У пяты раз у Беларусі прайшло народнае веча

За будучыню ў адказе кожны

У пяты раз у краіне прайшло народнае веча. І штораз яно знаменавала важныя моманты ў развіцці дзяржавы. Цяперашні Усебеларускі народны сход адкрыўся 22 чэрвеня. Гэта знакавая дата для кожнага беларуса. У ёй крыецца вялікі сэнс: людзі змаглі аб’яднацца і толькі дзякуючы гэтаму выстаяць, прайсці праз гады ліхалецця, стварыць сваю дзяржаўнасць, навучыцца абараняць суверэнітэт і ісці па шляху будаўніцтва квітнеючай Беларусі. І невыпадкова работа маштабнага форуму сёлета пачалася з хвіліны маўчання ў памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

Сёння перад краінай стаяць найскладанейшыя задачы. Гэта датычыцца глабальных выклікаў у эканоміцы і палітыцы. У чым прычыны ўзніклых цяжкасцяў? Што мы рабілі правільна, а ў чым, магчыма, памыляліся? І галоўнае, што чакае нас у перспектыве? Якім курсам пойдзе наша дзяржава далей? На ўсе гэтыя пытанні і заклікана было адказаць веча. З дакладам перад яго ўдзельнікамі выступіў Прэзідэнт.


Пра бяспеку


Наша краіна здольная абараніць свой суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць. Рэалізуецца комплекс мерапрыемстваў па ўдасканаленні сістэмы аховы дзяржаўных межаў, у першую чаргу на паўднёвым напрамку. Выстаўлены новыя падраздзяленні, ствараецца інтэграваная сістэма аховы мяжы, укараняюцца сучасныя ўзоры ўзбраення і тэхнікі. Аляксандр Лукашэнка зробленае ў сферы бяспекі абазначыў ёміста: “Створаная сістэма — гэта эфектыўны шчыт на шляху тэрарызму, наркатрафіку і нелегальнай міграцыі”. Адной з найважнейшых задач у ваеннай сферы з’яўляецца забеспячэнне войскаў найноўшым узбраеннем і тэхнікай, без гэтага немагчыма абараніць родную зямлю: “Нашы навукоўцы сумесна з арганізацыямі абароннага сектара эканомікі распрацавалі і паспяхова выпрабавалі ва ўмовах густанаселенай Беларусі, а не на пустэльных палігонах, рэактыўную сістэму залпавага агню “Паланэз”, адпаведную лепшым сусветным узорам высокадакладнай зброі”.

У перспектыве прадоўжыцца развіццё ваеннага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй у сістэме рэгіянальнай групоўкі войскаў, а таксама з краінамі АДКБ ды іншымі дзяржавамі.

“Выбудоўванне міралюбнай і добрасуседскай палітыкі, непрымальнасць выкарыстання сілы ў вырашэнні міжнародных супярэчнасцяў дазволілі нам стаць асноўнай пляцоўкай для перагавораў па ўрэгуляванні ўзброенага канфлікту ў нашай роднай Украіне”. Сёння сусветная супольнасць разглядае Беларусь як донара рэгіянальнай бяспекі.

Пра праграму развіцця


Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады накіравана ў будучыню і прадугледжвае канкрэтныя дзеянні, перакананы Прэзідэнт: “Гэта праграма развіцця, а не застою; праграма будучыні, а не мінулага; праграма дзеянняў, а не спадзяванняў. Мы добра разумеем: праблемы не вырашацца самі сабою, крызісныя з’явы не знікнуць па ўзмаху чароўнай палачкі. Менавіта таму ў аснову праграмы пакладзены прынцыпы прагрэсу і адкрытасці. Мы робім стаўку на веды і тэхналогіі. У гэтым ключ да вырашэння бягучых праблем і руху наперад”.

І яшчэ са сказанага Прэзідэнтам: “Трэба адчуваць момант, ведаць і разумець, калі можна рабіць тыя ці іншыя радыкальныя крокі. Тое, што яны патрэбныя ў асобных момантах — гэта так. Але што будзе, калі мы ў перыяд, калі трэба згуртавацца, арганізавацца, не дапусціць далейшага падзення, ісці выверана, як па тонкім лёдзе, пачнём ламаць гэты лёд? Зразумела, што адбудзецца”.

Пра народаўладдзе


Усебеларускі сход з’яўляецца рэальна дзеючым механізмам народаўладдзя, упэўнены Прэзідэнт: “Права чалавека і грамадзяніна на ўдзел у кіраванні справамі дзяржавы з’яўляецца неад’емным патрабаваннем часу”. Дэвіз “Разам — за моцную і квітнеючую Беларусь” сімвалізуе пераемнасць і згуртаванасць грамадства на карысць Радзімы: Усебеларускі народны сход па праву з’яўляецца адной з важнейшых формаў прамой дэмакратыі і грамадскім інстытутам сучаснай Беларусі, які апраўдаў сябе: “Шчырая і сумленная размова з людзьмі стала нормай жыцця для ўлады і ўсіх службовых асобаў дзяржавы”.


Пра апераджальную стратэгію


“Размова не пра нейкую кардынальную ломку і перабудову ўсяго. Падкрэсліваю: патрэбна ўдасканаленне таго шляху, які выбралі і па якім даволі паспяхова прайшлі першыя два этапы аднаўлення і стабілізацыі. На новым этапе нам неабходна перайсці ад “даганяючай” стратэгіі да “апераджальнай”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Таму, каб асвоіць новыя нішы, нам трэба працаваць напорыста, калі хочаце, агрэсіўна і, галоўнае, рэзультатыўна, максімальна скарачаць выдаткі, зніжаць сабекошт прадукцыі, эканоміць фінансавыя рэсурсы”.

Якія фактары перашкаджаюць руху наперад? Перш за ўсё гэта невысокая прадукцыйнасць працы, якая дасягнула ўзроўню 20 тысяч долараў і якая не змяняецца тры гады. Яшчэ адным фактарам Прэзідэнт назваў нізкую інавацыйную актыўнасць. “Захоўваецца амаль трохразовае адставанне ад высокаразвітых краін па долі высокіх тэхналогій у прамысловасці. Вынік — мы выпускаем прадукцыю з невысокай дабаўленай вартасцю і нізкай тэхналагічнасцю”. Трэці фактар — недастаткова эфектыўная інвестыцыйная стратэгія прадпрыемстваў і цэлых галін.

Пра інвестыцыі


У Беларусі за пяцігоддзе неабходна рэалізаваць больш за 80 буйных інвестыцыйных праектаў на суму звыш 27 мільярдаў долараў: “Асноўная навізна інвестыцыйнай палітыкі заключаецца ў наступным: ільготнае крэдытаванне ўсіх новых праектаў і праграм будзе ажыццяўляцца сумленна і адкрыта праз адзінага аператара. Галоўны прынцып — конкурснае размеркаванне сродкаў, перавага будзе аддавацца акупнасці і зваротнасці рэсурсаў. Асаблівая роля будзе адведзена знешнім крыніцам фінансавання, у аснове — замежныя інвестыцыі”.

Дарэчы, аб’ём замежных інвестыцый у эканоміку Беларусі за апошнія пяць гадоў вырас у 2,5 раза.

Па памеры ВУП на душу насельніцтва па парытэце пакупніцкай здольнасці Беларусь ужо ўвайшла ў лік краін з сярэднім узроўнем даходу. Гэты паказчык вырас з 5,2 тысячы долараў у 1990 годзе да 16,5 тысячы ў 2010 годзе і амаль да 18 тысяч у 2015-м.

Пра мадэрнізацыю


Задача на бліжэйшыя 5 гадоў — пераадолець адставанне і трывала заняць сваю нішу ў сусветнай эканоміцы. Асновай руху наперад на сучасным этапе павінны стаць новыя падыходы да мадэрнізацыі эканомікі і эфектыўнае дзяржаўнае кіраванне. У цяперашні час пад аператыўным кіраваннем міністэрстваў і канцэрнаў знаходзяцца 1005 арганізацый — амаль палова чыстых актываў эканомікі. Але пры гэтым іх уклад у агульную выручку па краіне складае толькі чвэрць (прыкладна 25 працэнтаў). Лічбы наглядна паказваюць, што эфектыўнасць дзейнасці гэтых прадпрыемстваў застаецца невысокай. “Адна з прычын такога становішча спраў — нізкая якасць кіравання, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Трэба ўмацаваць гаспадарчую самастойнасць, засяродзіць увагу на захаванні акцыянернага кошту і эфектыўнасці працы, скараціць выдаткі і тым самым павялічыць прадукцыйнасць працы”.

Пра “зялёную” эканоміку і веды


На парадку дня — пераход да “зялёных” тэхналогій і эканомікі ведаў. Выпуск інавацыйнай прадукцыі за пяцігодку павялічыўся больш як у 4 разы. У краіне ёсць значныя напрацоўкі ў сферы высокіх тэхналогій, у прыватнасці, у вытворчасці аптычных і лазерных прыбораў, аўтаматызаваных сістэм кіравання. Шырокую вядомасць у свеце набыў шэраг камп’ютарных праграм беларускіх распрацоўшчыкаў. Па экспарце ў галіне камп’ютарных і інфармацыйных паслуг на душу насельніцтва краіна апярэджвае ўсе краіны Садружнасці.

У рэйтынгу па ўзроўні развіцця адукацыі Беларусь знаходзіцца ў групе 30 развітых краін і апярэджвае ўсе краіны СНД.

ВУП Беларусі за першыя дзесяць гадоў новага тысячагоддзя павялічыўся амаль у 2 разы, рэальныя грашовыя даходы — больш як у 3 разы. Удалося вырашыць і праблему харчовай бяспекі, многія іншыя значныя пытанні.

У нас таксама ёсць бясспрэчныя поспехі ў галіне сацыяльнай палітыкі. “Пацвярджэнне таму — выкананне ўжо ў 2015 годзе вызначаных Дэкларацыяй ААН мэт тысячагоддзя. Па індэксе чалавечага развіцця Беларусь сярод амаль 200 краін сусветнай супольнасці перамясцілася з 68-га месца ў 2000 годзе на 50-е месца ў 2015-м. Гэта забяспе­чыла нам месца ў групе краін з высокім узроўнем чалавечага развіцця. З 2014 года ўпершыню за 20 гадоў колькасць жыхароў у Беларусі пачала расці. Узроўні нараджальнасці і смяротнасці практычна зраўняліся — сціснуты дэмаграфічныя нажніцы. Гэта вынік, да якога мы імкнуліся і якім ганарымся”, — рэзюмаваў Прэзідэнт.


Пра фінансы


Сістэмная работа па ўмацаванні даверу да беларускага рубля павінна быць працягнута, лічыць Прэзідэнт: “Без дасягнення ўстойлівых штогадовых тэмпаў інфляцыі ніжэйшых за 5 працэнтаў будзе складана аздаравіць эканоміку ў цэлым. Ураду і Нацыянальнаму банку неабходна прадоў­жыць сістэмную работу па ўмацаванні даверу да беларускага рубля, забеспячэнні ўстойлівага росту золатавалютных рэзерваў, падтрыманні іх на бяспечным узроўні, павысіць эфектыўнасць бюджэтных выдаткаў і скараціць знешнюю пазыку”.

Пра дзяржапарат


У нашай краіне адзін з самых кампактных дзяржаўных апаратаў у свеце, але яго работа недастаткова эфектыўная. Калі параўнаць расходы на ўтрыманне дзяржапарату ў розных краінах, то ў Беларусі іх доля ніжэйшая і складае 2 працэнты ВУП. У 3,5 раза вышэйшы гэты паказчык у Еўрапейскім саюзе, у 2 разы — у Расіі.

Неабходнасць кардынальнага ўдасканалення сістэмы дзяржкіравання ў мэтах павышэння яго эфектыўнасці наспела даўно, і для гэтага патрэбны цэлы шэраг мер. Прэзідэнт лічыць, што ў дзяржаўны апарат трэба прыцягнуць самых лепшых, самых кампетэнтных. Павінен быць павышаны прэстыж работы дзяржслужбы. Ва ўсім свеце за разумных і энергічных спецыялістаў ідзе барацьба. Іх прыцягваюць высокімі зарплатамі, прэміямі, сацыяльнымі пакетамі. Гэта рэаліі канкурэнтнай барацьбы за інтэлект: “Аптымізацыю дзяржапарату не варта зводзіць да простага скарачэння колькасці штату, трэба забяспечыць дзяржкіраванне на якасна больш высокім узроўні. Каб сфарміраваць у людзей разуменне, што дзяржава — гэта не донар або кантралёр, а партнёр, які стварае ўмовы для паспяховага развіцця прадпрыемстваў, рэгіёнаў і краіны ў цэлым”.

Прэзідэнт таксама запатрабаваў ад работнікаў дзяржапарату большай самастойнасці ў прыняцці кіраўніцкіх рашэнняў і, звяртаючыся да Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, Прэм’ер-міністра і старшыні Мінаблвыканкама, даручыў: “Пакладзіце мне на стол прапановы па скарачэнні дзяржаўнага апарату ў 1,5-2 раза (лепш у 2 разы) і паралельна — сістэму мер па няўхільным выкананні прынятых рашэнняў”.

Пра навуку


Нам неабходна спрасціць умовы камерцыялізацыі вынікаў навукова-тэхнічнай дзейнасці: “Па прыярытэтных для краіны напрамках праз дзесяць гадоў мы павінны ўвайсці ў лік краін-лідараў. Першарадная задача — павышэнне долі высокатэхналагічнай і сярэднетэхналагічнай вытворчасцяў. Неабходна наблізіцца да паказчыкаў вядучых краін свету: давесці высокатэхналагічны сектар да 5 працэнтаў і сярэднетэхналагічны да 50 працэнтаў у структуры эканомікі”.

Прэзідэнт паставіў перад буйнымі прамысловымі аб’яднаннямі і навуковымі арганізацыямі задачу стварыць навуковыя цэнтры па распрацоўцы новых матэрыялаў:

Пра льготы


Парадак выплаты падаткаў павінен быць як мага больш простым, лічыць Аляксандр Лукашэнка: “У сельскай мясцовасці новыя прадпрыемствы будуць вызвалены на два гады ад выплаты падаткаў на прыбытак і на нерухомую маёмасць”. Таксама трэба стварыць цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва на тэрыторыі раёнаў з колькасцю насельніцтва звыш 30 тысяч чалавек: “Усё гэта дасць магчымасць актывізаваць развіццё прадпрымальніцтва, у тым ліку ў рэгіёнах, і ўцягваць у працоўную дзейнасць больш людзей”.

Пра новыя працоўныя месцы


“Удасканаленне структуры эканомікі непазбежна вядзе да вызвалення залішняй колькасці работнікаў. Каб не дапусціць рэзкага скачка беспрацоўя, трэба прыняць папераджальныя меры: палепшыць работу службаў занятасці, наладзіць перападрыхтоўку спецыялістаў, спрасціць умовы ператоку рабочай сілы паміж рэгіёнамі і галінамі. І галоўнае — новыя працоўныя месцы, высокапрадукцыйныя. Іх за пяцігоддзе трэба стварыць больш за 250 тысяч”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Для гэтага трэба задзейнічаць канкурэнтаздольныя фінансавыя механізмы: “Праз нашы банкі адкрываецца доступ да фінансавых інструментаў і рынкаў Еўрасаюза, сродкаў міжнародных фінансавых арганізацый. Айчыннымі банкамі можа быць прадастаўлена прыватнаму бізнесу каля мільярда долараў кітайскіх крэдытаў ужо цяпер”.


Пра моладзь


Амаладжэнне кадравага складу кіраўнікоў, стварэнне ўмоў для праяўлення здольнасцяў маладога пакалення з’яўляюцца найважнейшым напрамкам арганізацыйнай і ідэа­лагічнай работы Адміністрацыі Прэзідэнта і ўсёй вертыкалі ўлады, адзначыў Прэзідэнт: “Неабходна прадоў­жыць работу па ўдасканаленні сістэмы падтрымкі адоранай, таленавітай, з лідарскімі якасцямі моладзі, раскрыцці яе творчага патэнцыялу”.

Вялікую ўвагу варта надаць фарміраванню павагі да сямейных каштоўнасцяў. Падтрымка маладых сем’яў заўсёды была і застанецца адным з галоўных клопатаў дзяржавы. Бо, калі моладзь мае добрыя бытавыя ўмовы, яна імкнецца стварыць сваю сям’ю, мець дзяцей, а значыць, узрастае гарантыя яе замацавання на месцах. А органам дзяржкіравання, буйным прадпрыемствам, бізнесу неабходна актыўна ўключацца ў адбор і прасоўванне таленавітых маладых людзей: “Выхоўваць кадры, пачынаючы з ВНУ, а то і са школы, прапаноўваць навучальныя праграмы, стажыроўкі і практыку на прадпрыемствах. Імкнуцца зацікавіць чалавека прафесіяй. Гэта дазволіць выгадаваць годную змену і забяспечыць упэўненую будучыню краіны”.

Далейшае развіццё атрымаюць валанцёрскі і студатрадаўскі рухі. Цэнтральную ролю ў гэтай маштабнай рабоце павінна адыграць вядучая маладзёжная арганізацыя — Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

Пра атамную станцыю


У цяперашняй пяцігодцы дынамічнае развіццё атрымае энергетычны комплекс краіны. Так, у 2018-2020 гадах пачнуць працаваць абодва блокі Беларускай АЭС. Будзе створана каля 2 тысяч працоўных месцаў: “Гэта крок да патаннення энергарэсурсаў, а такім чынам, база павышэння канкурэнтаздольнасці ўсіх сектараў эканомікі: прамысловасці, транспарту, сферы паслуг. Беларусі неабходна выкарыстаць перавагі ядзернай энергетыкі для фарміравання вакол атамнай станцыі кластара энергаёмістых вытворчасцяў. Трэба сфарміраваць умовы для пераходу ад выкарыстання прадпрыемствамі і грамадзянамі прыродных рэсурсаў, напрыклад, газу і нафты, на адносна недарагую электраэнергію”.

Пра еўразійскую інтэграцыю


“У апошнія гады і Расія, і Казахстан стварылі шэраг вытворчасцяў, аналагічных тым, што ёсць у Беларусі. Хоць дамаўляліся не пра гэта. Па сутнасці, такія дублюючыя вытворчасці ствараюць залішні ціск на агульным рынку нашых краін. Прадпрыемствы вымушаны канкурыраваць паміж сабою, у той час як стратэгічна больш правільна, наадварот, узмацніць спецыялізацыю на асобных сегментах і развіваць кааперацыйныя сувязі. Навошта траціць рэсурсы, якіх і так мала, на стварэнне таго, што ўжо ёсць, нават калі б гэтых рэсурсаў было шмат? Бо вытворчасць — гэта яшчэ і навуковая, канструктарская школа, сістэма падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў. І ўсё гэта каласальныя выдаткі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ураду і ўпаўнаважаным службовым асобам неабходна актыўней вырашаць пытанні ў статутных органах Еўразійскага эканамічнага саюза.

Пра супрацоўніцтва з ЕС і ЗША


“Каб дынамічна развівацца, неабходныя нармальныя адносіны з Еўрапейскім саюзам і ЗША. Апошнія гады адзначаны пацяпленнем нашых узаемаадносінаў. Адмова ад санкцыйнай палітыкі ў дачыненні да Беларусі адкрывае новыя магчымасці ў развіцці ўзаемадзеяння. І было б грэшна гэтым не скарыстацца, — заявіў Прэзідэнт. — Нам, па вялікім рахунку, трэба наганяць упушчанае і выйсці для пачатку на той узровень адносінаў з ЕС і ЗША, які існуе ў нашых партнёраў па ЕАЭС і СНД”.

Еўрасаюз — другі па значнасці рынак для беларускага экспарту, а таму канструктыўнае разнапланавае супрацоўніцтва з Еўрасаюзам адпавядае нацыянальным інтарэсам: “Ключавая задача на перспектыву — поўная нармалізацыя адносінаў і выхад на заключэнне базавага пагаднення паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам”.

Пра будучыню СНД


Садружнасць Незалежных Дзяржаў ні ў якай меры не вычарпала сваіх магчымасцяў, упэўнены Прэзідэнт: “Інтэграцыйныя працэсы на прасторы Садружнасці Незалежных Дзяржаў цяпер перажываюць складаныя часы. Падзяляючы меркаванне аб безумоўнай неабходнасці мадэрнізацыі Садружнасці, лічым мэтазгодным захаваць яе як міжнародную арганізацыю. Задача — узмацніць эканамічнае ўзаемадзеянне і зрабіць Садружнасць больш прывабнай для дзяржаў-удзельніц”.

Пра ўзаемаадносіны з Кітаем


Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь за апошнія некалькі гадоў рэалізавала стратэгічныя рашэнні па ўмацаванні эканамічных сувязяў з Кітайскай Народнай Рэспублікай і вывела двухбаковыя адносіны на ўзровень усебаковага стратэгічнага партнёрства: “Неабходна, каб інавацыйны, інвестыцыйны складнікі ў бліжэйшай будучыні вызначалі характар узаемаадносінаў з Вялікім Кітаем. Таму сёння вельмі важна генерыраваць бізнес-ідэі, прадуманыя, пралічаныя з улікам рэалій рынку, інвестыцыйныя праекты, якімі варта прыцягваць кітайскіх інвестараў”.

Пра высокія тэхналогіі


Некалькі гадоў назад мы сур’ёзна ўзяліся за інфарматызацыю. Першыя вынікі работы ўжо адзначаны ў свеце. Так, паводле дадзеных Міжнароднага саюза электрасувязі, Беларусь па ўзроўні развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій апярэдзіла ўсе краіны СНД, а таксама краіны Усходняй Еўропы. “Мы ўшчыльную наблізіліся да першай трыццаткі самых развітых краін свету ў дадзенай сферы. Але гэта толькі пачатак. У наступную пяцігодку мы ставім перад сабою амбіцыйную задачу — стаць лідарам у нашым рэгіёне, ва Усходняй Еўропе”, — сказаў Прэзідэнт. Размова ў дадзеным выпадку ідзе не пра паказчыкі: “Паскораная інфарматызацыя — гэта не даніна модзе. Гэта залог вы­жывання і канкурэнтаздольнасці ўсёй нашай эканомікі”.

Пра прыродныя багацці


Прэзідэнт даручыў Ураду падрыхтаваць стратэгію больш актыўнага выкарыстання нетраў: “У краіне ёсць магутны комплекс па разведцы нетраў, назапашаны найбагацейшы досвед геолагаразведкі, асваення радовішчаў. Як выкарыстоўваць гэты патэнцыял на знешніх рынках, павінна быць адлюстравана ў стратэгіі”. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў актыўней выкарыстоўваць патэнцыял вытворчага аб’яднання “Беларуснафта”, інстытута “Белгорхімпрам”, НВЦ па геалогіі: “Бо ёсць яшчэ краіны, якія “сядзяць” на радовішчах, але самі здабываць не ўмеюць. Мы павінны канвертаваць свой напрацаваны гадамі досвед геолагаразведкі і здабычы ў валюту. Прыток інвестыцыйных рэсурсаў, высокіх тэхналогій дасць магчымасць падняць на новы ўзровень усе галіны нашай эканомікі”.

Пра пенсіі


“У гэтай пяцігодцы мы прыступім да рэфармавання і сістэмнага ўдасканалення нашай пенсійнай сістэмы. Каб не дапусціць зніжэння ўзроўню пенсій і рэгулярнасці іх выплат, трэба было перагледзець тэрміны выхаду людзей на заслужаны адпачынак. Пастаўлена задача забяспечыць узровень пенсій у памеры 40 працэнтаў ад заработнай платы — сусветны стандарт”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Нельга забываць аб стварэнні зручнага асяроддзя жыцця­дзейнасці для людзей з абмежаванымі магчымасцямі: “Гэта важная задача, і мы яе павінны вырашаць. На працягу пя­цігодкі безбар’ернае асяроддзе будзе створана больш як на 3,5 тысячы аб’ектаў краіны”.

Пра экспарт


Развіццё экспарту Прэзідэнт назваў адным з прыярытэтаў, паколькі гэты фактар у значнай ступені ўплывае на дабрабыт усёй краіны: “Цяпер на першы план выходзіць такі аспект, як дыверсіфікацыя экспарту, асваенне новых рынкаў збыту тавараў і паслуг. Першачарговая задача — выхад на новыя знешнія рынкі і ўзмацненне пазіцый на традыцыйных”.

Прэзідэнт адзначыў, што першы год работы Еўразійскага эканамічнага саюза быў няпростым. У гэтым пяцігоддзі мы павінны дабіцца практычнай рэалізацыі дамоўленасцяў, а таксама істотна прасунуцца наперад у ліквідацыі абмежаванняў, якія засталіся ва ўзаемным гандлі: “Рэальна ацэньваючы патэнцыял традыцыйных рынкаў, мы прыходзім да высновы пра важнасць больш значнай прысутнасці беларускіх тавараў і паслуг у Еўропе, Азіі, Амерыцы, Афрыцы. Асабліва складаная, але неабходная справа — пераарыентацыя экспарту з бліжэйшых рынкаў на краіны Азіі, Амерыкі, Афрыкі. Бо з краінамі “далёкай дугі” плануем прырост экспарту да 52 працэнтаў да цяперашняга ўзроўню”.

Для кардынальнага спрашчэння і аблягчэння працэдуры экспартнага крэдытавання ў краіне на базе Банка развіцця будзе створана спецыялізаванае агенцтва па садзейнічанні экспарту, якое працуе па прынцыпе аднаго акна. Спатрэбіцца больш эфектыўная работа дыпламатычнага корпуса, спецыялістаў у галіне знешнегандлёвай дзейнасці, нараўне з кіраўнікамі прадпрыемстваў і галін адказнасць за нарошчванне экспарту ўскладаецца на Міністэрства замежных спраў.

Пра сельскую гаспадарку


“Вядома, стаўку мы рабілі і будзем рабіць на буйнатаварную вытворчасць, на фарміраванне скразных, добра арганізаваных прадуктовых кампаній, якія ахопліваюць усю інфраструктуру — ад вытворчасці зыходнай сельскагаспадарчай сыравіны да яе перапрацоўкі. А дадатковым рэзервам развіцця вёскі, які пакуль слаба выкарыстоўваецца, павінны стаць фермерства і прадпрымальніцтва”, — сказаў Прэзідэнт.

У фермерскіх гаспадарках краіны занята 9 тысяч чалавек: “Да 2020 года неабходна стварыць не менш за 3,5 тысячы новых працоўных месцаў і павялічыць вытворчасць прадукцыі ў фермерскіх гаспадарках у 3 разы”.

Пра дзяржпраграмы


“У 2016-2020 гадах плануецца рэалізоўваць больш за 20 дзяржаўных праграм, пры гэтым арыенціровачна дзве трэці бюджэтных сродкаў, выдзеленых на іх фінансаванне, будуць інвеставаны ў сацыяльную сферу. У першую чаргу ў медыцыну, адукацыю, культуру, падтрымку сем’яў, сацыяльную абарону насельніцтва”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ніводзін чалавек, які апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, не павінен застацца без дапамогі дзяржавы, адзначыў Прэзідэнт. Гаворка ідзе пра ўкараненне безна­яўных жыллёвых субсідый у мэтах змякчэння наступстваў павелічэння тарыфаў на паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі: “Іх павелічэнне павінна праводзіцца адначасова са зніжэннем выдаткаў на аказанне паслуг, ростам даходаў людзей і развіццём сістэмы адраснай падтрымкі неабароненых катэгорый грамадзян”.

Пра здароўе


Усе ўстановы аховы здароўя павінны быць нацэлены перш за ўсё на ранняе дыягнаставанне і лячэнне максімальна шырокага спектра хвароб на якасна высокім узроўні, упэўнены Прэзідэнт: “Трэба павялічыць аб’ёмы высокатэхналагічных відаў медыцынскай дапамогі, такіх як кардыя- і нейрахірургія, хірургічная афтальмалогія, транспланталогія, эндапратэзаванне, актыўна развіваць тэлемедыцыну, дыстанцыйныя формы маніторынгу здароўя”.

Неабходна забяспечыць паэтапны пераход да дзейнасці ўчастковай службы па прынцыпе каманды: урач агульнай практыкі, яго памочнік па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе, медыцынская сястра: “Да 2020 года трэба павялічыць долю працуючых па гэтым прынцыпе да 100 працэнтаў”.

Для папулярызацыі моды на здароўе неабходна актыўна выкарыстоўваць таксама фізкультуру і спорт. Трэба накіраваць фізкультурна-масавую работу на павелічэнне аздараўленчых груп, клубаў па інтарэсах, секцый па відах спорту.

Пра адукацыю


Сістэма адукацыі не павінна быць адарванай ад эканомікі, упэўнены Прэзідэнт: “Трэба павялічваць практыка-арыентаванасць навучання. Гэта адзіны шлях падрыхтоўкі спецыялістаў, якія валодаюць інфармацыйнымі тэхналогіямі, якія ведаюць усе этапы вытворчасці. Ідэя бесперапыннай адукацыі, зразумела, не азначае, што чалавек усё жыццё будзе студэнтам. Гаворка ідзе пра адукацыю, якая фарміруе ў чалавеку імкненне да пастаяннага ўдасканалення і самаразвіцця”.

Гаворачы пра некаторыя аспекты школьнай праграмы, Прэзідэнт сказаў, што тут не месца “мудрагелістым падручнікам”. Менавіта таму перад Міністэрствам адукацыі пастаўлена задача ў бліжэйшы час стварыць новыя падручнікі: “І іх павінны стварыць лепшыя настаўнікі рэспублікі. Нельга дзяцей перагружаць з малога ўзросту”.

Пра культуру


“Беларусь сёння — гэта цытадэль традыцыйнай культуры і маралі. Так будзе заўсёды! — упэўнены Прэзідэнт. — Трэба культурным работнікам быць больш ініцыятыўнымі, раскаванымі і не глядзець увесь час у рот дзяржаве. Акцэнт трэба зрабіць як на маштабах і якасным боку нашай культурнай сферы, так і на павышэнні яе турыстычнай прывабнасці”.

Ствараемыя творы літаратуры, музычнага, выяўленчага, тэатральнага і кінамастацтва прызначаны садзейнічаць фарміраванню каштоўнасцяў беларускага грамадства, адлюстроўваць духоўны досвед нацыі.

Пра парламенцкія выбары


Ва ўяўленні Аляксандра Лукашэнкі дэпутаты — гэта прафесійныя, кампетэнтныя грамадзяне, якія маюць досвед паспяховай работы ў той ці іншай сферы і здольныя вырашаць задачы, якія стаяць перад грамадствам. Яны сумленныя, прыстойныя і ўмеюць трымаць слова, у іх няма фанабэрыі і ганарыстасці. У прэтэндэнта на месца ў Парламенце павінна быць канструктыўная праграма дзеянняў у якасці дэпутата, ён павінен умець бачыць перспектыву, вылучаць галоўнае і істотнае ў чарзе будзённых з’яў, быць адданым сваёй дзяржаве і народу: “Прама скажу: менавіта такіх людзей я хацеў бы бачыць у новым складзе Парламента. Адказныя перад імі будуць стаяць задачы: па ўдасканаленні прававой базы, развіцці супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі, умацаванні пазіцый Беларусі на міжнароднай арэне”.

Пра будаўніцтва


За пяцігодку ў краіне плануецца пабудаваць звыш 18 мільёнаў квадратных метраў жылля, у тым ліку 1,55 мільёна — для грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу. За апошнія пяць гадоў у Беларусі пабудавана больш за 25 мільёнаў квадратных метраў жылля. Эфектыўнасць будаўнічай галіны неабходна павялічваць за кошт пераходу на новыя тэхналогіі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння ставіцца задача пераарыентацыі магутнасцяў галіны на экспарт паслуг — праектаванне і здачу аб’ектаў пад ключ. Таксама больш актыўна будзе развівацца індывідуальнае будаўніцтва.

Слова дэлегату

Васіль Равяка, кіраўнік СВК “Прагрэс-Верцялішкі” Гродзенскага раёна:  


— Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны пастаўлена задача зніжэння сабекошту прадукцыі не менш як на 25 працэнтаў. Вельмі правільная мэта. Працуючы ў гэтым напрамку, мы захоўваем канкурэнтаздольнасць на знешніх рынках. Гэта дае магчымасць таксама праводзіць больш гібкую цэнавую палітыку. Адным з прыярытэтаў для нас з’яўляецца адыход ад імпартнай тэхнікі на карысць айчынных машын і механізмаў, што дасць магчымасць значна скараціць затраты на рамонт і набыццё запасных частак.

Сямён Шапіра, старшыня Мінскага аблвыканкама:


— Мы выбралі свой шлях. І вось вынік: за мінулыя 20 гадоў незалежная Беларусь забяспечыла высокі ўзровень якасці жыцця сваіх грамадзян. А беларускі народ праявіў сапраўды гістарычную мудрасць на выбарах першага Кіраўніка сваёй незалежнай дзяржавы.

У аснове істотных дасягненняў Міншчыны — фарміраванне моцнай каманды маладых прафесіяналаў. Мы іх знаходзім і гадуем. Сярэдні ўзрост назначаных у апошнія гады кіраўнікоў гаспадарак — меншы за 30 гадоў. А старшыняў выканкамаў — каля 35. І за імі будучыня.

Валерый Губарэнка, старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі ветэранаў Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў:


— Нам пашчасціла жыць у краіне, галоўнымі дасягненнямі якой з’яўляюцца мір і незалежнасць. Менавіта таму не вязуць у цынкавых трунах нашых сыноў з гарачых пунктаў планеты. Аднак такая сітуацыя ў свеце не ўсюды. Шэраг дзяржаў уцягнуты ў ваенныя дзеянні. Ветэраны Брэстчыны, як і ўсе жыхары Беларусі, занепакоеныя геапалітычнай сітуацыяй. Але мы не сумняваемся, што ў нашай краіне ёсць усё неабходнае, каб надзейна захаваць стабільнасць і бяспеку. Наша армія аснашчана сучаснай тэхнікай і зброяй і здольная даць адпор любому агрэсару.

Напрыканцы пажаданне: уключыць у праграму навучальных устаноў вывучэнне матэрыялаў Брэсцкай крэпасці і музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Леанід Пянькоўскі, старшыня Бешанковіцкага райвыканкама:


— У новай пяцігодцы вельмі важна не толькі захаваць дасягнуты ўзровень, але і забяспечыць далейшае нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці з адначасовым павышэннем якасці і прадукцыйнасці працы. Аднак выканаць пастаўленыя задачы будзе складана без далейшай падтрымкі аграрнага сектара з боку дзяржавы ў выглядзе льготных крэдытаў, надбавак за вырабленую прадукцыю, паставак лізінгавай тэхнікі. Лічу неабходным больш увагі надаць развіццю фермерскіх гаспадарак, асабліва ў такіх галінах, як авечкагадоўля, трусагадоўля, зверагадоўля. Усе магчымасці для гэтага ёсць. Важна адзначыць, што ў Бешанковічах да канца года запланаваны ўвод у эксплуатацыю сучаснага завода медпрэпаратаў, якія прымяняюцца пры лячэнні анкалагічных ды іншых цяжкіх захворванняў. Выпушчаная прадукцыя будзе насіць імпартазамяшчальны характар і арыентавана на экспарт.

Святлана Сарока, дырэктар Палаца культуры г. Маладзечна, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу:


— Сёлета статус культурнай сталіцы Беларусі атрымаў мой родны горад Маладзечна. Нацыя без культуры не можа быць багатай. На бліжэйшую пяцігодку ў работнікаў культуры маштабныя планы. Мы ў Савеце Рэспублікі разам з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і Урадам працуем над кодэксам аб культуры. Гэты дакумент адкрые шырокія перспектывы для прыцягнення ў сферу культуры інвестыцый на аснове дзяржаўна-прыватнага партнёрства, развіцця традыцый мецэнацтва.  

Ірына Шабулдаева, маляр Гомельскага домабудаўнічага камбіната:

— Мы, будаўнікі, гатовыя працаваць больш плённа і больш добрасумленна. Але апошнія навіны пра магчымае скарачэнне аб’ёмаў будаўніцтва жылля з падтрымкай дзяржавы турбуюць і нашу брыгаду. Камерцыйнае будаўніцтва жылля на дадзеным этапе не зможа перакрыць памяншаемыя аб’ёмы. Трэба звярнуць на гэта асаблівую ўвагу. Можа быць, варта развіць новыя формы фінансавання і падтрымкі грамадзян. Тады ў большай колькасці людзей з’явіцца шанц палепшыць жыллёвыя ўмовы, а ў нас — работа. І не толькі ў нас, будаўнікоў, але і ў іншых галінах эканомікі. Бо будаўніцтва заўсёды было яе лакаматывам.

Неабходна таксама максімальна наблізіць вучобу да рэальнага жыцця, павысіць прэстыж рабочых спецыяльнасцяў. У будаўніцтва павінны прыходзіць маладыя людзі. Не тыя, хто не паступіў у ВНУ або каледж, а тыя, хто ўсвядомлена выбраў прафесію.  


Пытанне — адказ


Падчас работы Усебеларускага народнага сходу была разгорнута гарачая лінія, на якую мог патэлефанаваць любы жадаючы і выказаць свае прапановы наконт сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны



Яшчэ падчас форуму была агучана статыстыка званкоў. Паводле слоў Старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі, да канца другога дня работы Усебеларускага народнага сходу на лінію паступіла больш за 420 зваротаў грамадзян. Большасць з іх закраналі сферы ЖКГ і будаўніцтва, аднак многія датычыліся сацыяльнай палітыкі і працоўных адносінаў. У.Андрэйчанка адзначыў важны момант: званкі паступалі не толькі з праблемнымі пытаннямі, аператары нярэдка прымалі і словы падзякі ў адрас розных арганізацый у сувязі з ужо аказанай дапамогай.

— Грамадзяне ўзнімалі праблемы прафарыентацыі школьнікаў, укаранення электроннай школы, выдзялення жылля для воінаў-інтэрнацыяналістаў, арганізацыі нацыянальных суботнікаў па добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый, стымулявання культуры збору другсыравіны, распрацоўкі і выкарыстання экалагічнай упакоўкі для прадуктаў харчавання, — пералічыў Уладзімір Андрэйчанка. — Паступіла таксама цікавая прапанова аб стварэнні пры Прэзідэнце савета маладых навукоўцаў-практыкаў, які б генерыраваў ідэі і прапановы ў розных сферах эканомікі.

Сярод званкоў былі просьбы, у выкананні якіх адмовіць будзе цяжка. Напрыклад, на гарачую лінію дазваніўся малады чалавек, у якога дыягнаставалі цяжкую хваробу — артроз тазасцегнавага сустава. Вылечыць яго магчыма, але пры дапамозе ствалавых клетак. Нягледзячы на тое, што ў нашай краіне такія медыцынскія тэхналогіі ўжо з’яўляюцца, пакуль дапамагчы з бядой яму не змаглі. Патрэбна дарагая аперацыя ў адной з суседніх дзяржаў. У дадзеным выпадку выснова напрошваецца адна: сам-насам з бядой просьбіта не пакінуць.

Таксама атрымае дапамогу, дакладней, магчымасць выходзіць з кватэры Н., інвалід-калясачнік з Мінска. Адсутнасць ля пад’езда дома пандуса зрабіла яго жыццё амаль невыносным. Упэўнены, што камфортны і зручны з’езд абавязкова з’явіцца, а разам з ім і магчымасць ажыццяўляць прагулкі.

У сучасны момант усе пытанні і звароты грамадзян адпаведным чынам апрацоўваюцца, і некаторыя з іх знойдуць сваё адлюстраванне ў выніковых праграмных дакументах Усебеларускага народнага сходу. У любым выпадку заяўнікі атрымаюць на рукі падрабязныя адказы.

Вольга Карнеева
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter