З замежжа — дадому

Чарговы з’езд беларусаў свету пройдзе ў Мінску ў ліпеніШосты з’езд беларусаў свету мае адбыцца 23-24 ліпеня ў Мінску. Асноўная тэма для абмеркавання на ім сфармулявана так: “Беларуская нацыя ва ўмовах глабалізацыі: выклікі і магчымасці”. Такое рашэнне прыняла нядаўна Малая Рада Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.
Чарговы з’езд беларусаў свету пройдзе ў Мінску ў ліпені

Шосты з’езд беларусаў свету мае адбыцца 23-24 ліпеня ў Мінску. Асноўная тэма для абмеркавання на ім сфармулявана так: “Беларуская нацыя ва ўмовах глабалізацыі: выклікі і магчымасці”. Такое рашэнне прыняла нядаўна Малая Рада Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.
Як вядома, з’езды беларусаў свету — значная падзея для беларусаў метраполіі і замежжа. Яны спрыяюць яднанню нацыі, умацаванню стасункаў паміж суайчыннікамі з розных краін, а таксама дапамагаюць супольна вырашаць агульныя праблемы.
“Бацькаўшчына” ладзіць з’езды беларусаў свету раз на чатыры гады, і першы быў дваццаць гадоў таму, у 1993-м. Тады сабралася больш за тысячу чалавек — дэлегатаў з беларускіх асяродкаў замежжа і Беларусі. У першы раз Беларусь з набыццём незалежнасці так знакава на дзяржаўным і грамадскім узроўнях вітала дыяспару. Сёлета ў тых, хто працуе на справу беларушчыны па ўсім свеце, ёсць магчымасць ацаніць здабыткі і страты, прааналізаваць гісторыю і сучаснасць беларускага замежжа, каб далей асэнсоўваць гэты феномен.
Мяркуецца, сёлета ў Мінск прыбудзе больш за 300 дэлегатаў з 20 краін. А тэма з’езду абумоўлена часам, у якім мы жывем: наступае глабалізацыя, і ўзаемазалежнасць і ўзаемныя ўплывы розных культур нараджаюць новую грамадска-палітычную рэальнасць, зменьваюцца светапогляды людзей, яны атрымліваюць новыя магчымасці для самарэалізацыі. Міграцыйныя працэсы робяцца ўсё больш актыўнымі, і таму значна павялічваецца значэнне ў свеце нацыянальных дыяспар.
Ці гатова да такіх выклікаў часу дыяспара беларуская? Пэўна, актывісты беларускіх суполак замежжа штодзень сутыкаюцца з праблемамі размывання нацыянальнай ідэнтычнасці. Што хаваць: змяншаецца і цікавасці да нацыянальнай дзейнасці сярод моладзі, і якія арыенціры для далейшага руху выбіраць суполкам — таксама пытанне.
Гэтыя і іншыя праблемы патрабуюць зацікаўленага абмеркавання. На з’ездзе пойдзе размова і пра новыя формы сацыяльнай актыўнасці суполак, наладжванне сувязяў з метраполіяй. Будзе арганізавана праца трох секцый. На першай будуць разгледжаны магчымасці ўнутраных сіл Беларусі і дыяспары па ўмацаванні нацыянальнай ідэнтычнасці. На другой пашукаюць згоды між “новай” і “старой” іміграцыяй: як наладзіць узаемадзеянне на карысць нацыянальнага развіцця? На трэцяй пройдзе абмеркаванне культурнай спадчыны беларускага замежжа.
На пасяджэнні Малой Рады абраны аргкамітэт па правядзенні з’езда і працоўная група па яго падрыхтоўцы — апошнюю ўзначальвае Ніна Шыдлоўская, старшыня Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter