З глыбiнь стагоддзяў

Адтуль чэрпаюць   творчыя   сiлы   самабытныя   фальклорныя калектывы   i   асобныя   самадзейныя   майстры   сцэны i   рамёстваў   Валожыншчыны

Адтуль чэрпаюць   творчыя   сiлы   самабытныя   фальклорныя калектывы   i   асобныя   самадзейныя   майстры   сцэны i   рамёстваў   Валожыншчыны

Галоўнай апошняй падзеяй для ўсяго калектыву культработнiкаў раёна стаў гастрольны тур у Зарайскi раён Маскоўскай вобласцi, з якiм валожынцы падтрымлiваюць цесныя сувязi многiя гады. Такога масавага выхаду на далёкую сцэну са сваiмi творчымi набыткамi мясцовыя самадзейныя калектывы не зведвалi даўно. I таму нават праз два месяцы пасля падзеi ў iх не патух агонь уражанняў аб тых душэўных сустрэчах, што адбывалiся падчас Дзён Рэспублiкi Беларусь у Падмаскоўi. 

Майстэрства там дэманстравалi ў асноўным два гурты – “Сваякi” пад кiраўнiцтвам Аляксандра Шаўчэнкi з Валожына i “Рамалэ” — ансамбль цыганскай песнi з Iвянецкага гарпасялковага Дома культуры. Хаця дастойных было i ёсць з каго выбiраць. У раёне дзейнiчае 196 клубных фармiраванняў, якiя аб’ядноўваюць 2165 чалавек, з iх 128 гурткоў i калектываў мастацкай самадзейнасцi, дзе займаецца 1320 чалавек. Ва ўстановах культуры працуюць 13 калектываў, якiя маюць званнi “народны” i “ўзорны”. Нядаўна  ў гэтую элiтную “групоўку” ўлiўся дзiцячы фальклорны гурт “Вянок” Ракаўскага СДК. 

Установы клубнага тыпу праводзяць у сярэднiм у год каля 600 канцэртаў i прыкладна столькi ж тэатралiзаваных прадстаўленняў, каля 300 выстаў. 

— За кожным нашым мерапрыемствам, кожнай нашай справай стаiць чалавек цi творчы калектыў, — расказвае галоўны спецыялiст аддзела культуры Валянцiна Бацян. — Асаблiва цёпла i душэўна праходзяць святы вёсак, вулiц, урачыстасцi з выпадку юбiлеяў гаспадарак, аб’яднаныя фестывалем з сiмвалiчнай назвай “Жыве мая вёска”. Там конкурсы на  лепшы падворак, лепшую страву, выпечку, лепшы святочны стол у нацыянальных традыцыях, на ўменне запрасiць у госцi i яшчэ шмат чаго, што захоўвае народная памяць. 

У мiнулым годзе ўпершыню ў раёне наладзiлi свята гумару “Дубiнскiя жартачкi”. Ёсць на Валожыншчыне такая вёска Дубiна (з нацiскам на апошнiм складзе) — сваё мясцовае Габрава цi Аўцюкi. Смяяцца, жартаваць тут умеюць. I ў эпiцэнтры ўсiх падзей — першая  вясковая гумарыстка, метадыст тутэйшага клуба Тамара Каляда. На “жартаўлiвай нiве” лiтаральна на вачах вырасла i новае iмя. Супрацоўнiк Iвянецкага музея традыцыйнай культуры Валерый Мазура байку Кандрата Крапiвы “Дзед i баба” расказваў гледачам на трох мовах. А крыху пазней на рэспублiканскiм фес-тывалi гумару ў сваёй намiнацыi заняў першае месца. 

На асоб самабытных, адданых народнай творчасцi i абапiраецца аддзел культуры райвыканкома. З удзячнасцю ставяцца тут да нястомнай дзейнасцi кiраўнiка фальклорнага калектыву “Гасцi-нец” Ракаўскага ДК Лiзаветы Пятроўскай. У мiнулым годзе калектыў удзельнiчаў у абласным фестывалi “Напеў зямлi маёй” i стаў яго лаўрэатам. Плён старанняў Лiзаветы Станiславаўны таксама дзiцячы гурт “Вянок”, якi атрымаў званне “ўзорны”. З рэспублiканскага свята песнi ”Берагiня”, што прайшло ў Акцябрскiм раёне Гомельскай вобласцi, ён прывёз 11 дыпломаў. 

У раёне ганарацца хорам ветэранаў “Спяваючыя сэрцы”. На аглядзе калектываў ветэранскiх арганiзацый у Смалявiчах ён заняў першае месца, быў запрошаны для ўдзелу ў рэспублiканскiх мерапрыемствах у гонар 60-годдзя Перамогi, спяваў на канцэрце ў зале Белдзяржфiлармонii. Нягледзячы на шаноўны ўзрост удзельнiкаў, калектыў творча расце, папаўняе рэпертуар. У раёне яго любоўна называюць “Маладыя сэрцы”. 

— Здаўна валожынская зямля славiлася сваiмi майстрамi ганчарнай справы. Апошнiм часам традыцыя атрымала новае раз-вiццё, — распавядае начальнiк аддзела культуры райвыканкома Вiкенцiй Адамовiч. — На базе Дома культуры г.п. Iвянец створаны Дом рамёстваў. Падзвiж-нiкам гэтай справы стаў дырэктар мясцовага музея Алег Раманоўскi. Бацькаву навуку пераняў сын Мiраслаў, якi з’яўляецца членам Саюза майстроў. Мiнулым летам у старажытным Iвянцы прайшло абласное свята “Глiняны звон”.  Яно ўзняло творчыя памкненнi нашых талентаў. I мы плануем ладзiць такiя святы ўмельцаў у сябе ў раёне. Калi не кожны год, то праз год абавязкова. 

Адраджаецца не толькi ганчарства. Пры Доме рамёстваў адноўлена кузня, працуюць аматары ткацтва, разьбы па дрэве. З’явiўся першы вопыт арганiзацыi турызму. I ў яго ёсць перспектыва, бо мясцiны гэтыя вядомы многiмi славутасцямi i гiстарычнымi падзеямi, помнiкамi дойлiдства. 

У святкаванне Юр’я, Пакроваў, Каляд, зажынак, дажынак, якiя сталi неад’емнай часткай культурнага жыцця раёна, таксама ўносяцца элементы i традыцыi, якiя захавала спадчына. Iх шукаюць, узбагачаюць i дапаўняюць спецыялiсты-культасветнiкi, каб ператварыць кожны такi фэст у яркае, запамiнальнае дзейства, якое вучыць шанаваць сваю зямлю, свой край, вынiкi сумеснай працы, як гэта рабiлi нашы продкi. 

Адметнай падзеяй у культурным жыццi раёна павiнна стаць адкрыццё раённага музея. Дырэктар Наталля Лоўчая ў гэтым нiколькi не сумняваецца. Ужо хаця б таму, што валожынскi “дом гiсторыi” не будзе паўтараць iдэi суседнiх, будзе мець сваю асаблiвасць i накiраванасць. Валожынцы хочуць паказаць станаўленне i развiццё ў гэтым краi жалезалiцейнай справы. А дакладна вядома, што ў 1778 годзе ў мястэчку Вiшнева пачаў працаваць першы i адзiны ў Беларусi лiцейны завод. Руду ж дабывалi ў ваколiцах паселiшча. 

Па гiстарычных сведчаннях, на гэтым заводзе выраблялася зброя для паўстанцаў Тадэвуша Касцюшкi, пераважна пiкi ды косы. Таму i называлi тых адчайных людзей “касiнерамi”. Сведчаннем “эпапеi” рудакопаў застаюцца аднакарэнныя назвы вёсак — Руднiкi, Рудзеўшчына. Экспанаты i муляжы, якiя многiя гады збiралiся стваральнiкамi музея, чакаюць часу, каб адкрыць яшчэ адну малавядомую старонку нашай мiнуўшчыны. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter