З Полацка вядзецца радавод

Сваю любоў да горада-юбіляра многія палачане сцвярджаюць добрымі справамі. А творцы падрыхтавалі яму да свята і адметныя падарункі.У час, калі не толькі беларусы — увесь свет, здаецца, святкуе 1150-годдзе “бацькі гарадоў беларускіх”, варта згадаць просты і зразумелы, а разам з тым велічны і надзвычай глыбокі па сутнасці гімн любові да Бацькаўшчыны. Многія ж, пэўна, задумваюцца: ну чаму нас так цягне ў мясціны маленства? І менавіта Францыск Скарына, славуты ўраджэнец Полацка, знаходзіць адказ: “Звяры, што ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае; птушкі, што лётаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае; рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае; пчолы і ім падобныя бароняць вуллі свае; так і людзі — дзе нарадзіліся і ўзгадаваны па Божай міласці, да таго месца вялікую ласку маюць…”
1150-годдзе Полацка святкавалася шырока і ўрачыста Сваю любоў да горада-юбіляра многія палачане сцвярджаюць добрымі справамі. А творцы падрыхтавалі яму да свята і адметныя падарункі.
У час, калі не толькі беларусы — увесь свет, здаецца, святкуе 1150-годдзе “бацькі гарадоў беларускіх”, варта згадаць просты і зразумелы, а разам з тым велічны і надзвычай глыбокі па сутнасці гімн любові да Бацькаўшчыны. Многія ж, пэўна, задумваюцца: ну чаму нас так цягне ў мясціны маленства? І менавіта Францыск Скарына, славуты ўраджэнец Полацка, знаходзіць адказ: “Звяры, што ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае; птушкі, што лётаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае; рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае; пчолы і ім падобныя бароняць вуллі свае; так і людзі — дзе нарадзіліся і ўзгадаваны па Божай міласці, да таго месца вялікую ласку маюць…”
1150-годдзе Полацка святкавалася шырока і ўрачыста З такіх слоў, якія маглі б стаць дэвізам дзейнасці для многіх беларускіх суполак замежжа, пачаў аповед пра святочныя справы Полацкага зямляцтва і яго мінскага аддзялення пісьменнік Навум Гальпяровіч. “Юбілей Полацка — вялікае свята для ўсіх, хто нарадзіўся там, каго вялі туды жыццёвыя дарогі, хто ў слаўным горадзе жыў і працаваў, дыхаў яго паветрам, — крыху ўзнёсла гаворыць паэт-палачанін. — Сярод тых, хто падрыхтаваў гораду свае падарункі, нямала і цяперашніх жыхароў сталіцы. А мінчан-палачан, нагадаю, цяпер больш за сто, у тым ліку акадэмік Уладзімір Рашэтнікаў, пісьменнікі Уладзімір Арлоў, Пятро Васючэнка, Валянцін Лукша, ганаровы грамадзянін Полацка Алесь Савіцкі. І Музей гісторыі Мінска ўзначальвае наша Галіна Ладзісава, а яе муж Алег Ладзісаў — супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага музея, і дырэктар акадэмічнага Інстытута гісторыі Уладзімір Даніловіч мае “полацкую памету” на сваім лёсе”.
1150-годдзе Полацка святкавалася шырока і ўрачыстаКожны з палачан, якія непарыўна звязваюць свой лёс з гэтым старажытным горадам, па-свойму рыхтаваўся да юбілею. Скажам, дацэнт Беларускай політэхнічнай акадэміі Уладзімір Цялежнікаў разам з архітэктарам Вадзімам Гліннікам зрабіў цікавы праект, ідэі якога скарыстаны ў канчатковым праекце гістарычнай рэканструкцыі старой часткі горада, пры Спаса-Ефрасінеўскім манастыры і Сафійскім саборы. Там, як вядома, ствараецца турыстычная інфраструктура. І стары млын на беразе Палаты мяркуецца аднавіць, і зрабіць пешаходныя дарожкі, масткі. Задумана рэалізаваць вялікі праект, пад які дзяржава выдаткавала 2 трыльёны рублёў.
1150-годдзе Полацка святкавалася шырока і ўрачыста Падарунак да юбілею падрыхтаваў Сяргей Тарасаў — ён шмат зрабіў для аднаўлення старонак полацкай гісторыі, штогод праводзіў там археалагічныя раскопкі, і вось выдаў кнігу пра гэта. А ў выдавецтве “Чатыры чвэрці” ў серыі “Асоба і час” выйшла кніга пісьменніка-франтавіка, лаўрэата Дзяржпрэміі Беларусі Алеся Савіцкага “Сонца на ўсіх адно”.
Сам жа Навум Гальпяровіч прыняў удзел у некалькіх праектах. Мы ўжо расказвалі пра кнігу “Полацк — бацька гарадоў беларускіх”, выдадзеную ім у сааўтарстве з Наталляй Ванінай. Папрацаваў ён і для паэтычнага фотаальбома “Я ад дрэва твайго…”, які выйшаў у выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя”. Там жа на падыходзе яшчэ адзін вялікі альбом да юбілею Полацка, для якога Навум Якаўлевіч і яго сын Максім, галоўны рэдактар “Беларускага гістарычнага часопіса”, напісалі гістарычны нарыс. Туды ўвайшлі і вершы, прысвечаныя Полацку.
На ўрачыстасці ў Полацк сабраліся землякі з розных месцаў Беларусі, з Масквы і Санкт-Пецярбурга, краін блізкага і далёкага замежжа. Яны таксама прыехалі не з пустымі рукамі. Напрыклад, Барыс Косцін прэзентаваў сваю кнігу “Уладзімір і Рагнеда”. Яна выйшла ў Санкт-Пецярбургу, дзе цяпер жыве былы вайсковец, які доўгія гады служыў у Полацку і, як кажуць, прырос любоўю да яго.
1150-годдзе Полацка святкавалася шырока і ўрачыстаШмат людзей аб’яднаў праект па зборы сродкаў для рэстаўрацыі полацкіх фрэсак. “Гэта наша сумесная з Беларускім фондам культуры справа, — удакладняе Н. Гальпяровіч. — Дабрачынны збор сродкаў прадаўжаецца, частка грошай ужо перададзена рэстаўратарам, і дзяржава выдзяляе немалыя сумы. Важна было прыцягнуць увагу шырокай грамадскасці да гэтых унікальных твораў. Думаю, і ЮНЕСКА з часам падключыцца. Нагадаю: пад слоем тынку ў царкве, што была замоўлена дойліду Іаану самой Ефрасінняй Полацкай, знойдзены старажытны жывапіс ХІІ стагоддзя. Пакуль невядома, хто аздабляў царкву, але фрэскі — каштоўнасць сусветнага маштабу. Прынамсі, на тэрыторыі былога Саюза такіх вельмі мала. А ці не цуд ужо тое, што сама царква праз вякі ацалела! Там працуюць маскоўскія рэстаўратары. І справа гонару ўсіх беларусаў — зберагчы для нашчадкаў культавы і духоўны набытак усяго народа”.
Навум Гальпяровіч лічыць, што шырокае святкаванне 1150-годдзя Полацка ёсць не толькі сведчанне нашай павагі да гісторыі. Гэта і сцвярджэнне таго, што продкі беларусаў даўным-даўно мелі сваю дзяржаўнасць. На Дзвіне быў створаны такі моцны духоўны, культурны цэнтр, які і па сёння падпітвае стваральнай энергіяй усю краіну. Полацк, як вядома, панёс на дарогах гісторыі вялікія страты, але ён па-ранейшаму застаецца сімвалам моцы, прыгажосці, высокай культуры.

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter