Якi ансамбль, якiя песнi!..

Музыка i песня ў душы, у сям’i, на сцэне, у жыццi...

Музыка i песня ў душы, у сям’i, на сцэне, у жыццi. Запаветная мара маладосцi, творчае хваляванне, натхненне i ўзнёсласць праз усе гады. Менавiта гэта вызначае самаадданую працу i неадольныя iмкненнi Галiны Мацяс, мастацкага кiраўнiка знакамiтага народнага вакальнага ансамбля «Памяць сэрца». З iм Галiна Мiхайлаўна працуе ўжо звыш дзесяцi гадоў, мае Гран-пры II Усесаюзнага конкурсу харавых дырыжораў. Нарадзiлася ж у Брэсце, закончыла Акадэ­мiю музыкi нашага славутага прафесара Вiктара Роўды, народнага артыста СССР.

— У нашым ансамблi спяваюць ветэраны вайны, працы, Узброеных сiл, — расказвае Галiна Мiхайлаўна. — У рэпертуары — песнi ваеннай пары, народныя, народаў Садружнасцi, класiчныя творы, мастацкае чытанне. Многае, пра што спяваюць, перажылi самi, таму кожны выканаўца аддае слухачам столькi трапяткiх пачуццяў, такую глыбокую пранiкнёнасць, што людзi не могуць стрымаць слёз. Асаблiва былыя партызаны, калi слухаюць сваю любiмую «Лясную песню».

Ансамбль працуе на базе Палаца культуры ветэранаў. Яго дырэктар Яўген Барсукоў падкрэслiвае, што «Памяць сэрца» — самы цiкавы, самабытны i папулярны сярод сямi iншых творчых калектываў. Некаторым яго ўдзельнiкам — цяжка нават i паверыць — ужо больш як 80. А як спяваюць! I колькi спяваюць! Ансамбль двойчы выязджаў у раёны, што пацярпелi ад чарнобыльскай катастрофы, дзе даў 28 канцэртаў. Выступленнi не толькi ў сталiцы, але i ў iншых гарадах, вёсках рэспублiкi, на месцах былых партызанскiх стаянак, баёў, аперацыi «Баграцiён». Яго не раз запрашалi выступаць на розных урадавых мерапрыемствах. Таму заслужана i па праву «Памяць сэрца» — лаўрэат i дыпламант многiх прэстыжных конкурсаў, аглядаў, лаўрэат прэмii Федэрацыi прафсаюзаў Беларусi.

Цяпер, у сувязi з падрыхтоўкай да 65-годдзя Вялiкай Перамогi, ансамбль асаблiва запатрабаваны. Гераiчнае i трагiчнае ў гiсторыi нашага народа, цяжкiя выпрабаваннi i ахвяры роднай Беларусi, мужнасць i гераiзм, святая памяць аб тых, хто аддаў сваё жыццё за наша сённяшняе… Пра гэта — хвалюючая, вечная музыка i песнi, што дораць нам ветэраны. I самыя для iх прыемныя хвiлiны тыя, калi перад чарговым канцэртам Галiна Мiхайлаўна ласкава, душэўна ўсмiхаецца, быццам падбадзёрваючы iх, i кажа: «Ну што, мае сябры, будзем спяваць».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter