Семейная история художника Рыгора Ситницы

Яго першы фотаздымак

Вядомы беларускi мастак Рыгор Сiтнiца беражлiва дастае з альбома маленькi фотаздымак i, перш чым пачаць гаварыць, доўга ўглядаецца ў выяву маладзенькага салдата ў пiлотцы з зоркай.


— Мой бацька — Яўмен (адмыслова падкрэслiваю iмя) — быў прызваны ў войска ў вераснi 1944-га, калi Беларусь ужо была вызвалена ад немцаў. У войску ён стаў Сямёнам. Далажыў нейкаму камандзiру, што радавы Яўмен Сiтнiца прыбыў… Камандзiра здзiвiла незнаёмае iмя, i ён назваў Яўмена Сямёнам, бо ведаў маршала Сямёна Будзёнага. Такое iмя i запiсалi ў ваенным бiлеце. 

Каб трапiць у войска, бацька змянiў год свайго нараджэння. Ён з 1926‑га, а давялося запiсаць, што з 1925-га… А цяпер давай паспрабуем уявiць сямнаццацiгадовага падлетка, якога бяруць з палескай вёскi i кiдаюць у сапраўднае пекла, у мясарубку… Таму, калi я гляджу на гэты маленечкi фота­здымак, то i праслязiцца магу…

Ягоным шчасцем было тое, ён сам так казаў, што патрапiў у цяжкую артылерыю i служыў пры гаўбiцы. Да лiнii фронту было некалькi кiламетраў. Магчыма, гэта i ўратавала яму жыццё. Бо пяхота гiнула вельмi хутка… Раней нам казалi, што ў Беларусi загiнуў кожны чацвёрты, а цяпер сцвярджаецца: кожны трэцi… Але цi магчыма палiчыць усiх? Неверагодная цана ў той перамогi! 

Гэта цi не самы першы бацькаў здымак. На iм ён у старой, зношанай гiмнасцёрцы, зашмальцаванай пiлотачцы… Умовы цяжкiя, антысанiтарыя, вошы… Спалi як давядзецца, бо ўвесь час войскi iшлi ў наступленне i часу на адпачынак не было. Бацька расказваў, што, калi пасля пяхоты артылерысты траплялi ў вызваленыя гарадкi, яму даводзiлася дапамагаць санiтарам збiраць тое, што засталося ад салдатаў… Я i сёння дзiўлюся, як гэты вясковы юнак перанёс тыя жорсткiя выпрабаваннi i застаўся добразычлiвым i светлым чалавекам.

Аднойчы нашы вызвалiлi невялiкi нямецкi гарадок, i камандзiры дазволiлi салдатам пахадзiць па iм i пажывiцца чым можна. I мой будучы бацька пайшоў. У адным з двароў ён пачуў галасы дзяцей. Гаварылi мала таго што па-беларуску, дык i неяк вельмi знаёма. Так толькi ў палескай вёсцы i гавораць. Ён забег у той двор i знайшоў знаёмых дзяцей. Сярод iх была тая, якая стала маёй мамай…

— Рыгор, а з гэтага месца, калi ласка, падрабязней.

— Яна яго пазнала… Пагаварылi, узрадавалiся… Дзецям тым было па дванаццаць-трынаццаць гадоў. Немцы iх вывезлi ў Германiю, дзе iм даводзiлася шмат i цяжка працаваць. Спачатку ў злоснага гаспадара, а потым iх выкупiў iншы фермер. У таго хоць i працавалi шмат, але ён iх добра кармiў i спалi ў чыстым.

Бацька дайшоў да Берлiна. Кажа, што нават i распiсаўся на нейкiм будынку. Падыйшоў прызыўны ўзрост, i яму давялося яшчэ чатыры гады служыць. У вёску прыехаў у 1949-м, а тая Надзя, якую ён сустрэў у Германii, падрасла i яго чакала… У 1951-м яны ажанiлiся.

Вось такая сямейная гiсторыя пра маленькi фотаздымак.

ladzimir@tut.by 

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter