Андрей Макаенок выбирал прототипы своих героев среди односельчан

Яму ў кожнай хаце былі рады

Выдатны драматург Андрэй Макаёнак, якому сёння б споўнілася 100 гадоў, прататыпы сваіх герояў выбіраў сярод аднавяскоўцаў.


Толькі ўсталявалася ў Журавічах цішыня — дрогкая, недаверлівая, да яе не паспелі яшчэ прывыкнуць людзі. Неўзабаве пачалі вяртацца на роднае селішча вяскоўцы — тыя, хто ацалеў пасля вайны. Набірала разбег новае стваральнае жыццё. Адраджаўся калгас «12 год Кастрычніка», будавалі журавічане і жыллё: не ўсе хаты перажылі вайну. Як і людзі. На ўскрайку вёскі рос, цягнуўся да сонца стромкі сасоннік. Дрэвы радавалі кожнага мінака. Глянеш на вершаліны — шапка з галавы валіцца. А тут неяк азваліся ў прыгожым лясным закутку пілы і сякеры. Людзі разводзілі рукамі: «Навошта нішчыць лес? Вайна абмінула, а мы… Няхай бы рос сасоннік, каму замінае?»

ЯКРАЗ у самы разгар лесапавалу прыйшоў да соснаў Андрэй Макаёнак, сакратар Журавіцкага райкама камсамола. Звычайна вясёлы, але тады, як ніколі, сур’ёзны і задумлівы. Яго абступілі вяскоўцы, позіркаў не зводзяць: а як ты, Андрэй, думаеш — правільна робіцца? Не адразу адказаў Макаёнак. Правёў рукой па кары дрэва, паляпаў далонню па камлі, уздыхнуў, а потым толькі ўскінуў бровы:

— Іншага выйсця ў нас, землякі, няма, — прамовіў ціха, але цвёрда. — Будавацца трэба. На чым у лес ехаць? Каб жа машыны меліся... Колькі тых у нас коней? На пальцах пералічыш. І лесу не навозім, і іх замардуем. Так што неабходна пакуль браць той лес, які пад бокам. А замест гэтых соснаў-прыгажунь маладыя пасадзім. Абавязкова. Гэта мы, моладзь, зробім.

Тыя дрэвы растуць — прыгожыя, стромкія. Некалі мястэчка, а зараз вёска маляўнічая Старыя Журавічы. Выбіралі доўга прашчуры, дзе быць іхняму паселішчу, — у акружэнні лясоў, паблізу возе­ра, а старая дарога Брэст — Масква праходзіць цераз калгасны сад. Рукой падаць да Доўска, а гэта буйнейшы транспартны вузел. Заўзяты рыбак можа скокнуць на Дняпро: там, як кажуць, не толькі клюе, але і з’явіліся ракі.

Нарадзіўся будучы драматург 12 лістапада 1920 года ў вёсцы Борхаў, непадалёку ад Журавічаў, куды бацькі неўзабаве пераехалі. Пасля заканчэння ў 1938 годзе мясцовай дзесяцігодкі працаваў масавіком у раённым Доме культуры (на той час Журавічы былі райцэнтрам), сюды вярнуўся з фронту, дзе атрымаў цяжкае раненне. Сакратар райкама камсамола, памочнік сакратара райкама партыі. Дзе б ні быў потым Андрэй Макаёнак — у Гродне, Магілёве ці Мінску, — сэрцам адчуваў сябе з землякамі, часта сюды прыязджаў, тут збіраў матэрыял для новых п’ес. Амаль у кожнай з іх прататыпы герояў — аднавяскоўцы. Сцяпан Васільевіч Калібераў, Антаніна Цімафееўна, Кузьма Прохаравіч Печкуроў («Выбачайце, калі ласка!)», Лушка, Лявон Чмых, Буйкевіч («Лявоніха на арбіце»), Цярэшка і Паліна («Трыбунал»), дзед Цыбулька і Васіль («Таблетку пад язык…»).

«…Любоў. Любоў з вялікай літары. Любоў да жыцця. Жыццё любяць усе, аднак любяць па-рознаму. Андрэй любіў яго, як даследчык, пераўтваральнік, нястомны барацьбіт за яго чысціню і прыгажосць», — пісаў пра лепшага сябра народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін.

Адкрыццё ў мясцовай школе ў 1986 годзе музея, прысвечанага класіку, стала значнай падзеяй для тутэйшых людзей. Яны сабраліся на вясковай плошчы, каб сустрэць дарагіх гасцей — пісьменнікаў Івана Чыгрынава, Сцяпана Лаўшука, Пятра Васілеўскага, Міколу Гроднева, Галіну Васілеўскую, тэатральнага рэжысёра Барыса Луцэнку, сваякоў Андрэя Макаёнка — дачку Алу Гаўрыловіч і сына Сяргея, братоў Івана і Леаніда. Перарэзаў тады чырвоную стужку Чыгрынаў разам з першым сакратаром ГК КПБ Андрэевым.

Музей жыве і праз чвэрць стагоддзя. Бываючы на Рагачоўшчыне, я абавязкова наведваюся туды. Сярод экспанатаў — дзясяткі афіш і праграмак спектакляў на розных мовах, выданні п’ес, асабістыя рэчы драматурга, яго рукапісы, кнігі з аўтографамі ад сяброў па пяры Івана Шамякіна, Івана Мележа, Янкі Брыля, Пімена Панчанкі, Максіма Лужаніна, Генадзя Бураўкіна. У музеі ёсць здымкі, дзе Андрэй Ягоравіч з літаратарамі, з маці першага касманаўта планеты Юрыя Аляксеевіча Гагарына Ганнай Цімафееўнай. Партрэты маці пісьменніка Маланні Міхайлаўны, бацькі Ягора Сяргеевіча. Карціны з намаляванай хатай, у якой жыў Макаёнак, старая Журавіцкая школа, дзе ён вучыўся. Тут жа яго бюст, вялікі партрэт, з якога глядзіць удумлівы, прыгожы чалавек… На вясковай плошчы запланавана ўсталяванне помніка.

Ёсць і мой экспанат, якім ганаруся. У 1984 годзе пабываў у Журавічах, занатаваў успаміны знаёмых Андрэя Макаёнка. Добра, што паспеў гэта зрабіць, бо людзі не вечныя, а запісанае застаецца…

* * *

Хвядос Цімафеевіч Румянцаў, на той час настаўнік-пенсіянер:

— Хоць я выкладаў не літаратуру, а хімію і біялогію, Андрэй у школьныя гады часта прыходзіў, пытаўся: «А не чыталі?..» Да чытання ён быў мастак. Пагаворым. Абмяркуем. Ён недалёка ад школы жыў. Тая хата і сёння стаіць. Яе купілі Макаёнкі, калі пераехалі з вёскі Борхаў, дзе нарадзіўся пісьменнік. Бацьку, Ягора Сяргеевіча, прызначылі тады акурат старшынёй журавіцкага калгаса. Добра помню, як паказаў мне Андрэй сваю першую п’есу. Не цярпелася ведаць яму — ці спадабаецца? П’еса, шчыра скажу, мне спадабалася. Толькі некалькі пытанняў усё ж мелася… І адно з іх: «Чаму ты, Андрэй, пра французаў напісаў? Хіба ў нас герояў сваіх мала?» Ён усміхнуўся, прамовіў у адказ: «І пра вас напішу!» Напісаў. І добра напісаў. А потым тая першая п’еса — «На досвітку» — была пастаўлена, і я парадаваўся за свайго былога вучня ад шчырага сэрца.

Любіў Андрэй Ягоравіч парыбачыць. Ехалі мы на Дняпро, ён там усе мясціны ведаў — нарадзіўся ж, лічыце, ледзь не на самым беразе ракі. У мяне звычайныя вуды, у яго — спінінг. Запомнілася, як аднойчы, падчапіўшы шчупака, крычаў Макаёнак на ўвесь бераг: «Злавіў!» Радаваўся, бы малое дзіця. Умеў ён радавацца… У мяне на кніжнай паліцы два томікі ягоных твораў. Часта бяру ў рукі, перачытваю. І быццам з самім Андрэем размаўляю…

Праскоўя Васільеўна Гатальская, на той час загадчыца мясцовай аптэкі:

— Помню сорак чацвёрты год. Я вучылася тады ў сёмым класе. Камсамольскі білет мне ўручаў Андрэй. Вы прабачце, што я ў размове ўсё Андрэй ды Андрэй… Яго ўсе ў нас так называлі. Нават тады, калі ўжо вядомым пісьменнікам стаў. Бо свой жа ён быў і ёсць. Прывёз неяк Андрэй паказаць нам сваю п’есу. З Мінска артысты былі. Калі пачалі яны граць, адзін чалавек, пазнаўшы сябе ў адмоўным героі, дэманстратыўна падняўся і пакінуў залу. А выпісаны ж ён быў як на партрэце. У «Лявонісе на арбіце», да слова сказаць, мы ўсіх герояў пазналі, хоць былі схаваны яны драматургам пад іншымі прозвішчамі. Наш, наш ён пісьменнік. Журавіцкі.

Галіна Рыгораўна Мацвейчык, на той час настаўніца-пенсіянерка:

— У 1952 годзе памёр мой бацька, дырэктар мясцовай дзесяцігодкі. З Андрэем яны былі ў добрых адносінах. Таму паведамілі яму аб вялікім горы, хоць і не спадзяваліся, што прыедзе. Калі яму там? Чалавек заняты. А ён прыехаў. На могілках слова сказаў, пасля нас суцяшаў. Калі наведваўся ў Журавічы, абавязкова зазіраў. Паедзе — і сумна. Бы страчана нешта.

Вера Уладзіміраўна Волкава, на той час настаўніца-пенсіянерка:

— Андрэй сябраваў з маім братам Колем. Нярэдка разам урокі рабілі, а потым падоўгу разглядвалі картачкі, якія майстравалі самастойна. І смяяліся: «На каго гэта мы падобны, а?» А пазней і добра ў іх пачало атрымлівацца. Коля на Курскай дузе загінуў. 23 гады было яму… І не помню я такога выпадку, каб, будучы ў нашай вёсцы, не забег Андрэй да нас. Пасядзіць крыху, Колю ўспомніць, разам з намі пабядуе і заспяшаецца. Вядома ж, багата ў яго людзей, да якіх хацелася зайсці. Яму ў кожнай хаце былі рады…

Васіль ТКАЧОЎ, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter