З сялян — у акадэмікі

Сусветна вядомы вучоны-аграрнік, член Расійскай акадэміі сельскагаспадарчых навук Мікалай Дубянок родам з Нараўлянскага раёнаПра Мікалая Дубянка, які дасягнуў немалых вышынь у аграрнай навуцы, у раёне ведаюць многія, бо ён наш зямляк. Навуковыя заслугі Мікалая Мікалаевіча прызнаны ў свеце. Ён прафесар, доктар сельскагаспадарчых навук і, можна сказаць, тройчы акадэмік: Расійскай акадэміі сельскагаспадарчых навук, Міжнароднай акадэміі экалогіі і прыродакарыстання, Румынскай акадэміі сельскагаспадарчых і лясных навук. Ушанаваны наш зямляк і на Бацькаўшчыне: у 2006-м годзе стаў ганаровым прафесарам Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі. А ў 2009-м такі ж гонар аказала яму і Валгаградская сельгасакадэмія.
Мікалай ДубянокСусветна вядомы вучоны-аграрнік, член Расійскай акадэміі сельскагаспадарчых навук Мікалай Дубянок родам з Нараўлянскага раёна
Пра Мікалая Дубянка, які дасягнуў немалых вышынь у аграрнай навуцы, у раёне ведаюць многія, бо ён наш зямляк. Навуковыя заслугі Мікалая Мікалаевіча прызнаны ў свеце. Ён прафесар, доктар сельскагаспадарчых навук і, можна сказаць, тройчы акадэмік: Расійскай акадэміі сельскагаспадарчых навук, Міжнароднай акадэміі экалогіі і прыродакарыстання, Румынскай акадэміі сельскагаспадарчых і лясных навук. Ушанаваны наш зямляк і на Бацькаўшчыне: у 2006-м годзе стаў ганаровым прафесарам Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі. А ў 2009-м такі ж гонар аказала яму і Валгаградская сельгасакадэмія.
Ён нарадзіўся 5 лютага 1949 года ў вёсцы Вербавічы. Закончыўшы мясцовую школу, паступіў у Днепрапятроўскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, а пасля вучыўся ў Маскоўскім гідрамеліярацыйным інстытуце, атрымаў дыплом інжынера-гідратэхніка. На яго жыццёвым шляху яшчэ былі Гомельскі станкабудаўнічы завод, служба ў войску, інстытут “Сельгастэхпраект”. Надоўга злучыў яго лёс з Маскоўскай сельскагаспадарчай акадэміяй імя К. Ціміразева. Пачынаў з асістэнта, стаў выкладчыкам, дацэнтам кафедры меліярацыі і геадэзіі. З 1989 года Мікалай Дубовік узначальваў кафедру меліярацыі і геадэзіі, быў дэканам факультэта глебазнаўства, аграхіміі і экалогіі. А з 2010 года працуе ў Расійскай акадэміі сельгаснавук, ён акадэмік-сакратар аддзялення меліярацыі, воднай і лясной гаспадаркі.
Сфера навуковых інтарэсаў Мікалая Дубянка вельмі шырокая: пытанні меліярацыі, рэкультывацыі і аховы зямель, экалогіі аграландшафтаў, землеўпарадкавання. Вучоны праводзіць як тэарэтычныя, так і эксперыментальныя даследаванні. Як, напрыклад, знайсці найлепшыя спосабы арашэння зямель на схілах: каб і эфектыўна гаспадарыць было, і эрозію глебы прадухіліць. Супастаўляючы вынікі, разважаючы над фактамі яму ўдалося ўстанавіць, як паводзіць сябе вада ў розных умовах, знайсці заканамернасці, каб разлічыць патрэбы ў вільгаці для сельгаскультур на пэўных участках. Дарэчы, калі выкарыстоўваць распрацаваныя ім рэкамендацыі, то можна пры вырошчванні сельгаскультур эканоміць немалыя водныя рэсурсы, павышаць іх ураджайнасць.
Так, ягоная тэорыя набліжана да аграрнай практыкі, таму і ёсць цікавасць да работ Мікалая Дубянка, напрыклад, у Румыніі. Ён працуе ў шэрагу рабочых груп, камітэтаў, саветаў, з’яўляецца членам навукова-экспертнага Савета пры камітэце па аграрных пытаннях Дзярждумы Расіі. У вучонага шмат вучняў, паслядоўнікаў: ён падрыхтаваў шэраг кандыдатаў і дактароў навук, кіруе працай аспірантаў і дактарантаў. Мікалай Дубянок апублікаваў звыш 160 навуковых і вучэбна-метадычных работ, у тым ліку 9 манаграфій, 4 падручнікі і вучэбныя дапаможнікі. Ён стварыў навуковую школу па рэсурсазберагальных і экалагічна абгрунтаваных тэхналогіях у меліярацыйным земляробстве.
На сайце Расійскай акадэміі сельскагаспадарчых навук ёсць інфармацыя, што Мікалай Дубянок чытае лекцыі студэнтам факультэта глебазнаўства, аграхіміі і экалогіі. Там жа пададзены звесткі, што распрацоўкі вучонага скарыстоўваюцца ў Яраслаўскай, Маскоўскай, Арэнбургскай ды іншых абласцях Расіі. І што ўраджэнец Нараўлянскага раёна з’яўляецца прэзідэнтам Фонда нацыянальнага камітэта па ірыгацыі і дрэнажу Расійскай Федэрацыі.
Матэрыялы пра жыццё і дзейнасць Мікалая Дубянка цяпер збіраюцца ў раённым музеі. Нам цікавыя звесткі і пра іншых вядомых ураджэнцаў раёна, просім адгукнуцца і тых землякоў, хто жыве за межамі Беларусі.

Раіса Бобр, дырэктар Нараўлянскага гісторыка­этнаграфічнага музея
На здымку:
Мікалай Дубянок
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter