Зімовай казачнай парой

Па Міншчыне крочыць навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці»

Навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» крочыць па Міншчыне.

Святочныя мерапрыемствы для дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў, дзяцей з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў, для адораных і таленавітых дзяцей, а таксама для дзяцей, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай падтрымцы, будуць праходзіць амаль месяц.  

Па традыцыі ў дабрачыннай акцыі возьме ўдзел кіраўніцтва аблвыканкама і яго структурных падраздзяленняў, абласных арганізацый і прадпрыемстваў. Таксама прадстаўніча пройдуць яны і ў раёнах. Як правіла, гэтыя навагоднія і калядныя дні бываюць надзвычай шчодрыя на падарункі і сюрпрызы. Пра гэта загадзя клапоцяцца дарослыя. Для дзяцей ладзяцца канцэрты, тэатралізаваныя прадстаўленні, вясёлыя конкурсы.

Асаблівасць акцыі «Нашы дзеці» — актыўны ўдзел усіх зацікаўленых у тым, каб парадаваць менавіта дзетак, якія выхоўваюцца ў інтэрнацкіх установах. Сёлета з удзелам спонсараў з Міністэрства па падатках і зборах у Грозаўскай сярэдняй школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, адбудзецца прадстаўленне «Зімовай казачнай парой», а з удзелам арганізацыі прафсаюзаў «Мінскае таксі» — «Робім разам свята для дзяцей». Запланаваны выязная экскурсія на завод «Coca-Cola» і навагодняе прадстаўленне. У такую ж школу-інтэрнат у Радашковічах наведаецца з канцэртам і падарункамі ансамбль Міністэрства ўнутраных спраў. Навучэнцы Уздзенскай дзяржаўнай школы-інтэрната для дзяцей з саматычнай паталогіяй з нецярплівасцю чакаюць у госці курсантаў Ваеннай акадэміі.

Усяго ж захапляльныя падарожжы ў святочную казку чакаюць больш за 10 тысяч дзяцей ва ўсіх рэгіёнах Міншчыны. Арганізатары дабрачыннай акцыі запэўніваюць: «Дзеці атрымаюць шмат яркіх уражанняў, станоўчых эмоцый і самых разнастайных падарункаў. Ніводнае дзіця ці то ў інтэрнацкай установе, ці то ў прыёмнай, апякунскай сям’і ці дзіцячым доме сямейнага тыпу не застанецца па-за ўвагай».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter