Ядвiга, Марта, Марыля…

Жорсткiя  забойствы,  якiя  адбылiся  больш  чым  500  гадоў  таму,  даследуюць...  артысты  Купалаўскага

Жорсткiя  забойствы,  якiя  адбылiся  больш  чым  500  гадоў  таму,  даследуюць...  артысты  Купалаўскага

На закрыццё сезона Нацыянальны акадэмiчны тэатр iмя Янкi Купалы прапануе гледачам новы спектакль. 30-га i 31 лiпеня адбудзецца паказ дэтэктыўнай гiстарычнай драмы  “Ядвiга” па п’есе Аляксея Дударава ў пастаноўцы мастацкага кiраўнiка тэатра народнага артыста Беларусi Валерыя Раеўскага. Дарэчы, у гэтым месяцы Валерый Мiкалаевiч адзначыў 35-годдзе з таго часу, як стаў галоўным рэжысёрам Купалаўскага.

Яго новая работа – чарговы зварот да падзей нашай далёкай гiсторыi i працяг увасаблення гэтай тэмы на купалаўскай сцэне. Пастаноўка “Ядвiга” стане завяршальнай часткай своеасаблiвага трыпцiха пастановак па п’есах Аляксея Дударава ўслед за спектаклямi “Князь Вiтаўт” i “Чорная панна Нясвiжа”.

Як расказалi ў тэатры, дзея новага гiстарычнага дэтэктыва адбываецца ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм у XVI стагоддзi. У цэнтры спектакля лёс дачкi слыннага шляхцiца Русiноўскага – Ядвiгi i яе сясцёр Марты i Марылi. Даследуюцца жорсткiя забойствы, якiя адбылiся больш як 500 гадоў таму на Ашмяншчыне.

Галоўныя ролi выконваюць Валянцiна Гарцуева, Вiкторыя Чаўлытка, Андрэй Кавальчук, Мiкалай Прылуцкi. У спектаклi занята большасць трупы Купалаўскага тэатра, у тым лiку народныя артысты Беларусi Генадзь Гарбук, Мiкалай Кiрычэнка, Арнольд Памазан.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter