Ярлыкi

Палітыкі працягваюць гульні, робячы сабе бездакорны імідж, ствараючы ўласную пазнавальнасць у вачах выбаршчыкаў і магутных паўночнаатлантычных заступнікаў. Ідзе геапалітычнае супрацьстаянне: стварэнне новых “ліній падзелу”, чарговых “восяў зла” і навешванне ярлыкоў. Няхай сабе і на суседзяў...

Так, днямі, напачатку дзяржаўнага візіту ў Эстонію, прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ агучыла галоўную пагрозу для краін Балтыі і Польшчы на ўсходзе... існаванне Расіі і Беларусі. Яна ўпэўнена: само суседства з Масквой і Мінскам — пагроза ўсходняму памежжу НАТА, усёй Еўропе плюс мілітарызацыя Калінінградскай вобласці, выкарыстанне тэрыторыі Беларусі для розных эксперыментаў і агрэсіўных гульняў, накіраваных супраць Захаду (гаворка пра расійска-беларускія вайсковыя вучэнні “Захад-2017”, запланаваныя на верасень. — заўвага аўт.). На што беларускае МЗС, выклікаўшы літоўскага пасла, запатрабавала ад Вільнюса тлумачэнняў у сувязі з выказваннямі прэзідэнта  Літвы. У Міністэрстве палічылі лексіку Далі Грыбаўскайтэ абразай прынцыпу добрасуседства для нашых краін.

Лагічны працяг слоў палітыкаў — справы. Сёлета Літва пабудуе “сцяну” на мяжы з Калінінградскай вобласцю Расіі на ўчастку працягласцю 44,6 км — для   “спынення кантрабанды і абароны ад нелегальнай міграцыі” (будзе ўзведзена  двухметровая металічная сегментная агароджа з дадатковым абсталяваннем. — заўвага аўт.). Расійскі міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў лічыць гэта звычайнай русафобіяй. Дарэчы, летась пра аналагічныя планы паведамілі Латвія і Эстонія. Тады ж Маскву папярэдзіла і Варшава, што не будзе — у мэтах бяспекі — аднаўляць рэжым мясцовага памежнага руху з заходнім расійскім анклавам (магчымасць жыхарам рэгіёна ездзіць у Польшчу без віз).

Рэгіянальны пярэпалах сярод суседзяў выклікала і правядзенне на беларускім палігоне Брэсцкі, у перыяд 6—14 чэрвеня, расійска-беларуска-сербскіх антытэрарыстычных вучэнняў “Славянскае братэрства — 2017”. З-за чаго ўзброеныя сілы Украіны былі прыведзены ў стан павышанай боегатоўнасці.

Ваенна-палітычная блокавая істэрыя жыве, напружанасць толькі ўзрастае. Новыя ярлыкі сваім “зацятым партнёрам” навесіў і віцэ-прэзідэнт Злучаных Штатаў Майк Пенс. Выступаючы на пасяджэнні Атлантычнага савета, высокапастаўлены амерыканскі чыноўнік паставіў у адзін шэраг Расію, Іран і тэрарызм. Паводле слоў Пенса, свет стаў больш небяспечны, чым калі-небудзь з часоў распаду Савецкага Саюза. Аднак ЗША, кіруючыся абавязкамі ў межах Паўночна-Атлантычнага альянсу, заўсёды прытрымліваюцца статута арганізацыі, дзе напад на аднаго члена НАТА — атака на ўвесь ваенны блок.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter