Спявачка Вольга Сотнікава-Рамос прыязджала ў родны Мінск з сольным канцэртам з Мексікі

Як здзяйсняюцца мары

Кацярына Мядзведская

Спявачка Вольга Сотнікава-Рамос прыязджала ў родны Мінск з сольным канцэртам з Мексікі


Оперная спявачка разам з дачкой Мілай Тамарай паўдзельнічала і ў другім Фэсце мастацтваў беларусаў свету. На Радзіме Вольга Сотнікава не была ўжо амаль дзевяць гадоў. Сёлета ж вырашыла правесці адпачынак у Беларусі, сустрэцца з бацькамі ўжывую, а не ў скайпе, пазнаёміць іх з сямігадовай Мілай Тамарай. “Мексіка ж — не блізкі свет, часта не прыедзеш, — уздыхала зямлячка, калі мы гутарылі. — А ў наступны раз збіраемся ў Беларусь ужо з мужам і ўсімі трыма дзецьмі”.

Самая юная ўдзельніца Фэсту Міла Тамара з мамай і бабуляй
Самая юная ўдзельніца Фэсту Міла Тамара з мамай і бабуляй. Фота Кацярыны Мядзведскай

Так здарылася, што аднойчы паспяховая спявачка, салістка Белдзяржфілармоніі з першага позірку закахалася ў іншаземнага прыхільніка. А ён, не доўга думаючы, прапанаваў беларускай прыгажуні руку і сэрца. Вольга згадзілася, аднак і не ўяўляла, што з канцэрта ў Польшчы, дзе сустрэлася з будучым мужам, трапіць аж у Мексіку. “Цікава: я з дзяцінства марыла пабываць у гэтай краіне, — расказвае артыстка. — Цяпер жыву там, кожны дзень бачу горы і акіян. Сонца пякучае, а ежа лёгкая і смачная”. Хоць ёй усё даспадобы ў новым жыцці, аднак часам тужыць па бярозках, рэчках з чысцюткай вадою, па доме, дзе вырасла, парку пры ім, па любых кутках Мінска. І сёлета, як прыехала, не магла надыхацца родным паветрам, нахадзіцца па знаёмых з дзяцінства сцежках, наглядзецца ў вочы бацькоў ды нагаварыцца з імі... А матуліным пачастункам ніякая ў свеце кухня не раўня. “Гэта ж і пірог з яблыкамі, і мясны салат, і дранікі, і блінчыкі з тварагом… — згадвае Вольга. — Дачка аж прыцмоквае ад бабуліных страваў. Як вернемся, адразу на рысава-кукурузную дыету сядзем, бо, адчуваю, у сцэнічныя касцюмы не ўлезем ні я, ні дачка”.

Канцэртная дзейнасць у Вольгі ў Мексіцы даволі актыўная, і ў Мінск яна прыехала з сольным канцэртам: у Белдзяржфілармоніі прадставіла праграму “З любоўю з Мексікі”. Гледачоў было шмат, а яна і не чакала, што трошкі нефальмальнае выступленне, не вельмі характэрнае для яе, зала прыме на “ўра”.

Вольга Сотнікава спявае на многіх мовах, і з асаблівай асалодай па-беларуску. Мексіканцы, па яе словах, у захапленні: цікавяцца, хто такія беларусы, што за краіна. Шмат расказвае яна пра Радзіму і студэнтам на занятках у Акадэміі музыкі ў горадзе Талука: там выкладае вакал. Па-за праграмай знаёміць маладых спевакоў з музычнай спадчынай Беларусі. Так і жыве: выкладае музыку, выступае з сольнымі канцэртамі, супрацоўнічае з філармоніяй у Мексіцы, музыкамі-інструменталістамі, канцэртмайст­рамі. Ёсць і праекты з сімфанічным аркестрам філармоніі Талукі.

Вольга Сотнікава-Рамос з дачкою ў Мінску
Вольга Сотнікава-Рамос з дачкою ў Мінску. Фота Кацярыны Мядзведскай

І ў сям’і ўсё добра. Каханы муж Марка Антоніа, які працуе ў сферы камп’ютарнай тэхнікі, узяў на сябе фінансавае забеспячэнне сям’і. Радуюць дзеці. Дачка Міла Тамара займаецца спевамі, грае на скрыпцы. Разам з маці яна выступала і ў Мінску,  пры- тым была самай юнай удзельніцай Фэсту мастацтваў. Хлопчыкі-блізняты Павел Антоніа і Марыя Эрнэста, якім па чатыры гады, больш цягнуцца да тэхнікі і, як бацька, цікавяцца камп’ютарам. Але і спяваюць добра, на гітары вучацца граць.

Дарэчы, у Мексіцы, па словах Вольгі, у пашане трывалыя роднасныя сувязі. Ім з мужам пашанцавала мець вялікую радню: у мужа 12 братоў і сясцёр, у якіх ужо свае сем’і. У святы збіраюцца разам, на ранча бацькоў. “Уявіце сабе: 56 самых блізкіх людзей прызджаюць у бацькоўскі дом! — не стрымлівае эмоцый  Вольга. — Разам гатуем, прыбіраем, у садзе наводзім парадак, і потым самае цікавае: смех, весялосць, гумар, танцы і музыка. Мае дзеці заўсёды ў цэнтры ўвагі. Хлопчыкам на галовы — самбрэра, бяруць свае маленькія гітары, а Мілачка спявае”. У такія хвіліны, гаворыць жанчына, становіцца вельмі радасна і прыходзіць адчуванне, што ўсё ў жыцці атрымалася: муж, дзеці, праца... Ды яшчэ ж хочацца, вельмі хочацца, каб побач у гэтай вялікай сям’і былі і яе, Вользіны, родныя: маці, тата, брат ды пляменнікі. “І хто ведае, — усміхаецца Вольга, — можа так яно калі-небудь і будзе”.“Праграма была цікавая, шматплынная, вясёлкавая — нібы сама Мексіка, — заўважае Вольга. — Я выконвала і любімыя оперныя арыі, і песні, рамансы мексіканскіх кампазітараў. Былі і прэм’еры беларускіх аўтараў: раманс Ганны Казловай “Сон кахання”, новы твор Аліны Безянсон”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter