З Рога — весялосці многа.

Жыхары Рога жартуюць, што іх унікальны абрад “Шчадрэц” трапіў у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь таму, што далей іх вёскі дарог ужо няма...

Вёска Рог Салігорскага раёна нібы рогам укліньваецца ў бяскрайнія палескія балоты, далей не дарогі, а толькі сцежкі на сенажаць. Так было і ў 1677 годзе, калі, згодна з перапісам, зямля тутэйшая і 14 “дымоў” вёскі належалі князю Радзівілу. Так было і перад Кастрычніцкай рэвалюцыяй, калі ў Рагу жыло больш за паўтысячы чалавек... Цяпер па вёсцы шнуруюць іншамаркі, у кожнай хаце тэлевізар, звоняць тэлефоны. Але традыцый, абрадаў сваіх рогаўцы не забываюць: спрадвечная барацьба з дрыгвой, цяжкая праца па здабыванню кавалка хлеба выпрацавалі ў людзей пачуццё павагі, узаемавыручкі. Менавіта гэтыя якасці, а не аддаленасць ад Салігорска на 65 кіламетраў, у першую чаргу захоўваюць у сэрцах і куфрах палешукоў бацькоўскую спадчыну. Іх “Шчадрэц” ведаюць многія аматары беларускага фальклору.

Шчодрая вячэра

Як і сто, дзвесце гадоў таму, пад Стары Новы год ва ўсіх хатах Рога ладзяць Шчодрую вячэру. На край стала, дзе сядзіць гаспадар, у гліняным гаршку ставяць ячную кашу-куццю, звараную з мясам, прыпраўленую маслам або салам. Пад абрусам — сена. Кожны з сям’і цягне па сцяблінцы: чыя даўжэйшая, у таго лён у гэтым годзе будзе лепшым. На стале павінна быць 12 страў: капуста з мясам або салам, свежына на патэльні, бліны, тварог, кісель ягадны, грыбы — хто чым багаты. Як пакаштуюць усяго патроху, даходзіць чарга да куцці. Гаспадар здымае верхнюю прыгарку, якую потым аддасць курам, зачэрпвае лыжкай гарачую куццю, падносіць да акна, тройчы гукае: “Мароз, Мароз, хадзі куццю есці! Зімою бываць, а летам не бываць, бо жалезнымі пугамі будзем сцябаць...”

Шчадроўнікі

Чакаць доўга не прыходзіцца, па вёсцы ўжо ідуць шчадроўнікі, старыя і малыя. Перад гэтым яны заглянулі да Таццяны Хаміцэвіч, паслухалі парады — жанчыне ўжо за 90, хадзіць цяжка, але добрая памяць, веданне мясцовых традыцый дазваляюць ёй заставацца натхняльнікам, дарадчыкам калектыву. Аўдоцця Ільюшчыц, Вольга Паддубіцкая, Настасся Чабатарова, Ева Купрацэвіч дасталі з куфраў адзенне з мясцовым каларытам, якое перайшло ад мацярок, бабуль. І нічога, што палатно месцамі з дзіркамі... Некаторыя жанчыны — у нядаўна вышытых кофтах, спадніцах, тая ж кіраўнік тутэйшага Дома культуры Валянціна Целяк можа не толькі кашулю вышыць, але і ручнік, пояс выткаць.
Ідзе гурт з песнямі, музыкай, прыпеўкамі гучна, каб усе вяскоўцы чулі. З усходу на захад — “па сонцу”. Наперадзе — Дзед з берасцянай маскай на галаве. Кажух навыварат, шапка-аблавуха, у руках — бярозавы кій, на якім завязаны чырвоны бант і прымацаваны званочак. Старэйшая жанчына нясе самаробную Казу з бантам. Скача Конь — двое мужчын пад посцілкай, спераду грывастая галава, ззаду — хвост. А яшчэ — званочак, які дзынькае, як толькі кіроўца тузае лейцамі. Тут жа Механоша ў вывернутым кажуху з палатнянымі мяхамі па баках — для дароў. Наперадзе абавязкова хтосьці з каляднай зоркай у руках...
Каля чарговай хаты шчадроўнікі пачынаюць спяваць абрадавую песню. Першым заходзіць у двор Дзед. Стукае кіем у акно з боку, дзе вісяць абразы. Пасля гэтага гурт хорам пытае: “Добры вечар, шчодры вечар! Ці шчадраваць, ці так каляду даваць?”. Гаспадары запрашаюць гасцей.
У хаце Дзед грукае кіем у столь. Баба-засявальніца зернем жыта з торбы “засявае” хату, прыгаворваючы: “Сею, сею, падсяваю, з Калядою паздраўляю! З Новым годам і з добрым здароўечкам!”. Пасля гэтага з песняй “Ой, устань, устань сам, пан гаспадар” у хату заходзяць астатнія ўдзельнікі абраду: Каза, Журавель, Конь, гурт спявачак, музыканты і паўкругам становяцца вакол гаспадароў.
Шчадрухі пачынаюць песню “Ой, ну-ну, каза”. Жанчына, якая трымае ляльку казы, ставіць яе на падлогу, пачынае ў такт стукаць драўлянымі ножкамі. У песні гучыць просьба падаць пачастунак, каляду: “Рэшата аўса, наверх каўбаса, сала, каб каза скакала”.

Гуляем пад матлет

Гаспадары выносяць падарункі. Госці танчаць мясцовы танец матлет. Пачынаецца дыялог-гульня: Дзед поіць Жураўліка з талеркі, а гурт сарамаціць яго, просіць папаіць Жорава з гладыша, даць коніку аўса. Конік, а следам за ім і ўсе танцуюць лявоніху з гаспадарамі. Дзед зноў стукае ў столь, кажа: “Шукаў у хаце клад, ды не знайшоў”. Гаспадар уручае Дзеду грошы — “клад, каб у сям’і быў лад”. Калі ў доме ёсць незамужняя дачка або ўнучка, ёй спяваюць адну песню, калі хлопец — другую. Урэшце стомленыя шчадроўнікі ўсклікаюць: “Хутчэй дарыце, нас не марыце, кароткі світкі, памерзлі лыткі!” — знак, што пара ісці ў другую хату. Гаспадары даюць яшчэ хлеба, пірага, дзякуюць. І зноў традыцыйныя добрыя ўзаемныя пажаданні: “Каб на той год даждалі і нас сустракалі!”. Са словамі “Дзякуй гэтаму дому, пойдам к другому!” гурт з музыкай, прыпеўкамі, танцамі выходзіць.
Так шчадроўнікі абыходзяць усе хаты, дзе гарыць святло. Потым дзеляць пачастункі, накрываюць стол і сустракаюць першы дзень Новага года.

 Чаго просіць душа

Абрад “Шчадрэц” наўрад ці быў бы такім яркім, калі б не народны фальклорны калектыў “Палескія крыніцы”. Больш за два дзясяткі вяскоўцаў з густам, непаўторна спяваюць мілагучныя палескія песні, тое, што перанялі ад бабуль і матуль, чаго просіць душа. Галасісты гармонік, барабан, іншыя характэрныя нацыянальныя інструменты ў добрым ладзе з чыстымі энергічнымі галасамі дапамаглі калектыву гучна заявіць пра сябе. І вось ужо амаль чатыры дзесяцігоддзі “Палескія крыніцы” са спецыфічнымі каляндарна-земляробчымі і сямейна-абрадавымі песнямі, аднагалоснымі і шматгалоснымі, у якіх моцны элемент меладычнага і рытмічнага вар’іравання, своеасаблівая харэаграфія — яркі носьбіт мясцовых традыцый. Пад кіраўніцтвам Валянціны Целяк, якая нарадзілася, вырасла на тутэйшай зямлі, выдатна ведае яе традыцыі, абрады, гурт — завадатар многіх каляндарных і сямейных свят. Галасы яго ўдзельнікаў — галоўныя ў час святкавання Калядаў і веснавых свят, Купалля, на жніве, на вяселлях і радзінах, на канцэртах і вячорках, на творчых сустрэчах. І, вядома, на Шчадрэц, у ноч пад Стары Новы год. Бліснулі майстэрствам палескія самадзейныя артысты перад шматлікімі гасцямі і ў зале Нацыянальнай бібліятэкі, куды іх запрасілі на адкрыццё выставы, прысвечанай Дням Еўрапейскай культурнай спадчыны ў Беларусі.
...На свяце зажынак у Салігорскім раёне кожнае сельскагаспадарчае прадпрыемства прадстаўляла на конкурс падворак з караваямі, мёдам, каўбасамі, блінцамі. І, вядома, з песнямі, танцамі. Майстэрства ААТ “Скаўшын”, куды ўваходзіць і вёска Рог, журы адзначыла дыпломам за захаванне нацыянальных традыцый. Разам з дарослымі жнівеньскія песні ў полі выконвалі і падлеткі ў нацыянальным адзенні з танцавальнага гурта “Ручаёк” — спадарожніка “Палескіх крыніц”. Паўтара дзясятка хлопчыкаў і дзяўчынак пераймаюць ад бацькоў, дзядоў старадаўнія танцы, песні. Значыць, не згасне добры агеньчык народных традыцый у гэтым палескім куточку!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter