Адметны праект “вулічнага мастацтва” рэалізуецца ў Беларусі з удзелам заакіянскіх мастакоў

З бразільскім каларытам

Рыгор Арэшка

Адметны праект “вулічнага мастацтва” рэалізуецца ў Беларусі з удзелам заакіянскіх мастакоў

Бразільска-беларускі street art фэст “Vulica Brasil” (Вуліца Бразіў) — першы міжнародны фэст такога роду ў краіне. Два месяцы ў Мінску, па 9 снежня, супольна працуюць бразільскія і беларускія мастакі. У нядаўняй прэс-канферэнцыі ўдзельнічалі арганізатары і партнёры фэсту, у тым ліку прадстаўнікі Мінгарвыканкама, посольства Бразіліі ў Беларусі, Цэнтра Сучасных Мастацтваў (там і праходзіла прэзентацыя праекта), Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, а таксама самі стрыт-арт мастакі. Гаварылася, што стрыт-арт (вулічнае мастацтва) Бразіліі цяпер — гэта адна з самых яркіх форм выяўленчага мастацтва ў свеце. Вось і ў Мінску прымаюць яго прызнаных майстроў. У плыні фэсту, ініцыяванага бразільскім пасольствам, сваё мастацтва прадэманструюць чатыры зоркі сусветнага стрыт-арту. Яны ўдзельнічаюць у разнастайнай праграме, у тым ліку і ў роспісе сценаў чатырох мінскіх будынкаў. Прайшлі таксама выстава ў Цэнтры Сучасных Мастацтваў, лекцыя пра ўплыў стрыт-арту на гарадское асяроддзе, быў урок малявання для дзяцей-сірот у горадзе Уздзе. Зроблена інсталяцыя “Бразільска-беларускі горад”, якая дэманструецца на плошчы Якуба Коласа, у цэнтры сталіцы.

Пад час фэсту багаты досвед калег пераймаюць беларускія мастакі гэтага кірунку. А ёсць жа адметныя таленты не толькі ў Мінску, але і ў Брэсце, Лідзе, Віцебску, Гомелі, Рэчыцы, Маладзечне, Оршы, Полацку ды іншых гарадах.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter