Мінскі пенсіянер Мікалай Лявонаў упэўнены: пры дапамозе яго калькулятара дзеці змогуць вельмі хутка асвойваць арыфметычныя дзеянні

З матэматыкай — да зорак

Рыгор Арэшка

Мінскі пенсіянер Мікалай Лявонаў упэўнены: пры дапамозе яго калькулятара дзеці змогуць вельмі хутка асвойваць арыфметычныя дзеянні

mikalai.pngЧытачы “Голасу Радзімы” памятаюць, магчыма, ранейшую нашу публікацыю пра гэтага чалавека, ягоны ўніверсальны арыфмометр, пра яго прабегі басанож ды ў цяжкай кальчузе і своеасаблівы рэкорд на Маскоўскім міжнародным марафоне міру. Тады пенсіянер Мікалай Лявонаў казаў: дзеля здароўя, духоўнага і фізічнага, трэба працаваць над сабою штодзень, не ленавацца. Напрыклад, займацца бегам, гэта — самы танны і найбольш даступны від аздараўлення.

Тым часам і рух па жыцці самога Мікалая Пятровіча прадаўжаецца. Прычым у розных кірунках. Заглянуўшы ў чарговы раз у рэдакцыю, ён паказаў, як лёгка дзецям можна засвойваць лічбы, навучыцца складваць і адымаць іх пры дапамозе новага яго вынаходства. Гэта настольная гульня “Матэматычны зорны калькулятар”. На кружках расчэрчаны сектары з каляровымі лічбамі (глядзіце здымак), паварочваеш іх у круглых гнёздах — і можаш гуляючы асвойваць простыя арыфметычныя дзеянні з астранамічна вялікімі, да мільярдаў, лічбамі. Пэўна, таму калькулятар і зорны?. Прайшоўся энтузіяст па дзіцячых садках — эфект, кажа, каласальны. Малыя асвойваюць калькулятар хутчэй, чым дарослыя. “А час, што вызваляецца, можна скарыстоўваць для нечага іншага: для агульнага развіцця асобы, а можа і для фізічных практыкаванняў”, — дбае пра лепшую будучыню нашчадкаў дзядуля Мікалай.

Дарэчы, інтэлектуальныя пошукі і дасягненні Мікалая Лявонава высока ацаніла журы нядаўняга Міжнароднага фестывалю творчасці інвалідаў, які ладзіўся ў шэрагу іншых мерапрыемстваў у плыні “Славянскага базару ў Віцебску”. Мікалай Пятровіч з гонарам паказаў дыплом, прывезены адтуль, з подпісамі старшыні журы, вядомага кампазітара Ігара Лучанка і старшыні Беларускага таварыства інвалідаў Уладзіміра Патапенкі. Акрамя “Матэматычнага зорнага калькулятара”, расказаў вынаходнік, у Віцебску ён паказваў сваю гульню “Вундэркіндэр” ды яшчэ “Лічбавыя шашкі”.

calc.pngЦікава, што ўсе гэтыя незвычайныя ідэі, якія потым знаходзяць увасабленне — а гульні Мікалая Лявонава для дзяцей ёсць ужо і ў продажы — прыходзяць вынаходніку пераважна пад час працы на падвор’і Свята-Елісавецінскага манастыра. “Гэта на вядомай многім мінчанам Лысай гары, кіламетраў за 35 ад Мінска, — прыадкрывае сакрэты творчых азарэнняў Мікалай Пятровіч. — Там мы, у асноўным немаладыя ўжо мужчыны, пачынаючы з красавіка пад кіраўніцтвам брата Юрыя займаемся пчоламі, агародам, садам... Жывем па ўставе: у шэсць — пад’ём, а палове сёмай — малітва, потым сняданак, ну і гэтак далей. Па падвор’і прыгожа, шмат кветак, і ўвогуле: праца на свежым паветры з малітваю — гэта якраз тое, што аздараўляе і душу, і цела”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter