Як у народных абрадах выкарыстоўваліся манеты?

Манеты з-за ўласцівасці металу, з якога былі выраблены, сімвалізавалі шэраг уласцівасцей і якасцей, напрыклад здароўе, пладавітасць і г. д

Манеты з-за ўласцівасці металу, з якога былі выраблены, сімвалізавалі шэраг уласцівасцей і якасцей, напрыклад здароўе, пладавітасць і г. д.

Так, на вяселлі дарылі медныя манеты і прымаўлялі: “Дарую медзі, каб дзеці былі, як мядзведзі”. Або так: “Вось табе серабро, каб мець дабро. Вось табе медзь, каб дзяцей мець”.

А пасля таго, як маладым падарылі грошы, іх акуратна загортвалі ў ручнік або льняную сурвэтку і  прасілі маладых ці бацькоў на іх пасядзець. Маўляў, каб у маладых заўсёды ў запасе былі грошы і ніколі не пераводзіліся.

Пры першым рытуальным купанні дзіцяці ў начоўкі клалі медную або срэбную манету: клапаціліся пра будучыню,  дабрабыт і здароўе малога.

Манеты выкарыстоўвалі падчас калядных варожбаў: запякалі ў хлебе, клалі ў чыгун з кашай, пад падушку, у крынічную ваду. Ва ўсіх сітуацыях той, хто станавіўся ўладальнікам гэтай незвычайнай манеты, лічыўся ўдачлівым на працягу года: яго мары  абавязкова спраўдзяцца.

Існавала нямала спосабаў, якія, па меркаванні продкаў, дапамогуць прымножыць багацці. Здаўна вядомы звычай кідаць манеты на дно крыніцы каля культавых будынкаў: храмаў, манастыроў і інш. у надзеі на паляпшэнне свайго дабрабыту.

Пры будаўніцтве хаты ў падмурак абавязкова закладвалі адну-дзве манеты і прымаўлялі: “Каціся ў кут срэбра, у хату на дабро”.

Падчас улазін разам са збожжам на падлогу кідалі і некалькі манет, пры гэтым гаварылі так: “Выкупляю хату не жыхарамі, а грашамі”.

Каб быць з грашамі на працягу года, нашы продкі раілі патрэсці-пазвінець манетамі ў кішэні, калі вясной першы раз пачуеце зязюлю, пералічыць усе наяўныя ў хаце грошы на Каляды або Вялікдзень, падчас святочных службаў у храме абавязкова трымаць у кішэні трохі дробных манет ці папяровых грошай.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter