Як стаць «рэспублiканцам»?

Прыемна было атрымаць запрашэнне ў госці ад педагогаў і дырэктара сярэдняй школы № 4 г. Віцебска Наталлі Дані-лавай з нагоды Дня друку

Прыемна было атрымаць запрашэнне ў госці ад педагогаў і дырэктара сярэдняй школы № 4 г. Віцебска Наталлі Дані-лавай з нагоды Дня друку. 

Нашай агульнай гасцёўняй стала актавая зала навучальнай установы. Каб павіншаваць журналістаў з Днём друку і бліжэй пазнаёміцца з жыццём “вялікай” прэсы, школа “выкраіла” цэлую гадзіну на незвычайны ўрок. Справа ў тым, што ў СШ № 4 г. Віцебска яшчэ са снежня 2003 года выдаецца ўласная газета пад назвай “Школьная авеню”. Тыраж у яе, праўда, сціплы – 50 ці 60 экзэмпляраў. Затое друкуецца школьная газета, як і ўсе “дарослыя” выданні, у Віцебскай абласной тыпаграфіі па ўсіх правілах і запатрабаваннях сучаснай паліграфіі і выглядае не горш, чым астатнія газеты, што прадаюцца ў газетных кіёсках. Анонс аднаго з нумароў  “Школьнай авеню” прадстаўлены, напрыклад, такімі рубрыкамі: “Новости”, “Размышления”, “Путешествия”, “Поэтическая страничка”, “Слово выпускникам”, “Нашим учителям”, “О профессиях”, “Кроссворды” і г.д. 

Аднак вернемся да галоўнай падзеі. Наша сустрэча з прыхільнікамі друкаванага слова і сапраўды нагадвала незвычайны ўрок. Ваш уласны карэспандэнт хоць і сядзеў у прэзідыуме, аднак не стаў навязваць мадэль традыцыйных адносін настаўніка і вучняў. Адбылася жывая, імправізаваная размова ў форме пытанняў і адказаў з абодвух бакоў. Вучні і педагогі  распытвалі пра журналісцкую працу, цікавіліся, як выпускаецца газета, вывучаюцца пісьмы і скаргі, ці існуе паміж газетамі канкурэнцыя, ці добра зарабляюць журналісты, ад чаго залежыць аплата іх працы, як выбіраюцца тэмы для публікацый і як яны распрацоўваюцца, ці абавязкова заканчваць журфак, каб стаць прафесійным журналістам... 

Урэшце, немагчыма пералічыць усе пытанні, якія паступілі з залы. Як і немагчыма было даць вычарпальныя і “шматвектарныя” адказы на іх, бо гадзіна сустрэчы праляцела, бы некалькі хвілін. Галоўнае, што мы бліжэй пазнаёміліся і дамовіліся аб працягу дыялога. Шмат размаўлялі на беларускай мове. І гэта прыемна ўразіла. Аказваецца, вялікая заслуга ў тым дырэктара школы, якая з’яўляецца па адукацыі настаўніцай беларускай мовы і літаратуры і  імкнецца пасеяць зярняты павагі да роднага слова. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter