У розных гарадах свету пабывала выстава, прысвечаная юбілею дыпламата Іосіфа Гашкевіча

З Мінска да Хакадатэ — праз Санкт-Пецярбург і Парыж

У розных гарадах свету пабывала выстава, прысвечаная юбілею дыпламата Іосіфа Гашкевіча

Як вядома, сёлета — Год Іосіфа Гашкевіча. Такое рашэнне было прынята на 37-й Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА і зафіксавана ў Календары памятных дат на 2014—2015 гады. Каб ушанаваць памяць пра слыннага беларуса, адзначыць яго 200-я ўгодкі, у Беларусі распрацаваны план юбілейных мерапрыемстваў. Нацыянальнаму гістарычнаму музею Беларусі было даручана арганізаваць адпаведную выставу. Экспазіцыя расказвае пра дзяржаўнага дзеяча, вучонага, жыццё і дзейнасць якога цесна звязаны з Беларуссю, Расіяй, Кітаем, Японіяй, іх гісторыяй і культурай. У праекце прынялі ўдзел і Нацыянальны мастацкі музей, Нацыянальная бібліятэка, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, а таксама Пасольства Японіі ў Беларусі, Дзяржаўны музей гісторыі Санкт-Пецярбурга, Расійская нацыянальная бібліятэка ў Санкт-Пецярбурзе, Архіў знешняй палітыкі Расійскай імперыі ў Маскве, кракаўскі Музей гісторыі фатаграфіі імя В. Ржавуцкага, прыватныя калекцыянеры.

Бюст Іосіфа Гашкевіча скульптара Алега Комава ў Хакадатэ
Бюст Іосіфа Гашкевіча скульптара Алега Комава ў Хакадатэ

Важна, што цяпер мы ведаем месца нараджэння земляка. Раней лічылася: гэта вёскі Якімава Слабада. Пра тое, дарэчы, пісала і газета “Голас Радзімы” ў тэксце “Сцежкамі Іосіфа Гашкевіча” (27 сакавіка 2014 года): “Архівісты ўстанавілі дакладна: нарадзіўся Іосіф Антонавіч у вёсцы Стралічава былога Рэчыцкага павета (цяпер Хойніцкі раён), дзе яго бацька быў святаром у мясцовай Міхайлаўскай царкве.

Пацвярджэнне таму ёсць і на адным з сайтаў у інтэрнэце. Але чаму ўзнікла блытаніна? Верагодна, з-за таго, што ў царкве вёскі Якімава Слабада быў святаром малодшы брат Іосіфа Гашкевіча — Андрэй. І семінарыст Іосіф часам заязджаў пагасцяваць да яго”. Нагадаем, будучы дыпламат закончыў Мінскую духоўную семінарыю, Пецярбургскую духоўную акадэмію. На працягу 10 гадоў знаходзіўся ў складзе Рускай духоўнай місіі ў Кітаі. Вывучыў некалькі ўсходніх моў, сабраў вялікую калекцыю флоры і фаўны Кітая, Японіі, Індакітая, Філіпін, Карэі. Пазней, у 1852-55 гадах, Іосіф Гашкевіч быў у складзе дыпмісіі адмірала Пуцяціна ў Японію, прымаў удзел у падрыхтоўцы і падпісанні першага Руска-японскага дагавора. А ў 1858-65 гадах ён плённа працаваў на пасадзе расійскага консула ў горадзе Хакадатэ. Займаўся і навуковай дзейнасцю. Падрыхтаваў першы Японска-рускі слоўнік, уганараваны прэстыжнай Дзямідаўскай прэміяй Імператарскай акадэміі навук і залатым медалём.

Рэканструкцыя кабінета расійскага консула ХІХ ст.
Рэканструкцыя кабінета расійскага консула ХІХ ст.

Пасля адстаўкі Іосіф Гашкевіч вярнуўся ў Беларусь, пасяліўся ў маёнтку Малі — цяпер Астравецкі раён Гродзеншчыны. Там і пісаў даследаванне “Аб каранях японскай мовы”. Памёр у 1875 годзе. І ёсць падставы меркаваць, што ў Астраўцы, пры мясцовым касцёле быў і пахаваны.

Экспазіцыя “Іосіф Гашкевіч: дыпламат, вучоны-арыенталіст” у сака­віку-маі працавала ў залах Гіста­рыч­на­га музея. Была выстава-трансформер, з тэкставай і фотаін­фармацыяй пра жыццё і дзейнасць Гашкевіча на стэндах, дэманстраваліся копіі архіўных дакументаў. Адмыслова для выставы былі выраблены гістарычныя рэканструкцыі касцюмаў навучэнца Мінскай духоўнай семінарыі, расійскага консула ХІХ стагоддзя. Інсталяцыя “Кабінет расійскага консула ў Японіі”, складзеная з фондавых матэрыялаў музея, разам з творамі дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва са збору Мастацкага музея Беларусі, гравюрамі японскіх мастакоў і фо­таздымкамі пачатку ХХ стагоддзя з відамі японскіх гарадоў, мястэчак, культавых пабудоў надалі паказу ўсходні каларыт і атмасферу таго часу. Завяршалася экспазіцыя выявай бронзавага бюста І. Гашкевіча работы скульптара Валяр’яна Янушкевіча.

Летам выстава працавала ў Палацы Румянцавых — філіяле Дзяржаўнага музея гісторыі Санкт-Пецярбурга. Паказ дапаўнялі ўзоры беларускіх строяў, этнаграфічныя малюнкі даследчыка Міхася Раманюка са збору Гістарычнага музея Беларусі. Расійскі музей прадставіў творы выяўленчага мастацтва, прысвечаныя Санкт-Пецярбургу ХІХ стагоддзя, Расійская нацыянальная бібліятэка — арыгінал выдання першага Японска-рускага слоўніка 1857 года, падрыхтаванага Іосіфам Гашкевічам. На адкрыцці выставы прысутнічаў і выступіў з прывітальным словам консул Японіі ў Санкт-Пецярбурзе Ёсіхіра Ямамура.

Хакадатэ. Адноўлены будынак расійскага консульства
Хакадатэ. Адноўлены будынак расійскага консульства

Пастаяннае прадстаўніцтва Бе­ларусі пры ЮНЕСКА ў верасні ар­ганізавала выставу ў Штаб-ква­тэры гэтай арганізацыі ў Па­рыжы. На цырымоніі яе адкрыцця з пры­вітальным словам да прысутных звярнуўся Пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка. Спадар Альфрэда Перэс дэ Арміньян адзначыў: для яго ўдвая прыемна адкрываць такую выставу ў першы дзень яго працы ў якасці намесніка дырэктара ЮНЕСКА па пытаннях культуры.

Далей наша выстава паехала ў японскі партовы горад Хакадатэ, дзе ў свой час прайшла консульская служба Іосіфа Гашкевіча. Экспазіцыю разгарнулі ў Цэнтры падтрымкі грамадзянскай ініцыятывы. У адкрыцці выставы  ўдзельнічалі Пасол Беларусі ў Японіі Сяргей Рахманаў, Пасол Расіі ў Японіі Яўген Афанасьеў. Адметна, што поруч з супрацоўнікамі Гістарычнага музея Беларусі ў складзе дэлегацыі былі і студэнты Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржуніверсітэта. У першыя дні працы выставы для культурнай грамадскасці Хакадатэ ладзілася відэапрэзентацыя “Гісторыя і культура Беларусі”. На канферэнцыі, прысвечанай дзейнасці Іосіфа Гашкевіча, гаварылі пра тое, як далей развіваць трохбаковае супрацоўніцтва паміж установамі культуры і адукацыі Беларусі, Расіі ды Японіі.
Як бачым, асоба славутага земляка і цяпер збліжае народы ў іх памкненнях да сяброўства і супрацоўніцтва.

Ніна Калымага, Алег Ладзісаў, супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter