Як «Мацарэла» ў масле

Маладзечанскі малочны радуе нас сусветна вядомымі сырамi

Пасля паспяховай мадэрнiзацыi Маладзечанскі малочны камбінат радуе спажыўцоў сусветна вядомымi сырамi

Зараз гэта моцная вытворчасць уключае ў сябе філіялы ў Маладзечне, Валожыне, Вілейцы і пасёлку Нарач Мядзельскага раёна. За пяць гадоў, якія камбінат існуе як інтэграваная структура, там на справе ўбачылі перавагі гэтага аб’яднання, што, як перакананы генеральны дырэктар Уладзімір Бобрык, і дазволіла стварыць дакладную спецыялізацыю і вырабляць тую прадукцыю, якая запатрабавана на рынку і эканамічна выгадна прадпрыемству.

— Зараз мы маем магчымасць перанакі-роўваць сыравіну. Сёння эканоміка складваецца на карысць вырабу сухіх прадуктаў і масла, таму ўся «свабодная» сыравіна па максімуму пастаўляецца ў Валожынскі філіял. Там загружаем магутнасці і за кошт гэтага эфектыўна працуем на эканоміку, — адзначае Уладзімір Бобрык.

У Валожынскім філіяле цалкам завершана мадэрнізацыя вытворчасці сухіх прадуктаў — малочных сумесяў і хуткарастваральнага малака. Прычым прадукцыя атрымліваецца вельмі высокай якасці, яна запатрабавана замежнымі спажыўцамі. Да сезона «вялікага малака» завершыцца рэканструкцыя сыраробчай лініі, якая будзе спецыялізавацца на вытворчасці сыроў расійскай групы, частка тэхналагічнага абсталявання пастаўлена ў філіял.

На сырах галандскай групы сканцэнтравалі сваю ўвагу ў Маладзечне. Там закончана рэканструкцыя сырцэха, працуе новае абсталяванне. 

— Асаблівасць лініі — дробнапарцыённыя сыры. Мы прывыклі, што галандскі ці расійскі сыр — гэта вялізныя галоўкі, што не заўсёды зручна, а зараз прадпрыемства выпускае іх вагой да двух кілаграмаў. На рынку адразу ж убачылі зацікаўленасць гаспадынь, — расказвае гендырэктар.

Не без гонару кіраўнік камбіната гаворыць і пра маладзечанскую «Мацарэлу» і нарачанскі «Ракфорці», якія не толькі добра прадаюцца, але і папаўняюць скарбонку прад-прыемства ўзнагародамі самых прэстыжных конкурсаў.

У ліку найбольш буйных інвестыцыйных праектаў, якія рэалізавалі апошнім часам на камбінаце, — вытворчасць біягазу, для якога ў якасці сыравіны выкарыстоўваюцца кіслая сыроватка і сцёкі малочнага прадпрыемства. Гэта першая такая ўстаноўка ў краіне, і зманціравана яна ў Вілейскім філіяле. Як вынік — задавальняецца палова патрэб прадпрыемства ў электраэнергіі і папярэджваецца ўзнікненне экалагічных праблем.

Уладзімір Бобрык перакананы, што інтэграцыя некалькіх прадпрыемстваў у буйную структуру дазваляе надзейна іх падтрымліваць і развіваць, а праз гэта эфектыўна манеўраваць у вытворчым плане — на камбінаце створана глыбокая перапрацоўка малочнай прадукцыі. Больш таго, там зараз нават існуюць запасы магутнасцей.

— Так атрымалася, што мы па тэмпах мадэрнізацыі абагналі вытворчасць сыравіны і зараз адчуваем яе пэўны дэфіцыт. Галоўнае, гэта сведчыць пра тое, што вытворчы патэнцыял камбіната вельмі высокі, — упэўнены генеральны дырэктар.

Па выніках дзесяці месяцаў мінулага года аб’ём вытворчасці ААТ «Маладзечанскі малочны камбінат» склаў 758 млрд. рублёў, што на 30,2 % больш, чым за адпаведны папярэдні перыяд. На экспарт адгружана прадукцыі на 51 млн. долараў ЗША — 145 % да ўзроўню папярэдняга года.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter