўзен; але ў асабовых назвах літаратурных герояў (Дон Кіхот, Дон Хуан), а таксама ў некаторых выпадках у прозвішчах і імёнах пішуцца з вялікай літары: Дзі  Віторыё,  Дэ Лонг,  Ван Гог, Эль Грэка, Ла Баэсі;
часткі ага, ад, ал, ас, ар, аш, бей, бек, задэ, аглы, уль, зуль, кызы, аль, паша, хан, шах, эд, эль і некаторыя іншыя ў іншамоўных асабовых назвах, якія падаюцца звычайна пасля назвы або перад ёй і пішуцца праз злучок: Ібрагім-ага, Амар аш-Шарыф, Ібрагім-бей, Амад-задэ, Турсун-задэ, Кёр-аглы, Мамед-аглы, Сейф уль-Іслам, Зульфія-кызы, Амад эд-Дзін, Седах зуль-Факар, Сулейман-паша, Махамед эль-Куні і інш.

Зваротная сувязь

Добры дзень! Дазвольце звярнуцца да прафесара В.І.Іўчанкава з пытаннем, што выклікае ў настаўнікаў цяжкасці. З’яўляюцца яны пасля таго, калі ў слоўнікі ўносяцца розныя варыянты напісання. Здавалася б, у новых акадэмічных слоўніках такога разнабою не павінна быць. Аднак у выпушчаным нядаўна “Беларускім арфаграфічным слоўніку” на старонцы 238-й падаюцца словы зарыентавацца, зарыентаваць. А як жа тады быць з новай рэдакцыяй “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”? Што нам рабіць?
Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры  г.Мінска
Параім укладальнікам слоўніка пры перавыданні ўлічыць выказаную настаўнікамі заўвагу. Вам жа, паважаныя настаўнікі, трэба кіравацца наступным. У “Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, зацверджаных Законам Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 г., у чацвёртым абзацы пункта 8 параграфа 28 “Прыстаўкі” прадпісваецца: калі корань слова пачынаецца з галосных а, у, э або ненаціскнога і, якое пераходзіць у ы, замест прыстаўкі з- пішацца прыстаўка с-: сарганізаваць, сумысна, сэканоміць, сыграць; але: зымправізаваць, зыначыць.
Правільна: сарыентавацца, сарыентаваць.

Добрага часу сутак! Ці нельга даведацца пра новыя нормы ўжывання мяккага знака і апострафа ў арфаграфіі беларускай мовы? Папярэдне дзякуй.
buzik-91

— Змены закранулі наступныя выпадкі правапісу мяккага знака і апострафа. Мяккі знак не пішацца: у прыметніках з суфіксам -ск-, утвораных ад назоўнікаў на -нь: конскі (конь), астраханскі (Астрахань), любанскі (Любань), плзенскі (Плзень), чань-чунскі (Чань-Чунь), цянь-шанскі (Цянь-Шань). Ліквідавана выключэнне, якое датычылася прыметнікаў, утвораных ад кітайскіх назваў. У “Правілах” (1959): чань-чуньскі, цянь-шаньскі.
Апостраф пішацца пры асобным вымаўленні зычных з наступным галосным: у складаных словах з першай часткай двух-, трох-, чатырох-, шмат- перад літарамі е, ё, ю, я: двух’ярусны, трох’ярусны, шмат’ядзерны, шмат’ёмісты. Гэтага абзаца ў “Правілах” (1959) не было. Яго з’яўленне здымае шэраг пытанняў напісання апострафа.

Добры дзень, Віктар Іванавіч! Дапамажыце, калі ласка, разабрацца са словамі цунамі і спагецці. Як іх правільна пісаць? Якога яны роду?
Тамара Мікалаеўна, настаўніца беларускай мовы, г.Гродна

Прывітанне, рубрыка! Сутыкнуліся з цяжкасцю пры ўкладанні слоўніка. Хочацца праверыць сябе і пачуць кампетэнтную думку. Да якога роду трэба аднесці словы цунамі, спагеці? З удзячнасцю і павагай калегі з НАН Беларусі.
— Слова спагеці падпадае пад агульнае правіла напісання падвоеных зычных: у запазычаных словах, у тым ліку ва ўласных імёнах і назвах, і вытворных ад іх словах падвоеныя літары звычайна не пішуцца: граматыка, група, калектыў, калекцыя, сума, карэспандэнт, каса, касір, тэрыторыя, піца, саміт; Ала, Васа, Генадзь, Іна, Нона, Іпаліт, Кірыл, Адэса, Калькута, Марока, Ніца; але: бонна, донна, манна, панна, ванна, мадонна, саванна; Ганна, Жанна, Сюзанна, Мекка і інш.
Нескланяльныя назоўнікі спагеці і цунамі варта аднесці да ніякага роду.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter