Свой 60-гадовы юбілей выпускнік Беларускай акадэміі мастацтваў, член Саюза мастакоў Малдовы Вячаслаў Ігнаценка адзначыў шэрагам персанальных выстаў

За вернісажам — вернісаж

Свой 60-гадовы юбілей выпускнік Беларускай акадэміі мастацтваў, член Саюза мастакоў Малдовы Вячаслаў Ігнаценка адзначыў шэрагам персанальных выстаў

Вячаслаў Ігнаценка з народнай артысткай Малдовы Маргарытай Івануш
Вячаслаў Ігнаценка з народнай артысткай Малдовы Маргарытай Івануш

Чытачы “Голасу Радзімы”, пэўна, ведаюць: Вячаслаў родам з вёскі Пярэдзелка, што непадалёк ад Дняпра ў Лоеўскім раёне, на беларускім Палессі. Ён цяпер — намеснік старшыні Беларускай абшчыны Малдовы. Чарговая выстава майстра пад назвай “Усім, хто любіць Малдову і Беларусь” арганізавана нядаўна Беларускай абшчынай Малдовы і артсалонам “Артсувенир” пры падтрымцы Пасольства Беларусі ў Малдове. У экспазіцыі — каля сотні работ: беларускія і малдаўскія пейзажы, эцюды, творы ў іншых жанрах. На вернісажы былі Часовы павераны ў справах Беларусі ў Малдове Андрэй Кароль, дэпутаты парламента Малдовы, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі. Выставу наведаў кіраўнік Дэлегацыі Еўрапейскага саюза ў Малдове Пірка Тапіёла з жонкаю. Усе яны высока ацанілі працы, талент і майстэрства Вячаслава Ігнаценкі.

Выстава мастака паспрыяе далейшаму ўмацаванню сувязяў, даверу і дружбы паміж народамі Беларусі і Малдовы. Ураджэнец Гомельшчыны даўно жыве і працуе ў Малдове, вучыўся ж — у вядомых майстроў беларускага жывапісу. У тэксце “І буду я дома…”, змешчаным у “Голасе Радзімы” 4 жніўня 2011 года, чытаем: “Яго дарога ў мастацтва была няпростай: маляваў з маленства, а падрыхтоўкі бракавала нават для мастацкага вучылішча. Працаваў слесарам, тэрмістам на Мінскім заводзе шасцерняў, вечарамі наведваў заняткі ў мастацкай студыі Палаца піянераў — іх вёў педагог Сяргей Каткоў, у іншых месцах. Галоўнае, прызнаецца, шукаў асяродак мастакоў, каб было ў каго павучыцца. Урэшце пасля арміі з чацвёртага разу прайшоў у Тэатральна-мастацкі інстытут, скончыў там у 83-м інтэр’ернае аддзяленне. Праз Каткова Вячаслаў пазнаёміўся з земляком, народным мастаком і, мабыць, найлепшым пейзажыстам Беларусі Віталем Цвіркам: “нават жыў у ягонай майстэрні месяцаў з восем” — гэта была вялікая школа. А ў студэнцкім інтэрнаце тры гады Ігнаценка жыў у адным пакоі, “варыўся ў адным творчым катле” з прызнаным ужо майстрам пейзажу Валерыем Шкарубам, яны і цяпер сябры. “Мінскае кола” — моцная частка сілы, што кліча яго на Радзіму”.

Вячаслаў пастаянна ўдзельнічае ў выставах у Малдове, Украіне, Беларусі, краінах далёкага замежжа. Работы яго ёсць у Мастацкім і Гістарычным музеях Беларусі, Мастацкім музеі ды Музеі прыроды і этнаграфіі Малдовы, шэрагу іншых збораў розных краін. Сёлета мастак адзначае ​​60-я ўгодкі, і выстава “Дыханне зямлі” ладзілася ўвесну ў Кішынёве, а летам і ў Гомелі: у галерэі імя Гаўрылы Вашчанкі была ягоная выстава “Гульня”. Увогуле на рахунку майстра каля 40 персанальных выстаў: Мінск, Гомель, Кішынёў, Ціраспаль, Бельцы, Камрат, Адэса, Белгарад-Днястроўскі, Таронта.

Вячаслаў Ігнаценка актыўна працуе і ў Беларускай абшчыне Малдовы, перадае творчы досвед і ўменне юным мастакам — у нядзельным класе беларускай суполкі.

Юры Статкевіч, старшыня праўлення Беларускай абшчыны Малдовы, г. Кішынёў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter