Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Маладыя пабраліся шлюбам у сібірскім Іркуцку паводле беларускай вясельнай традыцыі

Як нявесту Вольгу выкуплялі

Калі яна даведалася пра яго беларускія родавыя карані, то вырашыла: пойдзе замуж “па-беларуску”. Так і сталася на час вяселля: была яна Маладая Вольга, ён — Малады Станіслаў.

Вольга на беларускім вяселлі
фота андрэя сямакіна

Абрад “Выкуп нявесты” — а гэта ж важная частка беларускага вяселля — ладзіў у адным з кафэ Іркуцкі моладзевы клуб “Крывічы”, кіраўнік якога добра вядомы ў Прыангар’і. Алег Рудакоў — беларус родам з Полаччыны, шмат гадоў вывучае, шануе і пашырае нацыянальныя звычаі беларусаў у Сібіры. “Глыбінны сэнс выкупу ў тым, што дзяўчына сыходзіць з сям’і бацькоў — а гэта, калі браць да ўвагі сялянскі менталітэт нашых продкаў, ёсць страта для гаспадаркі: сыходзяць рабочыя рукі, — распавядае Алег. — Цяпер яна будзе жыць у іншым месцы, дапамагаць іншым людзям, а за тое патрэбна ж нейкая кампенсацыя”. Даўней выкупы былі, кажуць, вельмі істотныя. Гэта маглі быць карова ці конь, а то ж і некалькі, ці дзясятак авечак, нейкія іншыя выгоды. З часам традыцыя стала на вяселлі сімвалічным напаўжартам-дзействам: у якасці выкупу родзічам маладой прапануюць гарэлку, цукеркі, пернікі, ну i грошы — куды ж без іх.

Аднавіць увесь размах, прыгажосць і глыбіню вясельнага абраду ў гарадскіх умовах — няпроста. У беларускіх паселішчах нявесту, бывае, і сёння выкупляюць у некалькі этапаў, часам на тое сыходзіць паўдня. Перш за ўсё шлях вясельнаму поезду маладога (а гэта некалькі вазоў, у нашым часе машын з сябрамі ды сваякамі) заступаюць суседзі нявесты, якія не запрошаныя на вяселле.

Дзеля таго часам спецыяльна выведваюць: у які час, па якой дарозе паедзе картэж. Каб яго спыніць, на дарогу выносяць доўгія лаўкі ці слупы. Там жа, пасярод вуліцы, ставяць стол з бутэлькай гарэлкі. Далей пачынаўся гандаль: “Хто такі да нас едзе? Мы нікога тут не чакаем... Забірайце вы нашу гарэлку ды едзьце сабе назад, па-добраму пакуль!” Світа жаніха, натуральна, спрабавала ўсімі праўдамі- няпраўдамі ліквідаваць бар’ер, прарвацца, угаворвалі іх прапусціць. У выніку дамаўляюцца на нейкі выкуп: часцей за ўсё гэта тая ж гарэлка “на ўсе чатыры нагі стала, каб не быў кульгавы”, а то і ў большых аб’ёмах, а таксама ўсякія пачастункі-прысмакі. Дарэчы, калі вёска вялікая, то поезду Маладога даводзіцца пераадольваць і некалькі суседскіх кардонаў.

Жаніха з яго сябрамі абвязалі ручніком
фота андрэя сямакіна

Потым, ужо на парозе хаты бацькоў нявесты, шлях жаніху перагароджвае кампанія са сваякоў Маладой — мужчынскага полу. І ля накрытага ручніком стала, зноў жа з гарэлкай, пачынаўся падобны дыялог пра купца й тавар. “Што за прыгожы хлопец да нас завітаў?” — “Ды вось гэты багаты купец хоча набыць добры тавар”. — “О, калі ласка! Толькі ж добры тавар дорага каштуе...” Ну й гэтак далей. Карацей, сваякі Маладой стараюцца па поўнай: бяруць з жаніха выкуп ці ледзь не за кожны ягоны крок насустрач каханай. Калі ж ёсць ужо згода з хлопцамі, то Малады з яго сябрамі трапляюць пад чары баярак — сябровак нявесты. У дзвярным праёме яны выстаўляюць брамы: два ствалы бярозы, перавязаныя чырвонымі ды белымі ніткамі. Чырвоныя сімвалізуюць яркае і насычанае жыццё, белыя — дабрабыт. Яшчэ дзяўчаты спрабуюць збіць жаніха з панталыку, прапаноўваючы яму замест нявесты адну з сябровак. Расхвальваюць і сябе на ўсе лады... Жаніх, натуральна, адмаўляецца, і тады яго “круцяць” на розныя прысмакі — у якасці водкупу.

Калі й гэты “бар’ер” пройдзены, у справу ўмешваюцца прадстаўнікі старэйшага пакалення. Жаніха ды яго бліжэйшых сяброў яны абвязваюць ручніком, пачынаюць распытваць: “Вось забярэш ты нашу дзяўчыну... А ці зможаш ты яе забяспечваць, клапаціцца пра яе?” Толькі пасля станоўчага адказу да Маладога выводзяць яго нарачоную. Прычым выводзяць бацька і маці.

Далей на вяселлі ў Іркуцку быў яшчэ цэлы россып усялякіх прыгожых абрадаў, а таксама танцы, песні, пачастункі... Напрыклад, прыгожы й вельмі сімвалічны абрад звязаны з пераабуваннем нявесты. Жаніх прыносіць абранніцы чаравічкі, набытыя на свае грошы. Сам здымае стары абутак, абувае ёй новы. Тым ён паказвае, што бярэ цяпер на сябе адказнасць за дабрабыт дзяўчыны. А бліжэй да канца цырымоніі будучая свякроў расплятае нявесце валасы і здымае з яе галавы вянок, павязвае хустку. І адкрытыя валасы, і вянок — сімвалы незамужняга, вольнага жыцця Маладой. Так яе ўпрыгожылі перад пачаткам вяселля маці альбо старэйшая сястра, цяпер жа валасы трэба схаваць пад хустку: такая ў замужніх беларускіх жанчын раней была традыцыя. І яна зберагаецца ў вясельным абрадзе. Многія абрады на беларускім вяселлі праходзяць пад песні — так было і ў Іркуцку: хораша спявалі “Крывічы”. І практычна ўсе песні трошкі тужлівыя — бо нявеста ж развітваецца з роднымі, з незамужнім сваім жыццём, з сяброўкамі, “едзе ў чужую старану”. Дарэчы, у народнай традыцыі наконт гэтага было строга: на працягу года маладой, што пабралася шлюбам, забаронена было не толькі прыязджаць у родную хату, але й бачыцца з бацькамі! Наведваць жа яе, ды й то нячаста, могуць хіба толькі старэйшая сястра ці брат.

Ну а рэшткі грошай з, скажам так, выкупнога фонду маладыя (ужо разам) аддавалі напрыканцы вяселля за дугу. Яна ўпрыгожана стужкамі, бантамі ды сімвалізавала пачатак, росквіт і заканчэнне жыцця. Святочную дугу потым ставілі замест старой на павозку, у якой прыехаў Малады. Потым дуга заставалася ў хаце, і яе захоўвалі — як абярэг сямейнага жыцця.

Ад рэдакцыі

Гэты артыкул, змешчаны ў адной з іркуцкіх газет, даслаў нам з прапановай перадруку з дапрацоўкай Алег Рудакоў. Што мы й робім, бо, як сцвярджае наш даўні сябар, “гэта першае сапраўднае беларускае Вяселле ў Іркуцку!!”.Спасылку на тэкст у нэце — там шмат здымкаў — таксама падаем: http://baikal-info.ru/gorilka-cukerki-i-perniki  На пытанні рэдакцыі Алег адказаў: “Сцэнар вяселля — мой, але склаў яго я згодна з беларускай традыцыяй. З “Крывічаў” паўдзельнічала ў абрадзе чацвёра: Воля Галанава, Таня Чарапанава, Алеся Стасевіч ды я. Малады — Станіслаў Ягельскі, прычым ён з гонарам запэўнівае ўсіх, што прозвішча ў яго — ад знакамітага князя-караля Ягайлы, які, на яго думку, безумоўна беларус. Карані ягоных бабулі-дзядуля з боку бацькі — з-пад Віцебска, і ён спрабуе ўдакладніць канкрэтыку. Станіслаў і ягоная жонка Вольга перыядычна прыходзяць на мерапрыемствы ў наш клуб “Крывічы”, але пакуль не з’яўляюцца актывістамі. Па прафесіі Станіслаў праграміст”.

Застаецца павіншаваць беларусаў Іркуцка з добрым — вясельным — пачынам, а пары маладой — жадаем жыць у ладзе ды згодзе доўгія гады. І ў Беларусь, на гістарычную Бацькаўшчыну роду Ягельскіх, наведвацца.

Андрэй Сямакін, г. Іркуцк

Голас Радзімы № 12 (3564), чацвер, 29 сакавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter