Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Унікальныя рэчы з калекцыі вядомага мастацтвазнаўцы Яўгена Сахуты цяпер — у зборы Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі

З добрых рук майстроў народных

З кожнай экспедыцыі па розных рэгіёнах краіны Яўген Сахута прывозіць разнастайныя вырабы народных майстроў. Прычым толк у іх ведае, каштоўныя рэчы бачыць адразу: Яўген Міхайлавіч — першы ў Беларусі доктар мастацтвазнаўства ў галіне народнага мастацтва, прафесар, старшыня Беларускага саюза народнай творчасці. Калекцыю навуковец збірае амаль 50 гадоў. Чаго ў ёй толькі няма: керамічныя цацкі-свісцёлкі, саламяныя карзінкі, металічныя званы, дзвярныя клямкі… Нават драўляныя разьбяныя скульптуры ды шэдэўры іканапісу. Сёння ж амаль цалкам калекцыя навукоўца знаходзіцца ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі. Дапамогу ў набыцці ўнікальных экспанатаў музею аказаў ягоны генеральны партнёр: кампанія Japan Tobacco International.

Яўген Сахута на адкрыцці экспазіцыі ў Нацыянальным гістарычным музеі
Фота: кацярына МЯДЗВЕДСКАЯ

А Яўген Міхай­лавіч, хоць і называе калекцыю ўсяго толькі навуковым матэрыялам, памятае гісторыю кожнай рэчы: як да яго трапіла. Драўляную скульптуру Ісуса Хрыста, напрыклад, пашчасціла яму пабачыць неяк у адной з вёсак пад Ракавам. Доўгі час захоўвалася каштоўная рэч на гарышчы хаты, гаспадар якой, згадваў Яўген Сахута, знайшоў выяву на руінах былой каплічкі. Спаліць яе ці выкінуць — рука ў вяскоўца не паднялася, а што рабіць з ёй чалавек не ведаў.
Затое Яўген Міхайлавіч быў упэўнены: да твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва трэба ставіцца з вялікай пашанай, зберагаць іх, вывучаць. І таму кожная з уратаваных ім рэчаў дэталёва апісана ў шматлікіх навуковых працах, артыкулах.

На адкрыцці экспазіцыі “Традыцыйная мастацкая культура Беларусі” ў Гістарычным музеі Яўген Сахута казаў: “Прадстаўленыя рэчы — гэта вынікі маёй падарожніцкай працы”. Асабліва ж актыўна выязджаў даследчык у экспедыцыі ў савецкія гады — у тыя часы, калі ўсе будавалі светлую будучыню й не заўсёды думалі, як захаваць мінулае. “Як свабодны дзень калі выдасца: дзясятку ў кішэнь, рукзак за плечы — і пайшоў па вёсках, — усміхаецца навуковец. — Памятаю: сяду ля старога майстра, а ён, нават не гледзячы, круціць-верціць кавалак гліны ў руках: пяць хвілін — і свістулька ўжо гатова. Часта завітваў я да майстроў старэйшага пакалення, якія кідалі сваё рамяство: думалі — яно нікому ўжо больш не патрэбнае. Таму й спяшаўся занатаваць хоць штосьці, што магчыма — выратаваць”.

Яўген Сахута аб’ездзіў-абышоў літаральна ўсю Беларусь. Але больш за ўсё падабалася яму вандраваць па заходняй частцы краіны й Палессі. Бо там, кажа, багата захавалася этнаграфічных рэчаў, сапраўдных твораў традыцыйнай культуры. Многія з каштоўных рарытэтаў знаходзіў даследчык выпадкова. А, здаралася, выязджаў у раёны й мэтанакіравана. Даведваўся, напрыклад: у Камянецкім раёне Брэстчыны выраблялі майстры-самародкі драўляныя прасніцы ды багата іх аздаблялі прыгожай разьбою… Ехаў — і калекцыя зноў папаўнялася.

Сёння Яўген Міхайлавіч таксама час ад часу выязджае ў экспедыцыі. Але толькі тады, калі дакладна ведае: дзеля чаго. “Цяпер больш працую з сучаснымі майстрамі, сябрамі Беларускага саюза народнай творчасці. І гэта ўжо зусім іншы ўзровень народнай культуры”, — кажа Яўген Сахута. Даследчык прызнаецца: і сам не думаў, што з часам у людзей зноў з’явіцца інтарэс да традыцыйных рамёстваў, народнай творчасці. “Але з набыццём Беларуссю Незалежнасці, у 90-я, літаральна ж на маіх вачах раптам пачалі адраджаць тое, што ўжо было забыта. Я доўга думаў, чаму так сталася. І прыйшоў да высновы: самастойнай нацыі трэба нечым вылучацца сярод іншых народаў. А чым яшчэ, як не сваёй традыцыйнай культурай! Вельмі запатрабаванымі сталі старыя ганчары, ткачыхі, разьбяры… Моладзь актыўна сядала за кросны ды ганчарныя кругі… І на гэтай жывой хвалі адраджэння ў 1992 годзе быў створаны Беларускі саюз народнай творчасці”.

У калекцыі — разнастайныя вырабы народных майстроў
Фота: кацярына МЯДЗВЕДСКАЯ

Вельмі шчаслівы руплівы збіральнік рукатворных скарбаў ад таго, што дачакаўся сапраўднага адраджэння народнага мастацтва. Штогод у Беларусі ды за яе межамі праходзіць мноства конкурсаў, фестываляў па самых розных відах традыцыйных рамёстваў. А як актыўна адраджаюцца забытыя абрады! Прычым лепшыя ўзоры традыцыйнага мастацтва ўключаюцца ў Дзяржаўны рэестр гістарычна-культурных каштоўнасцяў. 

Дарэчы, Саюз майстроў народнай творчасці Беларусі падтрымлівае стасункі таксама й з рамеснікамі з замежжа. Неаднойчы на экскурсіі ды майстар-класы ў гэтую творчую суполку прыязджалі й супляменнікі з розных краін. Дый увогуле, па словах Яўгена Сахуты, у СМНТБ могуць уваходзіць і народныя майстры з ліку беларусаў замежжа: статутам аб’яднання тое не забаронена. Так што — майце на ўвазе, шаноўныя чытачы “Голасу Радзімы”! Перадавайце гэтую вестку сваім знаёмым, а найперш хай скіроўваюць сваю ўвагу ў бок Саюза вышывальніцы, ткачыхі, разьбяры, ганчары, саломапляцельшчыкі. Суполка — гэта новыя магчымасці для сутворчасці, да таго ж узоры вашай працы будуць больш ведаць на Бацькаўшчыне, яны будуць адлюстраваныя ў гісторыі беларускага традыцыйнага мастацтва.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 20 (3572), чацвер, 31 мая, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter