Яе галоўны дзень

Кнігі Святланы Алексіевіч добра вядомыя нашаму чытачу — “У вайны не жаночы твар”, “Цынкавыя хлопчыкі”, “Чарнобыльская малітва”...
Кнігі Святланы Алексіевіч добра вядомыя нашаму чытачу — “У вайны не жаночы твар”, “Цынкавыя хлопчыкі”, “Чарнобыльская малітва”... Кнігі-ўзрушэнні, кнігі, у якіх даецца слова чалавеку, які трапіў у экстрэмальныя абставіны — вайна, катастрофа, крушэнне палітычнай сістэмы, крах унутры самой асобы. І з гэтых маналогаў Святлана складае партрэт эпохі і, больш за тое, агульначалавечай гісторыі.


Апошняя кніга Алексіевіч “Час сэканд-хэнд” выйшла паралельна ў многіх краінах. У свой час гэты дакументальны раман назвалі галоўнай па­дзеяй уплывовага ў літаратурным свеце Франкфурцкага кніжнага кірмашу. Кніга — пра постсавецкае пакаленне. Пра пакутлівы пералом свядомасці. А яшчэ пра годнасць і гонар, пра гістарычную несправядлівасць і ўменне прабачаць, пра псіхалогіі ахвяр і катаў.

Барацьба за Нобелеўскую прэмію была, дарэчы, з годнымі прэтэндэнтамі. Другое месца букмекеры аддавалі суперпапулярнаму японскаму пісьменніку Харукі Муракамі, на чале спіса знаходзіліся таксама кенійскі пісьменнік і драматург Нгугі Ва Тхіёнга, амерыканская пісьменніца і празаік Джойс Кэрал Оўтс, нарвежскі драматург і празаік Юн Фасэ і амерыканскі пісьменнік Філіп Рот.

Першая прэс-канферэнцыя пісьменніцы ў якасці нобелеўскага лаўрэата ў Мінску сабрала вялікую колькасць карэспандэнтаў з розных выданняў і розных краін. Пісьменніца нагадала, што яе настаўнікі — Васіль Быкаў і Алесь Адамовіч, які ёй “ставіў голас” у літаратуры.

— Я хацела б, каб беларусы ганарыліся гэтай прэміяй. Таму што гэта ж не я адна зрабіла, гэта — і мае героі, мае бацькі, мой прадзед, які вучыўся разам з Якубам Коласам. Гэта агульнае гуманітарнае назапашванне. Я не лічу, што гэта асабіста маё дасягненне. Але добра, што гэта адбылося.

На пытанне, як яна ставіцца да аглушальнага поспеху, Святлана адказала, што публічныя рэчы яе не закранаюць: галоўнае адбываецца ўнутры чалавека.

Цырымонія ўзнагароджання новых нобелеўскіх лаўрэатаў пройдзе 10 снежня, у дзень смерці заснавальніка прэміі — шведскага прадпрымальніка і вынаходцы Альфрэда Нобеля.

Так, Святлана заўсёды творыць на тэрыторыі ўнутранай свабоды, яна, што называецца, “не дзяржаўнік” у вузкадактрынальным разуменні, яна — мастак, які разважае пра глабальныя праблемы быцця, пра жыццё і смерць. І не баіцца гаварыць і пісаць тое, пра што думае. Чым перыядычна выклікае з розных бакоў агонь на сябе, правакуючы браджэнне негатыву ў калялітаратурных тусоўках, густа замяшанае на зайздрасці. Зрэшты, як гаварыў беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч, маланка б’е толькі ў высокія дрэвы. “Праўду не любіць ніхто”, — паўтарае сама пісьменніца. Для кагосьці яна была недастаткова беларускай, паколькі піша на рускай мове. Нядаўна на яе апалчылася каравул-патрыятычная літаратарская тусоўка, палічыўшы недастаткова лаяльнай да ідэй “рускага свету”. Было шмат пустой траскатні. Але перамагае ж у канчатковым выніку мастацтва! Прысуджэнне Нобелеўскай прэміі расставіла кропкі над “i”. Асабіста я лічу, галоўнае — Святлана Алексіевіч — беларуская пісьменніца! І дзякуючы ёй наша літаратура, наша культура і краіна атрымалі небывалае прызнанне. І што мы з вамі прысутнічаем пры гістарычнай падзеі. Можа быць, нехта з беларускіх пісьменнікаў у будучыні таксама атрымае Нобелеўскую прэмію. Але Алексіевіч была першай, і гэта застанецца на скрыжалях вечнасці.

Людміла Рублеўская


Прэзідэнт павіншаваў Святлану Алексіевіч


Лаўрэату Нобелеўскай прэміі
Алексіевіч Святлане Аляксандраўне


Паважаная Святлана Аляксандраўна!

Прыміце мае віншаванні з прысуджэннем Нобелеўскай прэміі па літаратуры за 2015 год. Ваша творчасць не пакінула абыякавымі не толькі беларусаў, але і чытачоў у многіх краінах свету. Шчыра рады за Ваш поспех.

Вельмі спадзяюся, што Ваша ўзнагарода паслужыць нашай дзяржаве і беларускаму народу. Жадаю Вам здароўя, шчасця і новых творчых дасягненняў на карысць роднай Беларусі.


Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр ЛУКАШЭНКА

8 кастрычніка 2015 года
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter