Деревня Малые Алашки Шарковщинского райисполкома пригласила в минувшие выходные отметить Яблочный Спас

Яшчэ сікораўскія прышчэпы

У вёсцы Малыя Алашкі Шаркаўшчынскага раёна, на радзіме вядомага беларускага садавода-селекцыянера Івана Сікоры, які вывеў звыш 500 сартоў яблыкаў, 100 — груш, а таксама шмат сліў, арэхаў і іншых культур садавіны, у мінулыя выхадныя было шматлюдна. Сюды з'ехаліся дэлегацыі і творчыя калектывы не толькі з суседніх раёнаў, але і з Расіі, Латвіі, Літвы. З мэтай — паўдзельнічаць у традыцыйным свяце «Яблычны Спас».



ВЁСКА Малыя Алашкі ў самым аддаленым кутку раёна, аднак ніводзін з 30 дамоў тут не пустуе. Палову з іх займаюць дачнікі з розных гарадоў Беларусі, а таксама з замежжа. Сяргей Скрыплёнак жыве ў Маскве. У Алашках застаўся дом ад бабулі, які ён агледзеў, завёў невялікую пасеку і рэгулярна сюды наведваецца. Таццяна Кажура — расіянка, марыла жыць у вёсцы. Разам з мужам Юрыем купілі тут хату, адрамантавалі, аздобілі сядзібу кветкамі, вырошчваюць гародніну. Прыцягвае сюды нейкая асаблівая гаючая энергія. І струменіць яна ад багацця садоў, якія ёсць ля кожнай хаты. А самы вялікі, у некалькі гектараў, у цэнтры вёскі — сад знакамітага беларускага селекцыянера Івана Сікоры, які жыў і тварыў тут у сярэдзіне XX стагоддзя.

Дзмітрый ЛАМАКА вітае намесніка старшыні Екабпілскай краявой думы (Латвія) Аніту ЛЕМАКА.

На свяце «Яблычны Спас» насельніцтва вёскі павялічваецца ў дзясяткі ці нават сотні разоў. Першым чынам людзі ідуць у два музеі Івана Сікоры. Першаму сёлета спаўняецца 30 год з дня адкрыцця. Іх сустракаюць дырэктар Наталля Перхуровіч і навуковы супрацоўнік Вольга Андрэйчык. У музеі 6 тысяч экспанатаў, якія расказваюць аб жыцці і творчай дзейнасці садавода-вучонага. Сёлета ён папоўніўся яшчэ 60 новымі дакументамі: пісьмамі, якія былі выпадкова знойдзены ў пакінутай гаспадарчай адрыне. Гэта пажоўклыя ад часу паштоўкі і трохвугольнікі. 

Вось ліст ад Аляксея Ісакава з сяла Цэпачкіна Уржумскага раёна Кіраўскай вобласці: «У знак вашай работы па пладаводстве і вінаградарстве я дазволю сабе патурбаваць вас адным пытаннем: ці можна па вясне або восені гэтага года атрымаць ад вас невялікую колькасць саджанцаў вінаграду розных сартоў у залежнасці ад наяўнасці іх у вашай гаспадарцы?» Якушаў (імя неразборліва) з Чкалаўскай вобласці (Расія) дзячыць Сікору за бандэроль з дзвюма кнігамі «Культура вінаградарства ў паўночных раёнах СССР». Некалькі лістоў падзякі з Алтайскага краю...

Былы мясцовы механізатар Валянцін ПАЗНЯК прыйшоў на свята разам з унучкай Алісай

У другім музеі, самой хаце, дзе жыў садавод-селекцыянер з 1924 па 1966 год, экскурсію для гасцей свята праводзіць унук Івана Паўлавіча — Андрэй Сікора, які жыве ў Мінску, пайшоў па сцяжынцы дзеда: займаўся ў інстытуце вывядзеннем розных сартоў бульбы. У тым ліку такога славутага, як «скарб». Андрэй паказвае наведвальнікам пакоі дзеда. У іх усё так, як і было паўвека таму назад: мэбля, кнігі, хатнія рэчы. На стале радыёла — першая на той час у вёсцы. Іван Паўлавіч адчыняў акно, каб маглі паслухаць усе жадаючыя. Збіралася паўвёскі. 

А ёсць яшчэ музей пад адкрытым небам: гібрыдны сад Івана Сікоры, які ён пасадзіў сам і ў якім за тысячу дрэў. І самае дзіўнае, што ён да гэтага часу багата пладаносіць. Госці свята змаглі пакаштаваць яблыкі «белы наліў» і іншыя раннія. Супрацоўнікі музея працягваюць справу Івана Паўлавіча. Разбіты на паўгектара малады сад. Ёсць два гадавальнікі па вырошчванні саджанцаў. Адзін з іх з’явіўся сёлета. 



Наглядальнік за гаспадаркай музея ўнучаты пляменнік Івана Паўлавіча — Сяргей Сікора тлумачыць: «Яго адметнасць у тым, што падвоі для прышчэп вырашчаны з насення яблыкаў сікораўскага гібрыднага саду, а не са спецыяльнай лазы, як робяць сёння. Таму і самі яблыні будуць не карлікавыя, а высокія, яны жывуць у разы даўжэй». 

Музей не мае ліцэнзіі рэалізоўваць саджанцы, і таму ў якасцi спонсарства перадае іх бальніцам, школам, арганізацыям і сельгаспрадпрыемствам раёна.



Ну а пасмакаваць кожнаму ўдзельніку свята не толькі яблыкі, але і стравы, прыгатаваныя з іх, можна было на падворках сельсаветаў. На стале Германавіцкага нельга было не звярнуць увагу на цэлую «вежу» крамяных пладоў. Старшыня сельвыканкама Мая Якімовіч не прамінула заўважыць, што гаспадаркі Савета, а іх тры — ААТ «Княж», «Ельня-Агра» і райагратэхсэрвіс, — спраўныя не толькі на садавіну, але і змаглі вырасціць сёлета добры ўраджай зерневых: звыш 30 цэнтнераў на круг. Аб набытках хлебаробаў і іншым падзяліўся старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама Дзмітрый Ламака:

— У цэлым па раёне на сёння маем 28 цэнтнераў зерневых з гектара. Гэта на 6 цэнтнераў больш, чым было ў мінулым годзе. Узялі іх за кошт азімых, пшаніцы і трыцікале, хаця, безумоўна, і тут сказалася засуха, бо красавік, май і чэрвень былі фактычна без дажджоў. Яравыя даюць меншы ўраджай, яны не раскусціліся. У бліжэйшыя 4—5 дзён уборку зерневых скончым. Цяпер актыўна вядзецца ворыва пад азімыя культуры. Прыступілі да сяўбы рапсу. Працягваем нарыхтоўку кармоў. Закаталі ў стрэйч-плёнку 6,5 тысячы тон сенажу.

Унучаты пляменнік Івана Паўлавіча – Сяргей СІКОРА ля пчол на пасецы ў гібрыдным садзе.

Што тычыцца прамысловасці, то вытрымліваецца ўзяты кiрунак на замежныя інвестыцыі. Дзейнічае прадпрыемства па дрэваапрацоўцы з літоўскім капіталам, хутка будзе другое. А неўзабаве адчынім трэцяе па перапрацоўцы другасных рэсурсаў са 100-працэнтнай арыентацыяй на экспарт. Створаны рабочыя групы з латышскімі сябрамі, у тым ліку па ўзаемадзеянні ў эканоміцы. І тут не апошнюю ролю адыгрывае сённяшні фестываль, дзякуючы якому ўстанаўліваем сувязі ў культуры, адукацыі, бізнесе.

Гэта не прамінуў ухваліць госць фестывалю старшыня Айзкраўкльскай краявой думы (Латвiя) Леон Лідумс:

— Мы знаёмы з Дзмітрыем Ламакам два з паловай гады і паспелі за гэты час наладзіць супрацоўніцтва ў сферы культуры і адукацыі: абменьваемся дэлегацыямі, выступленнямі творчых калектываў. А ў мінулым годзе ў Віцебску на бізнес-форуме падпісалі дагавор аб далейшым супрацоўніцтве. Нашы прадстаўнікі пабывалі ў Шаркаўшчынскім раёне, каб больш даведацца пра яго, бо не ўсе нашы магчымасці выкарыстаны. Вельмі цэнім вашы адкрытасць, душэўнасць і сур’ёзнасць. І тое, што так зберагаеце свае каштоўнасці: маю на ўвазе прыродны мемарыял садавода-селекцыянера Івана Сікоры.

Асвячэнне яблыкаў.

Пачалася ж урачыстасць з асвячэння айцамі Віктарам Валашчуком і Васілём Стрыжнёвым яблыкаў новага ўраджаю, якія адразу былі прапанаваны гасцям і ўдзельнікам фестывалю. Гасцінна запрашалі да сябе падворкі сельсаветаў, сталы якіх ламіліся ад прысмакаў. На свяце былі разгорнуты пляцоўкі: народных майстроў, тэатральная, спартыўная, цыркавая, праводзіліся майстар-класы па ўсходнiм адзінаборстве, выпяканнi бліноў на калодзе і іншыя. 

Паэты і пісьменнікі шар-каўшчынскага краю запрасілі ў літаратурна-музычную гасціную «Сэрцу любы куточак», дзе чыталі свае творы, прысвечаныя малой радзіме, Івану Сікору.

saulich@bk.ru

Фота аўтара i Сяргея Райчонка
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter