З Чэрвеня — у бельгійскі Лювен

Высокая музыка Міколы Равенскага нараджалася ў няпростыя часы жыццёвага лёсу кампазітараТаварыства “Беларусь — Бельгія” ладзіла вечарыну да 60-й гадавіны з дня смерці Міколы Равенскага ў Доме дружбы. Пачалі з прагляду фільма пра Брусель, сталіцу Бельгіі, багатую на помнікі архітэктуры. Прафесар Адам Мальдзіс падзяліўся ўспамінамі пра станаўленне таварыства, ля вытокаў якога ў 1996 годзе былі лекарка з Бараўлян Тамара Антановіч і брусельскі гамеапат, ураджэнец Слонімшчыны Лаўрэн Клыбік. Вясной 2001-га ў Мінску ладзіўся Беларуска-бельгійскі круглы стол, выдадзены яго матэрыялы, прычым у зборніку ёсць раздзел пра выкладчыка музыкі і спеваў Лювенскага каталіцкага ўніверсітэта Міколу Равенскага, з тэкстам спявачкі Вольгі Равенскай-Аляксеенкі, дачкі кампазітара.
Высокая музыка Міколы Равенскага нараджалася ў няпростыя часы жыццёвага лёсу кампазітара

Мікола РавенскіТаварыства “Беларусь — Бельгія” ладзіла вечарыну да 60-й гадавіны з дня смерці Міколы Равенскага ў Доме дружбы. Пачалі з прагляду фільма пра Брусель, сталіцу Бельгіі, багатую на помнікі архітэктуры. Прафесар Адам Мальдзіс падзяліўся ўспамінамі пра станаўленне таварыства, ля вытокаў якога ў 1996 годзе былі лекарка з Бараўлян Тамара Антановіч і брусельскі гамеапат, ураджэнец Слонімшчыны Лаўрэн Клыбік. Вясной 2001-га ў Мінску ладзіўся Беларуска-бельгійскі круглы стол, выдадзены яго матэрыялы, прычым у зборніку ёсць раздзел пра выкладчыка музыкі і спеваў Лювенскага каталіцкага ўніверсітэта Міколу Равенскага, з тэкстам спявачкі Вольгі Равенскай-Аляксеенкі, дачкі кампазітара.
Прыехала спадарыня Вольга і на сёлетнюю сустрэчу, падзялілася ўспамінамі пра бацьку, расказала, што чула пра яго ад маці ды іншых асоб. Лёс Равенскага — і як чалавека, і як музыкі — склаўся трагічна. Хоць ён не цікавіўся і не займаўся палітыкай, ды “палітыка знайшла яго сама”: Равенскі трапіў у спіс ворагаў савецкай улады за сяброўства з паэтам Уладзімірам Дубоўкам, на вершы якога пісаў музычныя творы. Яго выключылі з Саюза кампазітараў, канфіскавалі частку рукапісаў. З ім перасталі вітацца калегі, яго, хадзілі чуткі, збіраліся арыштаваць, як раней брата Антона, неўзабаве расстралянага, але — пачалася вайна. Калі Беларусь акупавалі ворагі, музыкант падаўся ў родны Чэрвень, стаў там рэгентам царкоўнага хору. У вайну старэйшую дачку кампазітара, партызанскую сувязную, гітлераўцы расстралялі, згарэў іх дом… Пэўна, толькі любоў да Бога і вера дапамаглі музыку не зламацца, выстаяць, напісаць яшчэ многа твораў.
У канцы вайны Равенскі аказаўся за мяжой. Ён працягваў пісаць музыку нават у лагерах для перамешчаных асоб. Вянцом яго творчай дзейнасці таго часу стаў духоўны гімн беларусаў “Магутны Божа” — ён сёння гучыць у касцёлах пасля кожнай імшы ў Беларусі ды іншых краінах. У адным з двух універсітэтаў Лювена, куды неўзабаве пераехаў беларус, ён шмат працаваў, бо ведаў: цяжкая хвароба скарачае жыццё. Кампазітар стварыў ва ўніверсітэце хор з беларускіх студэнтаў, які даваў канцэрты ў краінах Заходняй Еўропы.
Спадарыня Вольга згадала: ёй было чатыры гады, калі развіталася яна з бацькам, але праз усё жыццё адчувала духоўную сувязь з ім. У сакавіку 53-га ў яе ўзнікла вострае пачуццё тугі па ім… А праз гады даведалася: менавіта ў той час ён і памёр. Праз сорак гадоў змагла дачка паехаць у Бельгію на яго магілу. На ёй цяпер ёсць помнік, гэта работа скульптара Міхася Наўмовіча.

Людміла Малей

На здымку:
Мікола Равенскі
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter