Захавальнік Івачы Іван

Як жывецца беларускаму “рабінзону” ў запаведных мясцінахПэўна, не газетныя старонкі, а цэлыя кніжныя тамы варта было б прысвяціць уражанням, што пачарпнулі мы, наведаўшы на пачатку восені рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Котра”. Пачуўшы, што ў гэтых мясцінах дзякуючы адзінаму свайму жыхару Івану Піліпавічу Ханевічу яшчэ існуе вёсачка Івача, мы проста пачалі маліць: завязіце нас Івачу паглядзець ды пазнаёмце з тым незвычайным Іванам, які адважыўся жыць гэткім сабе “рабінзонам” сярод шумлівага ляснога мора. А можа, і ў яго таксама Пятніца ёсць?

— Ды не! Іван — перакананы халасцяк! Так бы мовіць, “першы хлопец на ўсю вёску, а ў вёсцы — адзін я!” — незласліва пажартавалі нашы “гіды” і папярэдзілі, што да Івачы з Матылёў па лясных, калдобістых дарогах ні многа ні мала... з паўсотні кіламетраў. Больш за ўсё па дарозе перажывалі, каб хоць адзінокага вяскоўца дома застаць. Фантазія малявала чалавека панурага і нелюдзімага, якога ой як цяжка будзе разгаварыць.
— Усіх жыхароў Івачы ў свой час рассялілі па іншых вёсках і пасёлках, бо ваенныя тут вучэбны палігон сабе аблюбавалі, а вось Ханевіч чамусьці так і не пакінуў роднай хаты, — тлумачаць нашы спадарожнікі.
Нарэшце і дом пры дарозе паказаўся — яшчэ моцны, як і сам гаспадар, што выглядае проста малайцом у свае 75 гадоў. Што значыць у экалагічна чыстым асяродку на ўлонні прыроды жыць! З лесу Іван Піліпавіч выйшаў, трымаючы ў абедзвюх руках напоўненыя лісічкамі цэлафанавыя мяшкі, добразычліва прывітаўся.
— Ды ў мяне тут кожны дзень хто-небудзь затрымліваецца! — зусім не здзівіўся нашаму візіту “рабінзон”. — Людзі любяць ваду з майго калодзежа. Пагранічнікі набіраюць ёмістасці па 40 літраў. Паспрабуйце, нідзе такой чысцюткай і смачнай вады не знойдзеце. Я ў калодзеж ніколі ні малако ў бляшанцы, ні прадукты не апускаю. Хоць і электрычнасці няма, і без халадзільніка летам цяжкавата, але неяк абыходжуся...
Дарэчы, Іван — чалавек тэхнічна падкаваны. Перад пенсіяй вадзіцелем “хуткай дапамогі” працаваў у берштаўскай бальніцы. Прыдумаў сабе і прыстасаванне з рухавіком для выпрацоўкі лакальнай электраэнергіі. Тэлевізар, зразумела, не паглядзіш, а вось для “лямпачак Ільіча” магутнасці хапае. Але...
— На бензіне працуе мая “электрастанцыя”, а гэта зараз дарагое задавальненне, таму па старых звычаях лямпай карыстаюся, — гаворыць Іван і па нашай просьбе паказвае свае ўладанні.
Прасторны падворак аксамітным мурагом усланы і не мае патрэбы ў агароджы — ад каго адгароджвацца? Раздолле. Праз сотні дзве метраў — агародзік, бульбачка, жыта. Далей — вуллі. З бярвенняў складзена недабудаваная лазня. У хляве — рагуля. Курэй, праўда, няма магчымасці трымаць: адразу лісы пацягнуць. Наогул, каго толькі з лясных жыхароў не сустракаў Іван, але ўсё мірам абыходзілася.
Зусім непадалёку нясе свае павольныя воды Котра, дзе Іван ловіць рыбу. Плоткі, шчупакі, акуні — усё бярэцца на вуду! Мясціны тут надзвычай шчодрыя, маляўнічыя і падаюцца сапраўдным раем на зямлі. Але ж як тут выжыць зімой?
— З прыходам новага старшыні сельвыканкама дарогу да мяне пасля завірухі заўсёды бульдозерам расчышчаюць, — тлумачыць Іван Ханевіч. — Аўталаўка ў суседнія Ліпнікі прыходзіць, там і купляю прадукты.
У пуні ў Івана акрамя духмянага сена стаяць ажно два матацыклы. “ІЖ” у сярэдзіне 50-х быў куплены, а да гэтага часу на хаду. На “Мінскім” хоць зараз сядай ды едзь! Але “рокерам” не дазваляе быць усё тая ж праблема з бензінам, хоць Піліпавіч мае прыбаўку да пенсіі, здаючы нарыхтоўшчыкам грыбы і суніцы. Івану з Івачы працавітасці не займаць. Умее майстраваць з дрэва мэблю, плясці кашы, сталярнічаць. Словам, на ўсе рукі майстар.
Ханевіч запрашае нас прайсці ў сваё крыху спартанскае халасцяцкае жытло. Ікона на сцяне, печ, нефарбаваная падлога... Усё па-вясковаму проста і сціпла.
— А гаспадыню ў доме не хацелася б бачыць?
— Ды ўжо позна... Шкада, канешне, што не склалася асабістае жыццё, што дзеці не адчыняць веснічкі... Толькі на сябе магу разлічваць. Больш за трыццаць год, як маці пахаваў і адзін жыву, — зажурыўся Іван Піліпавіч. — Сам не ведаю, як атрымалася, што ўся вёска адсялілася, а я застаўся тут. Тыя варыянты, што калісьці прапаноўвалі, мне не падыходзілі. А тое, што я сам хацеў, напрыклад дом у Бершты перавезці, не па сілах аказалася. Вось і застаўся адзін. Відаць, лёс такі. Удзячны, што на гэтай зямлі добрых людзей больш, чым ліхіх, сустракаецца. Толькі аднойчы нейкія злыдні біліся ў дзверы, але я не пусціў, а так з адкрытай душой людзі да мяне на падворак прыходзяць. Асабліва сябрую з  пагранічнікамі. Сацыяльны работнік Лена Хвайніцкая заходзіць, сябар мой з лясніцтва Вацлаў Гук завітвае.
Насамрэч, усіх нібы нейкім магнітам прыцягвае прыгожая Івача і яе адзіны захавальнік Іван — гэтыя схаваныя ў глухім лесе жамчужынкі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter