У Баранавічах упершыню прайшлі рэспубліканскі студэнцкі форум, а таксама Фестываль студэнцкай навукі

Ёсць у моладзі сталіца

У Баранавічах упершыню прайшлі рэспубліканскі студэнцкі форум, а таксама Фестываль студэнцкай навукі

Моладзевай сталіцай Беларусі стаў сёлета горад Баранавічы, што на Брэстчыне. Лепшым ён быў прызнаны сярод 35 іншых прэтэндэнтаў. Ідэя ж выбраць самы “малады” горад у Беларусі з’явілася летась, у Год моладзі. І цяпер Баранавічы на працягу года будуць самым прывабным для хлопцаў і дзяўчат адукацыйным і спартыўным цэнтрам у краіне. Аднак званне гэтае пяройдзе потым у іншае месца, і за яго ў будучыні змогуць пазмагацца іншыя абласныя і раённыя гарады Беларусі.

Першый гучнай падзеяй Моладзевай сталіцы стаў рэспубліканскі студэнцкі форум. У ім паўдзельнічалі навучэнцы 43 вну. На працягу двух дзён хлопцы і дзяўчаты абмяркоўвалі свае цікавыя праекты ды ініцыятывы. А ў гэты час у горадзе працавалі культурна-асветніцкія, эколага-турыстычныя і спартыўныя пляцоўкі. 

Прайшоў і Фестываль моладзевай навукі (бо 31 студзеня — Дзень беларускай навукі), пад час якога прэзентаваліся шматлікія  адкрыцці, дасягненні маладых навукоўцаў з Брэсцкага рэгіёну. Дарэчы, такую імпрэзу Міністэрства адукацыі праводзіла ўпершыню, і мэты дасягнула: цікавасць да падзеі была незвычайная. 

А яшчэ ў апошнія дні студзеня Баранавічы далучыліся да міжнароднай ініцыятывы “Горад, дружалюбны дзецям”. Адпаведная дамова аб супрацоўніцтве была падпісана паміж Міністэрствам адукацыі Беларусі, Баранавіцкім гарвыканкамам і Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ). А ў Баранавіцкім дзяржуніверсітэце прайшоў адкрыты дыялог “Залог поспеху краіны — поспех моладзі”, пад час якога апанентам студэнтаў быў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter