У Мінск збіраюцца ўдзельнікі Другога фестывалю мастацтваў беларусаў свету

З усіх дарог чакаем вас!

У Мінск збіраюцца ўдзельнікі Другога фестывалю мастацтваў беларусаў свету

Галоўны пропуск на гэты фэст для людзей з розных краін — іх беларускасць, памножаная на таленты і шчырае жаданне зберагаць духоўныя, роднасныя стасункі з Бацькаўшчынай. Дарагія нашы госці, якія пры жаданні ў любы час могуць ізноў стаць гаспадарамі на зямлі продкаў, прыедуць розныя. Таму і экскурсіі для іх у першы дзень будуць — на выбар. Камусьці захочацца праехацца па “візітных” мясцінах сталіцы, некаму ж — заглянуць у глыбінку, у аграгарадкі Мінскай вобласці. “Мы плануем, што такія выезды ў аграгарадкі будуць узаемакарыснымі, — спадзяецца дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міхаіл Рыбакоў. — Там мясцовыя і замежныя творчыя гурты зладзяць сумесныя канцэрты, абмяняюцца досведам, а можа й песнямі, наладзяць сувязі, каб і надалей іх падтрымліваць”.

fest.png

Так на Першым фестывалі, у 2011 годзе, адкрывалася выстава ў Нацыянальным мастацкім музеі


Другі фэст, дарэчы, значна пашы­рыў геаграфію: прыедуць прадстаўнікі ад 18 краін (тры гады таму было 12), будзе прыкладна 250 удзельнікаў. Яшчэ адметнасць: акрамя самадзейных калектываў, на фэсце выступяць і прафесійныя беларускія гурты.

На другі дзень фэсту, 13 верасня, на адкрытай пляцоўцы ля Палаца спорту пройдзе Канцэрт-падарунак ад беларусаў замежжа. Паглядзець, чым жывуць суайчыннікі, можна таксама будзе і ў Гістарычным музеі. У нядзелю там пачне працаваць фотавыстава “Мы — Беларусы” і выстава карцін беларускіх мастакоў, прычым частку яе экспазіцыі прывязуць суайчыннікі з замежжа. Напрыклад, з Томска чакаюць унікальную калекцыю мініяцюрнай керамікі, якую госці плануюць падарыць музею. Чые гэта творы, як там аказаліся — пра тое мы яшчэ раскажам. “Беларусы прыязджаюць не толькі паказаць сябе, але і перадаць на Радзіму дакументы, сувеніры, — расказаў Міхаіл Леанідавіч. — Магчыма, у будучым тыя падарункі стануць часткай экпазіцыі (а мо і музея!) гісторыі беларускага замежжа. Чаму б і не! За мяжой жывуць мільёны два-тры беларусаў. Вялікі творчы патэнцыял, і для Беларусі ён вельмі важны”.

У пятніцу пройдзе Пятае пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа (своеасаблівае веча дыяспары) пры Міністэрстве культуры Беларусі.

Завершыцца фэст у нядзелю Гала-канцэртам у Белдзяржфілармоніі. Будуць уручаны ўзнагароды, падведзены вынікі конкурсу “Культура” — на лепшую папулярызацыю беларускай культуры ў замежжы. Гасцям, адкрыем сакрэт, рыхтуецца шмат падарункаў: буклеты, кампакт-дыскі пра беларускую гісторыю, культуру, кухню. Сярод іх і кампакт-дыск з беларускімі танцамі: каштоўны метадычны дапаможнік для ўсіх, хто далучаны да айчыннай культурнай спадчыны. Ёсць на кампакт-дысках і запісы канцэртаў, якія праходзілі на Першым фестывалі ў 2011 годзе ў Мінску і Віцебску. А прыгожы вышываны ручнік “Беларусь” суайчыннікі змогуць выкарыстоўваць на сваіх святочных імпрэзах. І яшчэ: на ўспамін пра фэст кожны атрымае насценны гадзіннік з лагатыпам і датай свята. Такая згадка пра час вельмі сімвалічная, бо, як казалі мудрыя людзі: жыццё — кароткае, а Радзіма — вечная.

Юлія Букель

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter